Маск сарваў атаку УСУ на Крым і ўратаваў расійскі флот?
У 2022 годзе заснавальнік Tesla і SpaceX Ілан Маск нібыта таемна даручыў сваім супрацоўнікам адключыць спадарожнікі Starlink побач з узбярэжжам анексаванага Крыма, каб сарваць атаку УСУ на расійскі ваенна-марскі флот. Цяпер Ілан Маск пракаментаваў скандал.
Скандал узнік з-за адмовы кіраўніка SpaceX падтрымаць ваенную аперацыю Узброеных сіл Украіны супраць Чарнаморскага флоту Расіі ў акупаваным Крыме ў 2022 годзе. Паводле слоў Ілана Маска, Украіна тады накіравала тэрміновы запыт на актывацыю Starlink аж да Севастопаля.
Starlink ва Украіне
Як вядома, SpaceX дала Украіне доступ да спадарожнікавай сувязі Starlink адразу пасля поўнамаштабнага ўварвання. Так, першыя тэрміналы былі задзейнічаны 26 лютага 2022 года.
У мінулым годзе SpaceX звярнулася да Пентагона з просьбай прафінансаваць будучую работу тэрміналаў ва Украіне. Кампанія Маска заявіла, што ёй даводзіцца траціць грошы не толькі на забеспячэнне бесперабойнай сувязі, але і на кіберабарону ад расійскіх хакераў, якія пастаянна спрабуюць узламаць сістэму.
Ілан Маск і яго любоў да Расіі
Ілана Маска часта абвінавачваюць у спрыянні інтарэсам Расіі і сімпатыях да Уладзіміра Пуціна. Але гэтым разам СМІ ўзарваліся сапраўднай інфармацыйнай бомбай. Нібыта Маск сарваў атаку УСУ на расійскі ваенна-марскі флот. Пра гэта гаворыцца ў біяграфіі Ілана Маска, якую напісаў Уолтар Айзексан.
У кнізе сярод іншага распавядаецца, што бізнесовец нібыта таемна адключыў Starlink ля берагоў Крыма, каб сарваць атаку падводных беспілотнікаў на Украіну. Працу Starlink абмежавалі, калі ўкраінскія марскія беспілотнікі, начыненыя выбухоўкай, ужо набліжаліся да расійскага флоту.
У біяграфіі ўдакладняецца, што ўкраінскія ўлады спрабавалі пераканаць Маска аднавіць працу спадарожнікаў, але ён адмовіўся і заявіў, што гэтай атакай Кіеў «заходзіць занадта далёка». У выніку дроны, якія страцілі сувязь, выкінула на бераг і расіяне захапілі цэлыя экзэмпляры ўкраінскіх аквадронаў, піша CNN.
Калі верыць Айзексану, рашэнне Маска было прадыктавана асцярогай, што расійскія ўлады могуць адказаць на «міні Перл-Харбар» ядзернай зброяй. У кнізе гаворыцца, што гэты страх у бізнесоўца выклікалі размовы з высокапастаўленымі расійскімі чыноўнікамі.
«Starlink не быў прызначаны для ўдзелу ў войнах. Ён быў зроблены для таго, каб людзі маглі глядзець Netflix, расслабляцца, падлучацца да інтэрнэту ў школе і рабіць добрыя мірныя справы, а не наносіць удары дронамі», — сказаў Ілан Маск у інтэрв'ю Уолтару Айзексану для кнігі.
У сацыяльнай сетцы Х (былы Твітар) Маск удакладніў, што не адключаў спадарожнікавую сувязь Starlink для беспілотнікаў-камікадзэ ў Чорным моры, але адмовіліся ўключаць яе там па патрабаванні Украіны: «Рэгіёны дзеяння Starlink, пра якія ідзе гаворка, не былі актываваны. SpaceX нічога не дэактывавала», — напісаў Маск.
У мікраблогу бізнесоўца Марыё Ноўфала Маск адзначыў, што «ад дзяржаўных улад [Украіны] быў тэрміновы запыт актываваць Starlink аж да Севастопаля». Аднак ён адказаў Кіеву адмовай праз асцярогі «эскалацыі канфлікту».
«Відавочна, што мэта была — патапіць большую частку расійскага флоту, які стаяў на якары. Калі б я пагадзіўся на іх просьбу, то SpaceX была б замяшана ў найбуйнейшым вайсковым акце і эскалацыі канфлікту», — заявіў Маск.
Што за размовы Маска з чыноўнікамі?
Паводле звестак «The New Yorker», Маск распавядаў прадстаўнікам Пентагона, што асабіста размаўляў з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. У прыватнасці, Маск успамінаў пра свае кантакты з Пуціным падчас тэлефоннай размовы ў кастрычніку 2022 года з Колінам Калем, які тады займаў пасаду намесніка міністра абароны ЗША.
Размова Каля і Маска адбылася менавіта пасля таго, як украінскія вайскоўцы сутыкнуліся з адключэннем сувязі, якую забяспечвалі тэрміналы Starlink кампаніі SpaceX.
Як адзначае« The New Yorker», да восені 2022 года Маска ўсё больш пачаў турбаваць той факт, што яго тэхналогія выкарыстоўвалася для вайны. У верасні на канферэнцыі ў Аспене, штат Каларада, Маск «здавалася, нават выказаў падтрымку Уладзіміру Пуціну». Ён быў на сцэне і сказаў: «Мы павінны весці перамовы. Пуцін хоча міру — мы павінны весці перамовы аб міры з Пуціным», — цытуе Маска заснавальнік сацсеткі Linkedin Рыд Хофман, які прысутнічаў на мерапрыемстве. Праз тыдзень Маск апублікаваў у Твітары сваю версію «мірнага плана», які прадугледжваў, што Крым застаецца пад кантролем Расіі, а на акупаваных тэрыторыях Украіны адбываецца новае галасаванне.
Да жаху чыноўнікаў Пентагона, адзначае «The New Yorker», Маск заявіў, што асабіста размаўляў з Пуціным. Са слоў аднаго з суразмоўцаў выдання, бізнесовец казаў пра гэта за некалькі тыдняў да таго, як апублікаваў у Твітары свой «мірны план». Ён казаў, што яго кансультацыі з Крамлём былі рэгулярнымі.
Паводле ВВС, ua.korrespondent.net, www.unian.ua