Літва дазволіла ўехаць па гуманітарным калідоры 205 беларусам
Па загадзе міністра ўнутраных спраў Літвы Рыты Тамашунене, на дадзены момант па гуманітарных прычынах выдадзены дазволы на ўезд у Літву 205 беларусам, 54 з іх ужо прыбылі ў краіну.
Такі дазвол МУС выдае на аснове матываванай прапановы МЗС краіны аб прыбыцці замежнікаў па гуманітарных прычынах (напрыклад, у сувязі з палітычнымі абставінамі або па прычыне іншай пагрозы). Такія дазволы выдаюць пацярпелым ад рэжыму і рэпрэсій, а таксама грамадзянам Беларусі, што сутыкнуліся з ганеннямі, актыўным прадстаўнікам апазіцыі.
"Як толькі ў суседняй краіне пачаліся масавыя пратэсты, мы падрыхтавалі план мер і да гэтага часу ўважліва сочым за сітуацыяй у Беларусі. Мы гатовыя і ў далейшым аказваць дапамогу грамадзянам Беларусі, якія маюць патрэбу ў абароне з-за пагроз і палітычных абставінаў", — сказала Тамашунене.
Грамадзяне Беларусі, якія хочуць прыехаць у Літву па гуманітарных прычынах, павінны звярнуцца ў пасольства Літвы па шэнгенскую візу і прадаставіць інфармацыю, якая пацвярджае асаблівыя гуманітарныя акалічнасці.
Шэнгенская віза дазваляе прыехаць на тэрыторыю Шэнгена і правесці тут не больш за 90 дзён са 180. Акрамя таго, грамадзяне Беларусі, якія сутыкнуліся з пераследам або рэальнай пагрозай, могуць, прыехаўшы ў Літву, даць заяву на атрыманне прытулку. На дадзены момант Літва атрымала такія заяўкі ад 16 грамадзян Беларусі.
delfi.lt