Forbes: Расійскія салдаты на полі бою ва Украіне перасаджваюцца на коней

Расія вычарпала запасы бронетэхнікі часоў Халоднай вайны, а новую тэхніку ствараць складана. Таму расійскія салдаты ва Украіне карыстаюцца грамадзянскай тэхнікай: электрасамакатамі, квадрацыкламі, і нават перасаджваецца на коней. Ідзе 1078-мы дзень шырокамаштабнай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб Украіны

Фота: Генштаб Украіны

За мінулыя суткі на фронце ва Украіне зноў зафіксавана менш за сотню баявых сутыкненняў — 85. Самым гарачым застаецца Пакроўскі кірунак, дзе расійскія войскі правялі 35 наступальных дзеянняў, паведамляе Генеральны штаб УСУ ў ранішняй зводцы 5 лютага.

На Купянскім кірунку за суткі адбылося сем атак расіян. На Краматорскім кірунку армія РФ атакавала шэсць разоў у раёнах Ступачак, Прадцечына і Часавага Яра. Дзесяць атак расійцы правялі на Тарэцкім кірунку ў раёнах Тарэцка і Шчарбінаўкі.

АСУВ «Хорціца» паведамляе, што расійскія войскі пры падтрымцы артылерыі і дронаў розных тыпаў працягваюць штурмаваць пазіцыі ў гарадской забудове Часавага Яра і Тарэцка. З мэтай дастаўкі штурмавых падраздзяленняў да перадавых пазіцый у раёне Леанідаўкі праціўнік ужыў аўтамабільную тэхніку. У выніку агнявога паражэння тры аўтамабілі і 16 салдат былі знішчаны.

У Курскай вобласці Расіі адбылося 12 боесутыкненняў, расіяне нанеслі 46 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 67 кіраваных бомбаў.

* * *

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што Курскай вобласці Расіі войскі РФ, магчыма, бяруць «аператыўную паўзу» ў вядзенні баявых дзеянняў, але працягваюць намаганні ў раёне Купянска.

Звязаны з Крамлём расійскі «ваенкор» распавядаў, што пуцінскія войскі бяруць «часовую аператыўную паўзу» на Курскім кірунку. Ён сцвярджаў, што намаганні войскаў РФ па захопу Махноўкі на працягу студзеня спыніліся з-за спалучэння ўкраінскіх беспілотнікаў і дрэнных умоў надвор'я, і што войскі РФ урэшце выйшлі з населенага пункта. Таксама гэты расійскі блогер ацаніў, што баі за Махноўку, хутчэй за ўсё, адновяцца, калі зямля зноў прамерзне або цалкам высахне.

Іншы «ваенкор» таксама сцвярджаў, што расійскім войскам не ўдалося замацавацца каля Махноўкі.

Нацыянальная выведвальная служба Паўднёвай Карэі (NIS) пацвердзіла нядаўнія паведамленні аб тым, што паўночнакарэйскія войскі не вядуць баявых дзеянняў у Курскай вобласці з сярэдзіны студзеня 2025 года.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 4 лютага, паказваюць, што войскі РФ нядаўна прасунуліся ў цэнтр Заходняга (на поўнач ад Купянска).

Прадстаўнік аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў (АСУВ) УСУ «Хорціца» маёр Віктар Трэгубаў 4 лютага заявіў, што акупанты рэдка выкарыстоўваюць бронетэхніку на Пакроўскім кірунку і аддаюць перавагу хуткасную і манеўраную тэхніку, у прыватнасці багі і матацыклы.

Прадстаўнік украінскай брыгады, якая дзейнічае на Пакроўскім кірунку, гэтак жа адзначыў, што расійцы перапраўляюць пяхоту для штурму на грамадзянскіх аўтамабілях і матацыклах.

У астатніх раёнах прасоўванне расійцаў не фіксуецца.

* * *

Камандаванню расійскай арміі ўсё цяжэй набіраць новых вайскоўцаў з-за росту колькасці нежадаючых ісці на вайну. Мінабароны РФ плануе ўскладніць працэдуры вызвалення прызыўнікоў ад службы, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Расійскія афіцыйныя асобы працягваюць апраўдваць рашэнне Крамля не праводзіць прымусовы прызыў у войска. Гэта адбываецца нягледзячы на прыкметы таго, што войска РФ не можа набраць дастатковую колькасць новых кадраў для замены высокіх страт у вайне.

Старшыня Камітэта абароны Дзяржаўнай думы Расіі Андрэй Картаполаў 4 лютага заявіў, што Расіі не варта праводзіць яшчэ адзін прымусовы прызыў, бо ў Расіі цяпер ёсць «перавага на полі бою».

Чалец камітэта абароны Дзярждумы Віктар Собалеў дадаў, што расійскія кантракты на вайсковую службу падпісалі 740 тысяч чалавек (магчыма, гэта агулам з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну). Ён таксама сцвярджаў, што мабілізацыя «толькі пагоршыць сітуацыю», бо адправіць на фронт людзей, якія не маюць ніякага папярэдняга ваеннага вопыту або спецыяльных навыкаў.

«Гэтыя дэпутаты, імаверна, сцвярджаюць, што ўзровень прызыўной кампаніі ў Расіі з'яўляецца дастатковым для таго, каб супакоіць асцярогі расійскай грамадскасці датычна шырока непапулярнага патэнцыйнага новага частковага недобраахвотнага прызыву», — гаворыцца ў справаздачы.

У ISW мяркуюць, што камандаванню расійскіх войскаў цяжка набіраць дастатковую колькасць новых вайскоўцаў. У канцы 2024 года і ў студзені 2025 года, Інстытут вывучэння вайны назіраў за паведамленнямі, што месячная норма набору расійскай арміі, верагодна, роўная або нават ніжэй колькасці, неабходнага для замены месячных страт Расіі ў вайне па прынцыпе адзін да аднаго. Таксама былі зафіксаваныя паведамленні, што асобныя федэральныя суб'екты не выконваюць месячныя квоты набору, паколькі грамадзяне менш гатовыя ісці ваяваць добраахвотна.

У сувязі з гэтым Мінабароны РФ прапанавала скараціць спіс захворванняў, якія з'яўляюцца падставай для звальнення з вайсковай службы. Радыё Свабода, са спасылкай на расійскі «Рух свядомых адмоўнікаў ад вайсковай службы», паведаміла, што прапанова Мінабароны РФ ускладніць атрыманне прызыўнікамі вызваленняў ад службы з медыцынскіх прычын, а таксама ўскладніць працэдуру звальнення мабілізаваных асоб і вайскоўцаў, якія падпісалі кантракт на вайсковую службу.

У верасні 2024 года ў ISW не выключылі, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін можа абвясціць дадатковую хвалю мабілізацыі, хоць рашуча не схільны да такога кроку.

* * *

475880564_970903568556055_982875905291803844_n.jpg

* * *

У ноч на 5 лютага расійскія захопнікі атакавалі рэгіёны Украіны двума балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» і 104-ма ўдарным БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі-імітатарамі розных тыпаў па напрамках, паведамляюць Паветраныя сілы Украіны. Пацверджана збіццё 57-мі ўдарных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў. 42 беспілотніка лакальна страчаныя (без негатыўных наступстваў).

Чатыры чалавекі атрымалі раненні ў выніку атакі расійскага дрона ў Херсоне.

У Харкаве ў выніку паветранай атакі з ужываннем ударных беспілотнікаў гэтай ноччу былі пашкоджаныя і гарэлі нежылыя будынкі помніка архітэктуры і навучальнай установы. Вядома аб адным пацярпелым.

У ноч на 5 лютага дроны прыляцелі на нафтабазу «Албашнафта» у Краснадарскім краі Расіі. Нафтабаза належыць нафтаперапрацоўчаму прадпрыемству, якое здольнае перапрацоўваць да 320 тысяч тон нафты ў год, і пастаўляе прадукты нафтаперапрацоўкі УС РФ.

* * *

Праз велізарныя страты браняванай тэхнікі на полі бою расійскія вайскоўцы пачалі перасаджвацца на коней, піша Forbes.

Журналісты адзначылі, што расійскія механізаваныя паліцы губляюць бронетэхніку з хуткасцю 6000 адзінак за год. Гэта занадта шмат для расійскіх заводаў, каб іх замяніць. Расія вырабляе каля 200 новых баявых машын БМП-3 і 90 новых танкаў Т-90м штогод, а таксама некалькі сотняў іншых новых браніраваных машын, у тым ліку колавых баявых машын БТР-82. Запасы старой тэхнікі часоў Халоднай вайны вычарпаліся ў канцы 2024 года, што і прымусіла расійскія войскі ўрэшце перасаджвацца на коней.

У той жа час журналісты падкрэслілі, што гэта не значыць, што Расія прайграе вайну, бо сур'ёзныя праблемы адчувае і Украіна. «Расійскія войскі нясуць вялікія страты. Аднак яны працягваюць прасоўвацца ў многіх кірунках, дзе ўкраінская абарона расцягнутая праз недахоп жывой сілы-і дзе Расія змагла сканцэнтраваць пераважныя сілы», — падкрэслілі аўтары матэрыялу.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што гатовы весці перамовы з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным. Толькі калі іншага варыянту не будзе. У Зяленскага спыталі, ці зможа ён сядзець за адным сталом з Пуціным у выпадку, калі ўсё ж пачнецца патэнцыйны мірны працэс, у якім будуць удзельнічаць чатыры групы. Па словах Зяленскага, ён гатовы да гэтага, калі гэта будзе адзіны варыянт, пры якім можна прынесці мір грамадзянам Украіны і не страціць людзей.

«Безумоўна, мы пойдзем на гэты варыянт, на сустрэчу з гэтымі чатырма ўдзельнікамі. Якая розніца, якое маё стаўленне да яго? Я не буду да яго добрым і лічу, я лічу яго ворагам. І, шчыра кажучы, я лічу, што ён таксама лічыць мяне ворагам. Вось так», — сказаў ён.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што ў выпадку неўступлення Украіны ўступіць у NATO трэба даць ёй альтэрнатыўныя гарантыі бяспекі, у тым ліку ядзерную зброю. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю брытанскаму вядучаму Пірсу Моргану.

Зяленскі прызнаў, што ўступленне Украіны ў NATO можа зацягнуцца «на гады або дзесяцігоддзі», і ў такім выпадку «ўзнікае абсалютна справядлівае пытанне: што будзе абараняць нас ад гэтага зла ўвесь гэты час, на ўсім гэтым шляху?»

«Таму давайце зробім так: вярніце нам ядзерную зброю; аддайце нам ракетныя комплексы; партнёры, дапамажыце нам прафінансаваць мільённую армію, перакіньце свой кантынгент у тыя часткі нашай дзяржавы, дзе мы хочам стабільнасці, каб людзі былі спакойныя», – апісаў гіпатэтычную сітуацыю прэзідэнт Украіны.

Таксама Зяленскі дадаў: калі напад Расіі тлумачыўся страхам сяброўства Украіны ў NATO, то калі краіна не будзе ў Альянсе — «Пуцін павінен цалкам адступіць з нашай тэрыторыі». «Ён (Пуцін) уварваўся, бо баяўся, што мы станем чальцамі NATO. Добра, мы не чальцы NATO. Прэч з нашай зямлі», — заявіў Зяленскі.