Штэфан Фюле тэрмінова прыляцеў у Кіеў ратаваць віленскі саміт
Для таго, каб падпісанне Дамовы аб асацыяцыі з ЕС адбылося, Кіеву засталося выканаць адну галоўную ўмову — вызваліць з-за кратаў Юлію Цімашэнку. Але асуджаная былая прэм’ер-міністр Украіны дагэтуль застаецца ў вязніцы.
Ратаваць сітуацыю і усю праграму саміту Усходняга партнёрства, які пройдзе ў Вільні 28–29 лістапада, у Кіеў і прыляцеў еўракамісар па пытаннях пашырэння Еўрапейскага саюза і палітыцы добрасуседства Штэфан Фюле. Пра гэта Еўрарадыё распавядае супрацоўнік Прадстаўніцтва ЕС ва Украіне Давід Стулік.
Давід Стулік: “Ён правядзе перамовы з асноўнымі партнёрамі: прадстаўнікамі ўлады — ураду і парламенту, і з прадстаўнікамі апазіцыі. Перамовы будуць наконт магчымасці падпісання Украінай Дамовы аб асацыяцыі на віленскім саміце”.
Падпісанне Дамовы аб асацыяцыі з ЕС Украінай анансавалася як галоўная падзея віленскага саміту. Але каб гэта адбылося, украінскія ўлады мусілі знайсці законныя сродкі для вызвалення былога прэм’ера Юліі Цімашэнкі. Да саміту застаецца 9 дзён, а Вярхоўная рада так і не здолела прыняць закон, які б дазволіў Цімашэнцы выехаць з краіны “на лячэнне”. Непрынятымі, адзначае Давід Стулік, засталіся і законы “Аб пракуратуры” і “Аб выбарах”.
Сёння ва ўкраінскіх парламентароў ёсць апошняя магчымасць для прыняцця гэтых законапраектаў — у Вярхоўнай радзе пройдзе адмысловае пасяджэнне з гэтай нагоды. Ці будзе на ім прысутнічаць Штэфан Фюле, у прадстаўніцтве ЕС не каментуюць. Але спадзяюцца, што законапраекты будуць ухваленыя.
Давід Стулік: “Ёсць пэўная інфармацыя і пэўныя сігналы, што парламент прыме гэтыя два законы — “Аб пракуратуры” і “Аб выбарах”. Што тычыцца трэцяга закону (наконт магчымасці лячэння асуджаных за мяжой. — Еўрарадыё.), то ёсць розныя меркаванні, але выказваюцца спадзяванні, што рашэнне будзе знойдзена і такі закон будзе прыняты. Але наколькі гэта будзе адпавядаць патрабаванням Савета міністраў замежных спраў — гэта пытанне. Вырашаць гэта будуць усе 28 краін Еўрапейскага саюзу — дастаткова гэтага ці не”.
На колькі ў Кіеве затрымаецца еўракамісар Фюле, ва ўкраінскім Прадстаўніцтве ЕС не каментуюць. Як і тое, ці будзе ён сустракацца з кіраўніком краіны Віктарам Януковічам.
Фота — ru.aravot.am