Украінскія памежнікі: Ударнай групоўкі ў Беларусі няма, аднак абстаноўка на мяжы нагнятаецца

Паводле інфармацыі ўкраінскіх памежнікаў, пагроза ўварвання на паўночным кірунку застаецца, і ўсе сілы бяспекі і абароны Украіны, якія знаходзяцца на мяжы з Беларуссю, гатовыя да развіцця любых сітуацый.

14rvvtgrih_big.jpg.2303c35ec76a5e7ac60044b2ab3e4a31.jpg


Пра гэта заявіў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка на брыфінгу адносна аператыўнай сітуацыі на межах Украіны, перадае «УНІАН».

Ён адзначыў, што цяпер непасрэдна на мяжы з Беларуссю не адзначаецца змен у абстаноўцы і яна застаецца кантраляванай. У прыватнасці, Узброеныя сілы Беларусі працягваюць мерапрыемствы па прыкрыцці мяжы, іх колькасны склад не мяняецца, як і характар іх дзеянняў.

Паводле інфармацыі Дземчанкі, падраздзяленні, якія знаходзяцца на гэтым кірунку, мяняюцца на ратацыйнай аснове. Аднак Беларусь не перастае падтрымліваць узброеную агрэсію Расіі супраць Украіны, прадастаўляючы сваю тэрыторыю, сваю паветраную прастору і інфраструктуру.

«Акрамя гэтага, мы фіксуем і нагнятанне сітуацыі з боку як Расіі, так і Беларусі, у тым ліку — стварэнне так званай агульнай групоўкі войскаў і перакіданне войскаў і сродкаў краіны-агрэсара ў Беларусь. І хоць пакуль стварэнне такой ударнай групоўкі, якая магла б ажыццявіць уварванне на тэрыторыю Украіны з Беларусі, не адзначаецца, аднак мерапрыемствы гэтымі краінамі, на жаль, мэтанакіравана праводзяцца», — адзначыў Дземчанка.

Ён падкрэсліў: Украіна добра разумее, што Расія ўсяляк спрабуе ўцягнуць Беларусь у поўнамаштабную вайну. «Пры гэтым улады Беларусі публічнымі заявамі спрабуюць перакласці адказнасць на Украіну, што быццам бы мы з'яўляемся агрэсарам у дачыненні да гэтай краіны», — сказаў Дземчанка.

Прадстаўнік ДПСУ адзначыў, што пагроза на гэтым кірунку застаецца, і ўсе сілы бяспекі і абароны Украіны, якія ахоўваюць і абараняюць мяжу з Беларуссю, гатовыя да развіцця любых сітуацый.

Паводле яго слоў, як і мяжа з краінай-агрэсарам, так і мяжа з Беларуссю, а таксама ўчастак мяжы з Малдовай на Прыднястроўскім сегменце цяпер значна ўзмоцнены.

У дачыненні да ўчастка мяжы з Беларуссю Дземчанка падкрэсліў, што памежнікі і сілы абароны ў цэлым надаюць максімум увагі гэтаму кірунку, каб не дапусціць абвастрэння сітуацыі, эскалацыі і, калі будзе адбывацца нейкае нагнятанне абстаноўкі, даць адэкватны адказ.


Нагадаем, з першых дзён поўнамаштабнага ўварвання Лукашэнка даў Пуціну тэрыторыю краіны ў якасці ваеннага палігона. Менавіта з Беларусі рушылі першыя танкі акупантаў на поўнач Украіны.

Цяпер расійскія вайскоўцы выкарыстоўваюць паветраную прастору рэспублікі для нанясення ракетных удараў па ўкраінскіх гарадах.

Вядома, што Беларусь рамантуе для акупантаў пабітую вайсковую тэхніку, служыць «хабам» для перакідання тэхнікі для ўзмацнення сіл акупантаў ва Украіне, а таксама дазволіла размясціць у сябе іранскія дроны.

Заходнія аналітыкі адзначаюць, што дадатковыя сілы УС РФ у Беларусі неабходныя Расіі для адцягнення групоўкі ўкраінскіх сіл на паўночных межах.