«Я патэлефанаваў свайму забойцу. Ён прызнаўся»
"Гэта неверагодна. Я патэлефанаваў аднаму са сваіх забойцаў і пагаварыў з ім. Адна з самых дзіўных размоў у маім жыцці. Так дзіўна абмяркоўваць уласнае забойства з адным з тых, для каго гэта проста праца".
Расійскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны за некалькі гадзін да публікацыі расследавання аб датычнасці ФСБ да яго атручвання патэлефанаваў з падстаўнога нумара яго фігуранту Канстанціну Кудраўцаву пад выглядам памочніка сакратара Рады Бяспекі Мікалая Патрушава. Пра гэта ён распавёў на сваім ютуб-канале.
Раней Навальны і журналісты-следчыя паведамлялі, што, паводле іх звестак, вайсковы хімік з Інстытута крыміналістыкі ФСБ Кудраўцаў прылятаў у Омск 25 жніўня, праз пяць дзён пасля атручвання, і ў той жа дзень вярнуўся ў Маскву. Яны меркавалі, што ён ездзіў за пакінутым у Омску адзеннем палітыка.
Кудраўцаў распавёў, што яму даручылі "папрацаваць са скрынкай" адзення, у тым ліку з "самым рызыкоўным прадметам" — яго майткамі — пасля чаго яны "вярнулі ўсе хлопцам мясцовым". "Сказалі працаваць па майтках менавіта, па ўнутранай частцы <..> Гульфік так званы. Там швы такія ёсць, вось, па швах <..> Апрацоўвалі растворамі, каб не было слядоў", — адзначыў ён.
На пытанне Навальнага: "Чаму ж тады правал?" — Кудраўцаў адказаў, што "сітуацыя склалася <..> не на нашу карысць": "Калі б [самалёт] ледзь даўжэй ляцеў, а не пасадзілі б яго рэзка <..> магчыма, гэта ўсё пайшло б не так, гэта значыць, калі б не аператыўная праца медыкаў, хуткай дапамогі на пасадачнай паласе, і гэтак далей", то атручэнне б атрымалася.
Паводле zona.media