Іспанія. Каталонцы пакаяліся, іспанцы — не
Не так даўно Мексіка запатрабавала ад Іспаніі выбачэнняў за злачынствы іспанскіх канкістадораў Картэса супраць мясцовых абарыгенаў падчас заваёвы Новага Свету.
Мадрыд адрэагаваў на прапанову без энтузіязму. А вось каталонскія нацыяналісты падтрымалі тэзіс мексіканцаў. Як вынік, днямі ўрад Каталоніі вуснамі кіраўніка міжнароднага дэпартамента прынёс прабачэнні Мексіцы за тое, што нарабіў Картэс. На думку чыноўніка, галоўная віна канкістадораў — у тым, што іх дзеянні «прывялі да падаўлення мясцовага насельніцтва і культуры».
Каталонцы таксама прапанавалі свае паслугі ў якасці медыятараў у перамовах паміж Мадрыдам і Мехіка па пытаннях гістарычнай адказнасці іспанцаў за ўчынкі канкістадораў.
Наўрад ці гэтая ініцыятыва будзе мець развіццё. У тым ліку таму, што некаторыя мексіканскія арганізацыі хочуць ускласці на Мадрыд адказнасць за «генацыд прашчураў». Затое рашэнне каталонскага ўрада ўзмацняе ў каталонскім грамадстве фракцыю тых, хто выступае за дэмантаж аднаго з сімвалаў Барселоны — помніка Калумбу.
Паводле іспанскай прэсы