Кенія: пратэсты супраць падвышэння падаткаў, падпалены парламент, забітыя маніфестанты

Пратэсты пачаліся пасля таго, як дэпутаты прынялі спрэчны законапраект аб увядзенні новых і вельмі непапулярных падаткаў. Урад вырашыў сабраць дадаткова 2,7 мільярда долараў ЗША падаткаў, каб выплачваць міжнародныя пазыкі. Цяпер толькі выплаты па працэнтах паглынаюць 37% падатковых збораў Кеніі, піша ВВС.

Большасць удзельнікаў пратэстаў склалі маладыя людзі, па якіх фінансавы крызіс ударыў мацней за ўсё. Фота AFP

Большасць удзельнікаў пратэстаў склалі маладыя людзі, па якіх фінансавы крызіс ударыў мацней за ўсё. Фота AFP

У сталіцы Кеніі Найробі загарэлася частка будынка, у якім знаходзіцца парламент краіны. Пажар пачаўся праз некалькі хвілін пасля таго, як пратэстоўцы супраць новага падатковага заканадаўства прарваліся праз паліцэйскія кардоны.

Паліцыя спачатку беспаспяхова спрабавала разагнаць шматтысячны натоўп слёзатачывым газам і вадамётамі, а затым пачала страляць.

Кенійская нацыянальная бальніца паведаміла ў сваім акаўнце ў сетцы Х, што ў яе дастаўляюць пацярпелых удзельнікаў пратэстаў.

«Каля поўдня да нас пачалі паступаць ахвяры дэманстрацыі ў цэнтральным дзелавым раёне. На дадзены момант да нас паступіла 45 чалавек, з іх сем жанчын з рознымі траўмамі. Лячэнне і аперацыі пацярпелых працягваюцца. На гэты момант да нас не паступалі людзі, якія загінулі падчас пратэстаў», — гаворыцца ў заяве.

Як распавёў Кенійскі навінавы сайт The Standard, кіраўнік паліцыі Найробі Адамсан Бунгей пацвердзіў, што некаторыя пратэстоўцы атрымалі сур'ёзныя траўмы.

Мясцовая тэлекампанія KTN, спаслаўшыся на медработнікаў, перадала паведамленне пра восем загінулых. Журналіст Reuters налічыў як мінімум пяць целаў забітых пратэстоўцаў, а фельчар Вівіан Ачыста сказала агенцтву, што застрэленыя прынамсі 10 чалавек.

Камісія па правах чалавека Кеніі заявіла, што такія «дзеянні [паліцыі] непрымальныя і ўяўляюць сабой сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека». 

Паліцэйскі кардон ля парламента. Паводле апошніх паведамленняў, паліцыі ўдалося адціснуць пратэстоўцаў. Фота, AFP

Паліцэйскі кардон ля парламента. Паводле апошніх паведамленняў, паліцыі ўдалося адціснуць пратэстоўцаў. Фота, AFP

У сацсетках з'явіліся фатаграфіі парламентарыяў, якім давялося тэрмінова эвакуявацца з абложанага будынка, і падпаленай паліцэйскай машыны.

Пратэсты прайшлі і ў іншых гарадах краіны. Большасць прадпрыемстваў у Кеніі закрытыя, транспарт паралізаваны.

Пратэсты пачаліся пасля таго, як дэпутаты прынялі спрэчны законапраект аб увядзенні новых і вельмі непапулярных падаткаў.

«Мы хочам закрыць парламент, і кожны дэпутат павінен сысці ў адстаўку, — заявіў адзін з пратэстоўцаў Дэвіс Тафары. — У нас будзе новы ўрад».

«Ёсць некаторыя рэчы, якія цяжка зразумець, напрыклад, як можна ўводзіць 16-працэнтны падатак на хлеб? Як можна абкладаць падаткам гігіенічныя пракладкі?» — сказаў ВВС 24-гадовы Дэрык Мвату. 

Урад, праўда, вырашыў адхіліць самыя спрэчныя з прапанаваных першапачаткова мер, і заявіў, што не будзе ўводзіць падатак на хлеб, а падатак на прадметы гігіены будзе ўведзены толькі на тавары, які імпартуюцца. Урад таксама паабяцаў не абкладаць падаткам алей, уладальнікаў аўтамабіляў і фінансавыя транзакцыі, што, аднак, пратэстоўцаў не задаволіла.

Многія дэманстранты патрабуюць, каб прэзідэнт краіны, Уільям Рута, сышоў у адстаўку. Ён перамог на выбарах два гады таму, на хвалі абяцанняў усяляк падтрымліваць найбяднейшыя слаі насельніцтва.

Аднак, уступіўшы на пасаду, ён апынуўся паміж двух агнёў: з аднаго боку міжнародныя крэдыторы Кеніі, такія як Міжнародны валютны фонд, якія патрабуюць ад урада скараціць бюджэтны дэфіцыт, што адкрые дарогу да дадатковага фінансавання, з другога – жыхары краіны, якія не жадаюць несці дадатковы фінансавы цяжар. 

Паліцэйскі выстрэльвае балон са слёзатачывым газам у бок дэманстрантаў. Фота EPA-EFE / REX / SHUTTERSTOCK

Паліцэйскі выстрэльвае балон са слёзатачывым газам у бок дэманстрантаў. Фота EPA-EFE / REX / SHUTTERSTOCK

Да крызісу ў Кеніі прывялі і пагоршылі яго некалькі фактараў адначасова: доўгачасовыя наступствы пандэміі кавіду і барацьбы з ёй, вайна ва Украіне, два гады засухі запар.

Меры, пазначаныя ў законапраекце, павінны дапамагчы сабраць дадаткова 2,7 мільярда долараў ЗША падаткаў, што спросціць выплату даўгоў. На сённяшні дзень толькі выплаты па працэнтах паглынаюць 37% падатковых збораў Кеніі.