Зась паедзе ўрэгулёўваць армяна-азербайджанскі канфлікт

АДКБ накіруе ў Арменію місію для ацэнкі сітуацыі. Узначаліць яе генеральны сакратар арганізацыі і былы дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась. Пра гэта ўдзельнікі арганізацыі дамовіліся на сесіі Савета арганізацыі, якая была праведзена ў рэжыме відэаканферэнцыі вечарам 13 верасня.

1663125086_67410304_cc98_4837_8d9b_d04ffab88ad9.jpeg


Як адзначаецца ў паведамленні на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы АДКБ, парадкам дня сесіі было абмеркаванне «абвастрэння сітуацыі ў асобных раёнах на мяжы Арменіі і Азербайджана і аказання садзейнічання ва ўрэгуляванні сітуацыі».

У пасяджэнні прынялі ўдзел прэм'ер-міністр Рэспублікі Арменія Нікол Пашынян, прэзідэнт Рэспублікі Казахстан Касым-Жамарт Такаеў, прэзідэнт Кыргызскай Рэспублікі Садыр Жапараў, прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін, прэм'ер-міністр Рэспублікі Таджыкістан Кохір Расулзода, дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Вальфовіч.

«Прэм'ер-міністр Рэспублікі Арменія праінфармаваў удзельнікаў сустрэчы аб сітуацыі, якая склалася ў асобных раёнах на мяжы Арменіі і Азербайджана, дзе пачынаючы з паўночы 13 верасня 2022 года адбыліся баявыя сутыкненні з ужываннем цяжкага ўзбраення і БПЛА, у выніку чаго ёсць загінулыя і параненыя. Удзельнікі пасяджэння выказалі спачуванні армянскаму боку.

Усе ўдзельнікі пасяджэння СКБ выказалі занепакоенасць абвастрэннем становішча, што адбылося ў рэгіёне і выказаліся за яе ўрэгуляванне выключна палітыка-дыпламатычнымі сродкамі на аснове агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і дамоўленасцяў, замацаваных у трохбаковых заявах лідараў Азербайджана, Арменіі і Расіі ад 9 лістапада 2020 года. Былі цалкам падтрыманы пасрэдніцкія намаганні Расійскай Федэрацыі, накіраваныя на стабілізацыю абстаноўкі ў рэгіёне.

Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным даведзена інфармацыя да членаў СКБ аб дадатковых практычных кроках расійскага боку, накіраваных на дээскалацыю напружанасці, якая ўзнікла», – гаворыцца ў паведамленні.

Падчас сесіі была дасягнутая дамоўленасць накіраваць у Арменію місію АДКБ на чале з Генеральным сакратаром Станіславам Засем з удзелам начальніка Аб'яднанага штаба АДКБ генерал-палкоўніка Анатоля Сідарава і прадстаўнікоў дзяржаў — членаў арганізацыі «для ацэнкі сітуацыі, падрыхтоўкі грунтоўнага дакладу кіраўнікам дзяржаў на чарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі (правядзенне якой плануецца восенню ў Ерэване) аб сітуацыі ў рэгіёне і выпрацоўкі прапаноў па дээскалацыі ўзніклай напружанасці».

Станіслаў Зась

Станіслаў Зась

На сустрэчы таксама было ўзгоднена прапанова аб стварэнні Рабочай групы з ліку супрацоўнікаў Сакратарыята і ваеннаслужачых Аб'яднанага штаба для пастаяннага маніторынгу сітуацыі ў зоне адказнасці АДКБ.

Характэрна, што цяпер кіраўніком Савета калектыўнай бяспекі АДКБ з'яўляецца менавіта Нікол Пашынян — прэм'ер-міністр Арменіі. Нягледзячы на гэта, Азербайджан праводзіць ваенную аперацыю ў Арменіі, што, уласна, паказвае ступень аўтарытэту АДКБ і яго «міратворчага кантынгенту» ў свеце.

Пасяджэнне АДКБ было ініцыяванае Ерэванам на фоне абвастрэння ў ноч на 13 верасня армяна-азербайджанскага канфлікту. Армянскі бок сцвярджае, што пад агнём аказаліся некалькі вёсак. Загінулі каля 50 вайскоўцаў. У Баку таксама заявілі пра гібель 50 вайскоўцаў і абвінавацілі армянскі бок у абстрэлах тэрыторыі Азербайджана.

13 верасня прэзідэнту Азербайджана Ільхаму Аліеву патэлефанаваў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Аліеў у размове адзначыў, што напружанасць у рэгіёне ўзнікла праз правакацыі з боку Арменіі.

Блінкен таксама перагаварыў па тэлефоне з прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам. Кіраўнік Дзярждэпартамента падкрэсліў неабходнасць адводу ўзброеных сіл і запэўніў, што Вашынгтон будзе дамагацца мірнага ўрэгулявання паміж Баку і Ерэванам.

Прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Нед Прайс заклікаў усе залучаныя боку, у тым ліку Расію, згуляць ролю ў урэгуляванні канфлікту мірным шляхам.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў бакі да дыялогу.

Кіраўнік Еўрапейскага знешнепалітычнага ведамства Жазэп Барэль падчас тэлефоннай размовы з кіраўніком МЗС Азербайджана Джэйхунам Байрамавым паведаміў, што 14 верасня ў рэгіён накіруецца спецпрадстаўнік ЕС па Паўднёвым Каўказе.

У Ерэване ў ноч на сераду ля будынка парламента сабраліся людзі з патрабаваннем адстаўкі прэм'ер-міністра краіны Нікола Пашыняна праз гібель жаўнераў у канфлікце. Людзі плануюць заўтра перакрыць пад'езды да будынка.

Акрамя таго, Арменія звярнулася ў Еўрапейскі суд па правах чалавека з патрабаваннем прымянення прамежкавых мер у дачыненні да Азербайджана. Пададзеныя заявы тычацца абстрэлаў мірных населеных пунктаў, абароны асноўных правоў грамадзянскага насельніцтва і ваеннапалонных.

Азербайджанскі бок катэгарычна адмаўляе дачыненне да абстрэлу грамадзянскай інфраструктуры.

Паводле ВВС, Радыё Св*бода, Reform.by