Спецназ, які праваліў заданне

Ірландыя адзначае цікавы юбілей: роўна сто гадоў таму Брытанія беспаспяхова паспрабавала расправіцца з рухам за незалежнасць краіны пры дапамозе фарміраванняў з былых злачынцаў.

irlandyja.jpg

Брытанскія войскі ахоўвалі сцяну ў час ірландскай вайны за незалежнасць або англа-ірландскай вайны ў 1920 годзе. Фота www.criticatac.ro

Звярнуцца па дапамогу да крымінальнікаў Лондан быў вымушаны не ад добрага жыцця. У 1919 го­дзе створаны нацыяналістамі партыі «Шын Фейн» (Sinn Féin) парламент («Шын Фейн» у тыя часы займала 73 са 105 дэпутацкіх месцаў) абвясціў Ірландскую Рэспубліку. Яе вайсковы дэпартамент — Ірландская рэспубліканская армія (IRA) — пачаў партызанскія атакі на брытанскіх сілавікоў і паліцыю. Пры гэтым дзейнічалі рэспубліканцы досыць брутальна. Адзін з лідараў IRA так інструктаваў падпарадкаваных: «Да паліцыі варта ставіцца як да асобаў, якія прызнаныя вінаватымі ў дзяржаўнай здрадзе сваёй краіне».

Трывожныя зводкі з Ірландыі прымусілі кабінет пад кіраўніцтвам Ллойд-Джорджа распрацаваць «бліскучы» план — даслаць на дапамогу паліцыі валанцёраў з былых ветэранаў Першай сусветнай вайны. Акрамя ірландскага пытання такім чынам планавалася вырашыць праблему тых экс-жаўнераў, якія пасля фронту так і не здолелі інтэгравацца ў мірнае жыццё ды, як правіла, сыходзілі ў крымінал.

Пачынаючы са студзеня 1920 года на мурах гарадоў Альбіёну сталі з’яўляцца аб’явы пра пошук мужчынаў «для выканання рызыкоўных і небяспечных задач». Бонусы за рызыкі прапаноўваліся вельмі салідныя — добры заробак, магчымасць кар’еры ў паліцыі і перспектыва атрымаць пенсію. У выніку на пунктах вярбоўкі дэфіцыту ў кандыдатах не было. З часам колькасць навабранцаў дасягнула дзесяці тысяч.

Праз такую хеўру народу ўніформы паліцэйскіх не хапіла. Таму на першы час рэкрутам выдалі гардэроб, які складаўся з зялёнай вопраткі жаўнераў і чорнай вопраткі паліцыі. Такая экстравагантная ўніформа адрознівала новае фарміраванне ад усіх існуючых на той час брытанскіх сілавых структур. Гэта хаатычнае спалучэнне розных відаў формы стала прычынай, паводле якой чальцоў фарміравання стала называць Black and Tans («чорна-пярэстыя»). Так, дарэчы, называлі і адну з мясцовых парод сабакаў.

Прыкладна з 25 сакавіка 1920 года атрады Black and Tans пачалі сваю «контртэрарыстычную аперацыю», каб хутка набыць рэпутацыю неадэкватных карнікаў. У вайне з IRA стаўка рабілася на рэпрэсіі супраць мірнага насельніцтва. Звычайнай практыкай было спальванне дамоў, прадпрыемстваў і фермаў. Некаторыя жылыя будынкі абстрэльваліся з гранатамётаў. Часта ўсё гэта суправаджалася забойствамі і фізічнымі здзекамі. Даходзіла да таго, што Black and Tans самі пачыналі ўдзельнічаць у злачынствах: напрыклад, у снежні 1920 года чацвёра «чорна-пярэстых» былі арыштаваныя за рабаванне банка. Нават міністры кабінета Ллойд-Джорджа прызнавалі, што Black and Tans «робяць рэчы, якія ні адзін англічанін не павінен рабіць».

Кульмінацыя злачынстваў Black and Tans прыпала на 21 лістапада 1920 года, калі баевікі ІRA расстралялі 19 афіцэраў брытанскай арміі ў Дубліне. У адказ «чорна-пярэстыя» былі адпраўленыя на мясцовы стадыён для пошуку вінаватых, дзе на той час праходзіў матч па рэгбі. Па прыбыцці баевікі адкрылі агонь па трыбунах — забілі 12 і паранілі 65 чалавек.

Лютасць Black and Tans у выніку змяніла расклад сілаў на карысць прыхільнікаў незалежнасці. Менавіта гвалт супраць цывільных жыхароў умацаваў у грамадстве антыбрытанскія настроі. Паказальны ліст адной ірландкі да бацькоў, які яна напісала, калі ўбачыла злачынствы Black and Tans: «Як вы ведаеце, год таму я не была прыхільніцай “Шын Фейн”, але цяпер мая пазіцыя змянілася». У верасні 1920 года брытанскае выданне Observer прызнавала, што акцыі Black and Tans спрыялі «вялізнаму паслабленню маральнай пазіцыі Брытаніі ва ўсім свеце».

Нягледзячы на тое, што Лондан намагаўся неяк рэабілітавацца, а некалькі «чорна-пярэстых» былі нават адпраўленыя пад трыбунал, які вынес ім смяротны вердыкт, сітуацыю выратаваць ужо не атрымалася. Па-сутнасці, барацьба супраць Black and Tans стала агульнанацыянальнай справай, што знайшло адлюстраванне ў шматлікіх літаратурных творах. Больш за тое, нейкі час пасля атрымання незалежнасці Ірландыі шматлікія тубыльцы называлі падзеі 1919–1921 гадоў не вайной за незалежнасць, а вайной з чорна-пярэстымі. На той час самі Black and Tans былі ўжо расфарміраваныя.

Праз сто гадоў легенда не выглядае такой стэрыльнай. Гісторыкі знайшлі шмат нестыковак. Так, паводле падлікаў, прыкладна 20 працэнтаў чальцоў Black and Tans складалі этнічныя ірландцы. Няслушным аказаўся міф пра тое, што большасць баевікоў мела крымінальнае мінулае, што яны былі набраныя проста з турмаў. Справа ў тым, што, паводле тагачасных законаў Брытаніі, крымінальнае мінулае пазбаўляла чалавека права працаваць у паліцыі. Увогуле, галоўную адказнасць за злачынствы Black and Tans ахвотна перакладаюць на ўрад Брытаніі, які дадумаўся паслаць на вайну з цывільнымі ўчорашніх жаўнераў, якія, натуральна, дзейнічалі па правілах вайны.

Аднак гэта, хутчэй, частка вузкіх навуковых дэбатаў. Для простых ірландцаў вайна суп­раць Black and Tans застаецца нацыянальным подзвігам. Інакш бы цяпер выданне Еcholive не параўнала баевікоў з… каронавірусам. «Black and Tans былі, бадай, самай смяротнай сілай праціўніка, якую мы бачылі ў гісторыі гэтай краіны і якая ўяўляла пагрозу для нашага ладу жыцця. Адзінай вакцынай было паляванне на іх, пакуль не скончылася вайна. Цяпер Ірландыя аказваецца ў вайне з іншым ворагам, які, праўда, хаваецца. Але мы можам і павінны выйграць вайну, як і сто гадоў таму», — піша Еcholive.