Год у космасе: 5 неверагодных фактаў
Удзельнікі гадавой місіі на МКС астранаўт Скот Кэлі і касманаўт Міхаіл Карніенка сёння вярнуліся назад на Зямлю. Яны правялі на арбіце 340 сутак і сталі аўтарамі некаторых выбітных статыстычных паказнікаў.
Скот Кэлі і Міхаіл Карніенка / ©NASA
У гісторыі Міжнароднай касмічнай станцыі яшчэ не было супрацоўнікаў, якія б правялі на яе борце амаль цэлы год. Амерыканец Скот Кэлі і расіянін Міхаіл Карніенка сталі першымі ўдзельнікамі гадавой місіі на МКС.
У рамках гэтай праграмы мяркуецца высветліць, як доўгае знаходжанне ў космасе адбіваецца на арганізме чалавека.
Пакуль Кэлі і Карніенка зноў прывыкаюць да зямных умоваў, амерыканскае касмічнае ведамства прадставіла 5 цікавых статыстычных дадзеных, звязаных з гадавой місіяй на МКС.
230 мільёнаў кіламетраў
Правёўшы год у космасе, Кэлі і Карніенка пераадолелі больш за 230 мільёнаў кіламетраў. Гэтая лічба дае надзею на тое, што падарожжа на Чырвоную планету не за гарамі. Дарэчы, сярэдняя адлегласць ад Зямлі да Марса складае 225 млн км.
5440 абаротаў вакол Зямлі
Міжнародная касмічная станцыя рухаецца з хуткасцю 7,66 км / с і здзяйсняе адзін абарот вакол планеты кожныя 90 хвілін.
9 касмічных караблёў
За час знаходжання Кэлі і Карніенка на МКС, да станцыі прычальвалі 9 касмічных караблёў. Яны дастаўлялі на арбіту прадукты харчавання, рознага роду абсталяванне, а таксама новых чальцоў экіпажа.
10880 заходаў ды світанкаў
Паколькі касмічная станцыя пралятае па арбіце з хуткасцю прыкладна 28 тыс. км у гадзіну, чальцы экіпажа МКС сустракаюць 16 узыходаў і заходаў у суткі.
Ужыта 730 літраў перапрацаванай мачы і поту
Вада з'яўляецца каштоўным і абмежаваным рэсурсам на арбіце, таму спецыялістамі была распрацавана ўнікальная сістэма ачысткі, якая можа ператварыць пот і мачу ў ваду. Варта адзначыць, што не ўсе чальцы экіпажа гатовыя піць ваду, якая некалі была мочой.
Астранаўт Скот Кэлі дзякуючы ўдзелу ў гадавой місіі на МКС стаў рэкардсменам сярод амерыканцаў па колькасці праведзенага на арбіце часу. Расійскім рэкардсменам па-ранейшаму з'яўляецца Валерый Палякоў, які ў перыяд з 1994 па 1995 год прабыў на арбітальнай станцыі «Мір» амаль 438 дзён.
Паводле Naked Science