«Сцены падаюць, крамлёўская таксама не вечная». УСУ запісалі зварот да беларускага народа
Узброеныя сілы Украіны запісалі чарговы відэазварот да беларускага народа і вайскоўцаў. «Украіна ніколі не пагражала і не пагражае Беларусі», — падкрэсліваюць ва УСУ.
«Стагоддзямі нашы народы звязвалі сяброўскія і добрасуседскія адносіны. Шмат разоў у нашай гісторыі мы разам змагаліся супраць агульных ворагаў, заўсёды падтрымлівалі адзін аднаго і жылі ў міры. Сёння вашае кіраўніцтва рыхтуецца далучыцца да расійскай узброенай агрэсіі супраць Украіны, збіраецца ўцягнуць беларускі народ у брудную вайну, запляміць крывёю і смерцю.
Пад выглядам праверак пачалася прыхаваная мабілізацыя грамадзян Беларусі для камплектаванняў агульнай з РФ групоўкі на мяжы з Украінай. Украіна ніколі не пагражала і не пагражае Беларусі.
З 24 лютага тэрыторыя вашай дзяржавы выкарыстоўваецца для нанясення ракетных, авіяцыйных і артылерыйскіх удараў па тэрыторыі Украіны. Праз тэрыторыю Беларусі здзейсніўся наступ на Кіеў. Украіна дагэтуль ні разу не адказала на падобныя агрэсіўныя дзеянні. Сяброўства паміж нашымі народамі мы цэнім вышэй магчымасцяў адказаць на злачынныя рашэнні вашага кіраўніцтва.
У сваіх заявах Аляксандр Лукашэнка гаворыць аб неіснуючых пагрозах і гатоўнасцях да прэвентыўных дзеянняў. Відавочна, гэтым ён спрабуе прыкрыць магчымасць уступлення вашай краіны ў вайну супраць Украіны. Загад наступаць атрымае сумесная групоўка. І нават калі беларускія вайскоўцы адмовяцца ваяваць супраць брацкага ўкраінскага народа, расійская частка сумеснай групоўкі можа пацягнуць іх за сабой.
Калі войска Беларусі падтрымае расійскую агрэсію, мы адкажам. Адкажам таксама жорстка, як адказваем усім акупантам на тэрыторыі Украіны. З выкарыстаннем усяго арсенала ўзбраенняў, нанясеннем удараў па ваенных аб'ектах на тэрыторыі вашай краіны.
Мы не хочам гэтага. Мы заклікаем усіх грамадзян Беларусі не выконваць загады вашага кіраўніцтва аб уступленні ў вайну супраць Украіны, якія з'яўляюцца злачынствам згодна з Канстытуцыяй РБ і норм міжнароднага права.
Мы заклікаем вас не падзяляць адказнасць за ваенныя злачынствы, ужо здзейсненыя расійскім войскам ва Украіне. Мы заклікаем вас не хаваць вашых сыноў, мужоў, бацькоў, братоў, якія загінуць за амбіцыі і страх Пуціна і Лукашэнкі страціць сваю ўладу.
Дыктатары сыходзяць у нябыт, ваенныя злачынцы так ці інакш аказваюцца на лаве падсудных. Сцены падаюць, крамлёўская таксама не вечная. Імперыі бурацца, застаюцца народы: звычайныя людзі, якія могуць быць сябрамі, а могуць — ворагамі. Як будзе, залежыць не ад Лукашэнкі ці Пуціна, гэта залежыць ад кожнага з вас.
Калі ж вас нейкім чынам прымусяць перасекчы беларуска-ўкраінскую мяжу са зброяй у руках, не ўжывайце сваю зброю. Спыніцеся, апусціце ствалы ўніз і пачакайце прадстаўнікоў УСУ. У гэтым выпадку па вас ніхто страляць не будзе.
Бог і праўда з Украінай, а вам трэба зрабіць правільны выбар. Мы ўпэўненыя, што вы яго зробіце. Жыве Беларусь! Слава Украіне!».