Краіна без тытуню
Мінуў месяц, як туркменскі прэзідэнт Гурбангулы Бердымухамедаў фактычна забараніў у краіне продаж тытуню. Што змянілася за час гераічнай барацьбы з нікацінам?
Калі не лічыць, што загад Бердымухамедава больш чым удвая ўзняў кошты на цыгарэты (пачак «Marlboro» падаражэў з 8,5 да 20 долараў), знешне змянілася няшмат. Проста таму, што антытытунёвы крыжовы паход быў пачаты яшчэ два гады таму, і за гэты час тытунь даўно стаў дэфіцытам. Пры гэтым дасюль не зразумела, чаму менавіта тытунёвай тэме ўлада прысвячае столькі ўвагі. Туркмены не належаць да нацый, дзе тытунь уяўляе маштабную пагрозу. Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (WHO), толькі 8% насельніцтва краіны пакутуюць на залежнасць ад цыгарэт. Гэта самы нізкі нацыянальны паказчык ва ўсім свеце.
Так ці інакш, кампанія стартавала, і спачатку, як і бывае ў аўтарытарных краінах, абмежавалася выключна прапагандай. Сапраўдная «жэсць» пачалася ў пачатку мінулага года, калі на пасяджэнні Саўбезу (!) Бердымухамедаў «ператрахнуў» некалькіх чыноўнікаў за паслабленне кантролю над тытунёвым рынкам і прыгразіў ім адстаўкай. Каталог тытунёвых вырабаў у крамах адразу зменшыўся. У сярэдзіне гэтага года манаполія на іх рэалізацыю была ўвогуле цалкам перададзеная дзяржаўным крамам.
Дарэчы, і там знайсці тытунь было цяжка. Як следства, час ад часу каля табачных крамаў выбухалі масавыя бойкі за права набыць цыгарэты. Эмоцыі давялося гасіць выключна з дапамогай паліцыі. Пры гэтым паліцыянтам таксама часцяком даставалася ад курыльшчыкаў.
Завоблачныя кошты на тытунь прывялі да адраджэння такой практыкі, як продаж цыгарэт паштучна. Кожная цыгарэта, што патаемна прадаецца ў прыватных крамах, каштуе 4 маната (прыкладна $1,2). У выніку падаражання цыгарэт некаторыя людзі набываюць цыгарэту нават «на адну зацяжку», у складчыну.
Яшчэ ў мінулым годзе ў краіне паўстаў чорны рынак тытуню, дзе можна набыць такі даўно забыты рарытэт, як «махорка». Звычайная такса — адзін манат за шклянку махоркі. Можна набыць яе і ў форме гатовых цыгарак, аднак ужо за тры манаты.
Калі верыць апазіцыйным медыя, гандаль махоркай зараз — адна з самых квітнеючых бізнес-сфераў. Паколькі ніякіх стандартаў вырабу махоркі няма, туды могуць дадаваць любы кампанент, уключаючы лісты дрэваў ды іншыя расліны. У сеціве шмат скаргаў на тое, што набытая з рук махорка кепска ўплывае на здароўе і ледзь не адразу пасля палення выклікае праблемы з дыханнем.
Махорачны бізнес квітнее, нягледзячы на патэнцыйныя рызыкі. Пры выяўленні вытворчасці самапальнага тытуню ўлады спальваюць прадукцыю і накладаюць вялікі штраф. Чакае штраф і тых, хто паспрабуе правезці ў краіну вялікую партыю цыгарэт. Калі ў багажы аказваецца больш за два пачкі, дык пасажыра, кажуць, штрафуюць на 500 манатаў ($143).
Цікава, што закладнікам буму на махорку стала старажытная туркменская традыцыя ўжываць нас — тая ж махорка, але «жавальная», якую кладуць пад язык. Вытворчасць насу (для яго патрэбны якасны тытунёвы прадукт) не прыносіць вялікага гешэфту. Значна прасцей і выгадней знайсці пакупнікоў на сумесь тытуню з нейкімі незразумелымі дадаткамі.
Нават у самой WHO яўна не ў сваёй талерцы ад таго, што робіцца ў Туркменістане. Яшчэ ў мінулым годзе супрацоўнікі арганізацыі канстатавалі, што пазітыўная антытытунёвая статыстыка ў гэтай краіне дасягаецца не тлумачальна-прафілактычнай працай сярод насельніцтва, а з дапамогай забаронных мер і ўзмацнення жорсткасці пакарання ў дачыненні да ўсіх, хто прадае тытунёвыя вырабы і хто не можа пазбавіцца ад гэтай шкоднай звычкі.
Напэўна, з улікам падобнай крытыкі, як паведамляе форум сайта «Хроніка Туркменістана», мясцовыя ўлады ўсё ж вырашылі праявіць клопат аб правах курцоў. Чакаецца, што тытунёвая прадукцыя па фіксаванай цане будзе адпускацца па талонах з разліку тры пачкі ў месяц на чалавека.
Цікава, што антытытунёвыя мерапрыемствы Ашхабада спрыялі фармаванню пазітыўнага іміджу рэжыму Бердымухамедава сярод часткі жыхароў краін СНД. У тым ліку на беларускіх інтэрнэт-форумах можна знайсці шмат кампліментаў на адрас аўтараў туркменскай кампаніі супраць тытунёвай залежнасці. Падаецца, гэта заўважылі і мясцовыя палітыкі. Нядаўна расійскі сенатар Ігар Чарнышоў унёс у Дзярждуму чарговыя — больш жорсткія — папраўкі ў дзеючае антытытунёвае заканадаўства. На думку сенатара, у дадатак да забароны «курылак» унутры памяшканняў расіянам трэба забараніць паліць і на вуліцы. Праўда, ініцыятар паправак на першы час прапануе абмежаваць забароненую для курцоў вулічную зону 15 метрамі ад грамадскіх будынкаў.
Што тычыцца Туркменістана, дык будучыня цяперашняй кампаніі, безумоўна, залежыць ад аднаго чалавека — кіраўніка дзяржавы Гурбангулы Бердымухамедава, праз асабістыя бзікі якога яна, відавочна, і пачалася. Калі ў Бердымухамедава імпэт не пройдзе, не выключана, што Туркменістан сапраўды стане першай у свеце краінай, якая цалкам знішчыла курэнне. Рэпрэсіўны апарат для выканання такой задачы існуе. Аднак таксама не выключана, што ў туркменскага гаранта з’явіцца новая слабасць, і тады ў гэтай сферы пачнецца нейкая нармалізацыя, пошук балансу паміж дзяржаўнай палітыкай і чорным рынкам. Дарэчы, днямі туркменскія ўлады заняліся рэгламентацыяй школьнай вопраткі. Можа, Бердымухамедаў забыўся пра тытунь і вырашыў падацца ў мадэльеры?