Сі Цзіньпін ужо ў Маскве, дзе збіраецца размаўляць пра мір ва Украіне

Старшыня КНР Сі Цзіньпін прыбыў у Маскву на перамовы з кіраўніком РФ Уладзімірам Пуціным. Збіраюцца абмеркаваць план мірнага ўрэгулявання ва Украіне, прапанаваны Пекінам.

2813075.jpg

Сустрэча Уладзіміра Пуціна і Сі Цзіньпіна адбудзецца сёння прыкладна ў 16:30. Гэта будзе гутарка сам-насам, якая працягнецца за нефармальным абедам. Пра гэта паведаміў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў. Але афіцыйныя расійска-кітайскія перамовы запланаваны на 15 гадзін 21 сакавіка.

Акрамя двухбаковых пытанняў лідары РФ і КНР абмяркуюць план мірнага ўрэгулявання ва Украіне, прапанаваны Пекінам.

«Так ці інакш, тэмы, закранутыя ў гэтым плане, вядома ж, будуць падымацца немінуча ў ходзе абмену думкамі па Украіне. Безумоўна, Украіна будзе фігураваць у парадку дня, таму, вядома, можна смела выказаць здагадку, што так ці інакш закранацца будуць. Але тут, вядома ж, з боку прэзідэнта Пуціна будуць дадзены вычарпальныя тлумачэнні, такія, каб старшыня Сі змог, што называецца з першых вуснаў, атрымаць ад расійскага боку бачанне бягучага моманту», — сказаў Дзмітрый Пяскоў.

Нагадаем, Кітай прэзентаваў свой план «па палітычным вырашэнні ўкраінскага крызісу» ў гадавіну ўварвання Расіі ва Украіну. У плане 12 пунктаў, сярод якіх спыненне агню, пачатак мірных перамоў, павага суверэнітэту ўсіх краін і спыненне аднабаковых санкцый.


Пуцін і Сі Цзіньпін перад сустрэчай у Маскве напісалі артыкулы пра расійска-кітайскія стасункі. У іх ідзе гаворка пра вайну ва Украіне і ролю КНР ва «ўрэгуляванні крызісу».

Так, Сі Цзіньпін у артыкуле для «Расійскай газеты» адзначыў:

Кітай нязменна займае аб'ектыўную і бесстароннюю пазіцыю, прыкладае актыўныя намаганні ў садзейнічанні прымірэнню і мірным перамовам. Агучаныя мной пункты бачання адпавядаюць асноватворным прынцыпам Кітая пры ўрэгуляванні ўкраінскага пытання. Гаворка, у прыватнасці, ідзе аб неабходнасці выконваць мэты і прынцыпы Статута ААН, паважаць слушныя заклапочанасці ўсіх дзяржаў у галіне бяспекі, падтрымліваць усе намаганні, накіраваныя на мірнае ўрэгуляванне ўкраінскага крызісу, і забяспечваць стабільнасць глабальных ланцужкоў вытворчасці і паставак.

Апублікаваная нядаўна «Пазіцыя Кітая па палітычным урэгуляванні ўкраінскага крызісу» з улікам рацыянальных заклапочанасцей усіх бакоў максімальна адлюстроўвае адзінства поглядаў сусветнай супольнасці на пераадоленне ўкраінскага крызісу. Дакумент служыць канструктыўным фактарам у нейтралізацыі наступстваў крызісу і прасоўванні палітычнага ўрэгулявання. Складаныя праблемы не маюць простых рашэнняў.

Мы перакананы, што рацыянальны выхад з украінскага крызісу і шлях да трывалага міру і ўсеагульнай бяспекі ў свеце знойдуцца, калі ўсе будуць кіравацца канцэпцыяй агульнай, комплекснай, сумеснай і ўстойлівай бяспекі, працягваць дыялог і кансультацыі ў раўнапраўным, разважлівым і прагматычным ключы.


Уладзімір Пуцін у сваім артыкуле для «Жэньмінь жыбаа», заявіў, калі коратка, што РФ вітае гатоўнасць Кітая адыграць канструктыўную ролю ў справе ўрэгулявання крызісу. Расія глыбока занепакоена безадказнымі і проста небяспечнымі дзеяннямі, здольнымі падарваць глабальную ядзерную бяспеку, і не прымае нелегітымных аднабаковых санкцый, якія павінны быць адменены. Расія адкрыта да палітыка-дыпламатычнага ўрэгулявання ўкраінскага крызісу. Будучыня мірнага працэсу залежыць выключна ад гатоўнасці да сур'ёзнай размовы з улікам існуючых геапалітычных рэалій. На жаль, ультыматыўныя патрабаванні ў адрас Расіі кажуць толькі аб адарванасці ад такіх рэалій і незацікаўленасці ў пошуку выхаду з сітуацыі, якая склалася.


Нагадаем, за некалькі дзён да візіту Сі Цзіньпіна ў Маскву Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна. У Гаазе заявілі, што прэзідэнт РФ асабіста нясе адказнасць за прымусовую дэпартацыю дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый у Расію.


Паводле «Meduza»