У Крамлі прызналі, што ўказ аб мабілізацыі дзейнічае і цяпер
Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ўказ Пуціна аб мабілізацыі працягвае дзейнічаць, бо акрамя прызыву ў армію ён «ўключае і іншыя мерапрыемствы».
Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што мабілізацыя ў Расіі нібыта завершана, аднак ёсць важны нюанс: некаторыя палажэнні ўказа аб мабілізацыі працягваюць дзейнічаць. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс».
Па словах Пяскова, мабілізацыя ў Расіі спынілася, калі Мінабароны паведаміла аб выкананні плана па прызыве, аднак сам указ працягвае дзейнічаць, паколькі мабілізацыя «ўключае і іншыя мерапрыемствы».
«Прызыў у рамках частковай мабілізацыі ажыццяўляўся да дасягнення ўстаноўленай колькасці, неабходнай для выканання ўзброенымі сіламі пастаўленых задач. Мінабароны рапартавала аб тым, што вызначаная колькасць была дасягнута, у сувязі з чым прызыў грамадзян у рамках частковай мабілізацыі быў спынены, завершаны», — запэўніў Пяскоў.
«Акрамя прызыву грамадзян на ваенную службу мабілізацыя ўключае і іншыя мерапрыемствы, неабходныя для забеспячэння выканання задач Узброеных сіл. У гэтай частцы гэта [указ] працягвае працаваць», — заявіў спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў на брыфінгу сёння, 23 студзеня.
Пяскоў не ўдакладніў, аб якіх менавіта палажэннях дакумента ён кажа, аднак дадаў, што «гэта тычыцца і таго закрытага пункта». Нагадаем, што ўсяго ва ўказе Пуціна аб мабілізацыі 10 пунктаў, сёмы з якіх схаваны пад грыфам «Для службовага карыстання».
Раней журналісты папрасілі Пяскова пракаментаваць адказ Адміністрацыі прэзідэнта на зварот пскоўскага дэпутата Артура Гайдука, які прасіў Пуціна выдаць указ аб завяршэнні мабілізацыі. У дакуменце, дасланым дэпутату, гаварылася, што дзеянне прэзідэнцкага ўказа аб мабілізацыі працягваецца. У адказ Пяскоў зноў заявіў, што трэба арыентавацца на словы прэзідэнта аб тым, што мабілізацыя ў Расіі завершана. На ўдакладняльнае пытанне, што значыць фраза аб працягу дзеяння ўказа, прэс-сакратар адказаў, што гэта «такая юрыдычная асаблівасць».
Мабілізацыя ў Расіі пачалася ў канцы верасня 2022 года.
21 верасня 2022 года Пуцін абвясціў «частковую мабілізацыю» і падпісаў
адпаведны ўказ. На яго думку, гэта трэба было зрабіць «для абароны нашай краіны
і народа». Згодна з расійскімі ўладамі, мабілізацыя нібыта скончылася ў пачатку
лістапада. У Крамлі заявілі, што набралі ў войска 300 тысяч чалавек, але вырашылі
не выпускаць асобнага ўказа прэзідэнта РФ аб завяршэнні мабілізацыі. Аднак цяпер
высвятляецца, што нічога не скончылася.
Паводле meduza.io, www.interfax.ru