Еўрапарламент ухваліў выкарыстанне актываў РФ на карысць Украіны
Еўрапарламент ухваліў дырэктыву ЕС аб арышце актываў злачыннага паходжання. Яна дазволіць выкарыстоўваць на аднаўленне Украіны расійскія сродкі, якія могуць канфіскаваць праз развязаную РФ вайну, піша «Нямецкая хваля».
Еўрапарламент у сераду, 13 сакавіка, у Страсбургу прыняў рэзалюцыю аб дырэктыве ЕС аб выяўленні і арышце актываў крымінальнага паходжання. Яна дазваляе аператыўна замарожваць і канфіскоўваць сродкі на тэрыторыі супольнасці. У дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца, што расійскія актывы, якія могуць канфіскаваць з прычыны агрэсіўнай вайны РФ, павінны стаць «укладам у аднаўленне Украіны».
Еўракамісія павінна распрацаваць рэкамендацыі па выкарыстанні канфіскаваных актываў і маёмасці для кампенсацыі, рэстытуцыі і рэпарацый дзяржавам, што пацярпелі ад міжнародных злачынстваў, гаворыцца ў дакуменце.
«Калі актывы былі канфіскаваныя ў сувязі з расійскай агрэсіўнай вайной супраць Украіны або звязанымі з гэтым злачынствамі (...), то гэтыя актывы або чыстыя даходы, атрыманыя ў выніку іх ліквідацыі, павінны быць накіраваныя на аднаўленне Украіны», — адзначаецца ў рэзалюцыі.
Строгія меры ў выпадку «ўхілення ад канфіскацыі з дапамогай трэцяй асобы»
Як патлумачылі ў камітэце Еўрапарламента па грамадзянскіх свабодах, правах і ўнутраных справах, дырэктыва будзе тычыцца больш шырокага спектру правапарушэнняў, учыненых злачыннымі арганізацыямі, у тым ліку гандлю людзьмі, наркотыкамі ці зброяй. Яна накіраваная на ўдасканаленне заканадаўства і дазволіць аператыўна блакаваць падазроныя актывы. Акрамя таго, дырэктыва прадугледжвае строгія меры ў выпадку «ўхілення ад канфіскацыі з дапамогай трэцяй асобы».
Для таго, каб больш эфектыўна расследаваць паходжанне капіталаў, будуць прадастаўлены больш шырокія паўнамоцтвы Офісам па вяртанні актываў, якія дзейнічаюць у краінах Еўрапейскага Саюза. Яны таксама атрымаюць поўны доступ да інфармацыі аб нерухомай маёмасці і камерцыйных рэестрах. Акрамя таго, у ЕС цяпер з'явяцца два новыя тыпы канфіскацыі: канфіскацыя без абвінаваўчага прысуду і канфіскацыя актываў незразумелага паходжання.
Шукаць актывы крымінальнага паходжання стане прасцей
Дакладчык Еўрапарламента па пытанні канфіскацыі актываў, румынскі дэпутат ад Еўрапейскай народнай партыі Ларант Вінчэ, выступаючы перад галасаваннем, падкрэсліў, што новая дырэктыва «нацэленая на фінансавыя даходы, якія атрымлівае міжнароднымі злачыннымі арганізацыямі». Паводле яго слоў, даходы гэтых груп у ЕС складаюць 150 мільярдаў еўра, «і толькі адзін працэнт гэтых актываў атрымалася канфіскаваць». Прычына гэтага заключалася ў тым, што праваахоўныя органы ЕС не маглі аператыўна ўсталяваць крымінальнае паходжанне грошай, а «абмен інфармацыяй паміж краінамі нават у межах ЕС быў вельмі павольным і абмежаваным».
Ухваленая Еўрапарламентам дырэктыва дазваляе кардынальна змяніць гэтую сітуацыю, падкрэсліў Вінчэ. Цяпер «усе органы, якія займаюцца пошукам падазроных капіталаў, будуць мець неадкладны доступ да ўсіх нацыянальных баз дадзеных, у якіх захоўваецца інфармацыя аб актывах, што дазволіць іх замарозіць да таго, як яны будуць перамешчаныя».
А недапрацоўкі ў заканадаўстве, якія выкарыстоўваліся злачынцамі для таго, каб пазбегнуць канфіскацыі, «будуць ліквідаваныя, у прыватнасці, дзякуючы пункту аб канфіскацыі актываў незразумелага паходжання, звязанага з крымінальнай актыўнасцю».