Баевікі «ІД-Харасан»: хто такія і якія мэты маюць у Расіі

Пасля тэракта ў «Крокус Сіці Холе» назва гэтай групоўкі абляцела ўсе навінавыя рэсурсы. Што вядома пра тэрарыстаў, якія ўзялі на сябе адказнасць за трагедыю ў Падмаскоўі?

Ілюстрацыйнае фота: bbc.com

Ілюстрацыйнае фота: bbc.com

Хто здзейсніў тэракт у «Крокус Сіці Холе»

Тэракт у «Крокус Сіці Холе», які забраў жыцці больш за 140 чалавек, быў здзейснены выхадцамі з Таджыкістана, і адказнасць за яго ўзяла тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава», аднак расійскія ўлады сцвярджаюць, што за атакай стаяць Украіна і яе заходнія хаўруснікі.

Такое абвінавачанне супярэчыць заявам Украіны і ЗША, якія ўскладаюць віну за тэракт на «Ісламскую дзяржаву – Вілаят Харасан», малавядомае шырокай публіцы падраздзяленне тэрарыстычнай групоўкі ІД, піша «Голас Амерыкі».

25 сакавіка Уладзімір Пуцін на ўрадавай нарадзе з кіраўнікамі сілавога і сацыяльнага блока і кіраўнікамі Масквы і Падмаскоўя задаў пытанне: «Ці сапраўды радыкальныя і нават тэрарыстычнага толку ісламскія арганізацыі зацікаўленыя ў нанясенні ўдараў па Расіі, якая выступае сёння за справядлівае развязанне абвастрэння блізкаўсходняга канфлікту?»

Эксперты па ісламскім экстрэмізме і тэрарызме даюць на гэта адназначны станоўчы адказ: так, у гэтым зацікаўлена «ІД-Харасан», групоўка, што атакавала або планавала атакаваць еўрапейскія дзяржавы, Расію, Кітай, Пакістан і талібаў, якія кантралююць Афганістан. Сам цэнтральнаазіяцкі «філіял» «Ісламскай дзяржавы» не ўзяў на сябе адказнасць за гэты тэракт, але яго меркаваная роля адпавядае разуменню экспертаў аб яго мэтах.

У траўні 2023 года амерыканскі часопіс «Foreign Policy» апублікаваў артыкул, аўтары якога, прааналізаваўшы прапагандысцкія матэрыялы «ІД-Харасан», зрабілі выснову, што Расія стане мішэнню тэрарыстычнай групоўкі.


Глядзіце таксама

«У [ІД-Харасан] амбіцыйнае міжнароднае бачанне, – мяркуе Лукас Вэбер, заснавальнік даследчай сеткі «Militant Wire» і адзін з аўтараў артыкула. — Яны публікуюць прапаганду на большай колькасці моў, чым любое іншае падраздзяленне ІД».

«Рэгіяналізацыя і інтэрнацыяналізацыя»

Групоўка «ІД-Харасан» была створаная прыкладна ў 2014 годзе, у перыяд максімальнага ўзмацнення арыгінальнай «Ісламскай дзяржавы» (ІД). Мэтай «ІД-Харасан» было ўстанаўленне сваёй улады ў Індыі, Пакістане, Афганістане і краінах Цэнтральнай Азіі. Пасля таго, як ІД пацярпела паразу ў Сірыі і Іраку, а «Талібан» захапіў уладу ў Афганістане, «ІД-Харасан» заўважна актывізавалася.

Касцяк «ІД-Харасан» «складаюць жыхары Цэнтральнай Азіі і Афганістана – з такіх груп непуштунскіх меншасцей, як таджыкі і узбекі, якія традыцыйна былі супраць "Талібана"», – тлумачыць Эдвард Леман, эксперт па Таджыкістане і прэзідэнт таварыства «ОКСУС» у Цэнтральнай Азіі.

Лукас Вэбер лічыць, што гэтая групоўка рэалізуе стратэгію «рэгіяналізацыі і інтэрнацыяналізацыі». «ІД-Харасан» распаўсюджвае прапаганду на многіх мовах, у тым ліку на таджыкскай, узбекскай, рускай, арабскай і англійскай. Прычым матэрыялы — высокаякасныя. У іх падкрэсліваецца ўнёсак у поспехі групоўкі баевікоў з такіх краін, як Таджыкістан.

Дзеянні тэрарыстаў «ІД-Харасан» таксама адлюстроўваюць гэтую «шматпалярную» арыентацыю. У жніўні 2021 года, падчас вываду войскаў ЗША з Афганістана, смяротнік «ІД-Харасан» падарваў сябе каля брамы Кабульскага аэрапорта – загінула больш за 180 чалавек, у тым ліку 13 амерыканскіх вайскоўцаў.

У снежні 2022 года баевікі «ІД-Харасан» здзейснілі напад на гатэль у Кабуле, папулярны сярод кітайскіх бізнэсоўцаў. У ліпені 2023 года ў Нідэрландах і Германіі праваахоўнікі затрымалі дзевяцярых выхадцаў з Цэнтральнай Азіі, звязаных з «ІД-Харасан», якія планавалі тэракты і збіралі грошы на падтрымку ІД. У студзені 2024 года тэрарысты «ІД-Харасан» узарвалі дзве бомбы на могілках у іранскім горадзе Керман, дзе праходзілі ўрачыстасці ў памяць генерала КСІР Сулеймані, знішчанага амерыканцамі. Тады загінула больш за сто чалавек.

Паводле слоў Эдварда Лемана, групоўка варожа настроена ў дачыненні да многіх дзяржаў, этнічных і рэлігійных груп. Яна таксама знаходзіцца ў даўнім канфлікце з талібамі: «ІД-Харасан» крытыкуе «Талібан» за перамовы з заходнімі краінамі, Расіяй і Кітаем.

«"ІД-Харасан" лічыць сябе сапраўдным сцяганосцам глабальнага джыхаду і разглядае "Талібан" як няверных, і вялікая частка яго аперацый у апошні час была нацэлена на "Талібан" у самім Афганістане» – кажа Леман.


Глядзіце таксама

Эдвард Леман адзначае, што «ІД-Харасан» негатыўна ставіцца да Расіі. Расійская падтрымка рэжыму Башара Асада зрабіла ўнёсак у разгром «Ісламскай дзяржавы» ў рэгіёне. Масква таксама адной з першых ўстанавіла афіцыйныя адносіны з «Талібанам».

Лукас Вэбер лічыць, што не варта забываць пра масавыя смерці і разбурэнні, прычыненыя Расіяй падчас дзвюх чачэнскіх войн і працяглай антытэрарыстычнай кампаніі на Паўночным Каўказе.

«У 2014 годзе лідар ІД Абу Бакр Аль-Багдадзі назваў Расію адным з прыярытэтных ворагаў, нароўні з ЗША», — сказаў Вэбер.

Аднак не ўсе згодныя, што тэракт у «Крокус Сіці Холе» мае прыкметы працы «ІД-Харасан». Раней расійскі ўсходазнаўца Руслан Сулейманаў расказаў «Голасу Амерыкі», што атака, на яго думку, пераўзыходзіць арганізацыйныя магчымасці групоўкі: «Гэта іншы почырк. Ніколі не было такіх маштабаў, ніколі не было тэрактаў з такой колькасцю зброі, з такой колькасцю баевікоў».

Сувязь з Цэнтральнай Азіяй

Хоць «ІД-Харасан» асноўныя аперацыі праводзіць у Афганістане супраць талібаў, мішэнню прапагандысцкіх нападаў групоўкі становяцца і іншыя дзяржавы рэгіёна. Гэта дапамагае рэкрутаваць грамадзян цэнтральнаазіяцкіх дзяржаў.

Эдвард Леман адзначае, што рыторыка «ІД-Харасан» часта робіць стаўку на «маральнае банкруцтва ўладаў Таджыкістана». З-за нізкага ўзроўню жыцця і аўтарытарных рэжымаў, якія кіруюць многімі дзяржавамі Цэнтральнай Азіі, такая рыторыка прыцягвае ўвагу.

Таджыкістан — найбяднейшая краіна рэгіёна, рэжым, што кіруе ёй, — адзін з найбольш аўтарытарных. Значная частка насельніцтва рэспублікі вымушана выязджаць за мяжу, каб зарабіць на жыццё. Таджыкістан атрымлівае амаль палову свайго ВУП у выглядзе грашовых пераводаў ад працоўных мігрантаў у Расіі.

Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон, які кіруе краінай з 1994 года, прыбраў са сцэны ўсіх палітычных апанентаў. У 2015 годзе ён забараніў «Партыю ісламскага адраджэння» – адзіную ісламскую палітычную партыю ў Цэнтральнай Азіі. Паводле ўмоў пагаднення, якое паклала канец грамадзянскай вайне ў Таджыкістане, яна павінна была заставацца легальнай часткай апазіцыі, тлумачыць Тэмур Умараў, навуковы супрацоўнік берлінскага аддзялення «Фонду Карнегі».

«Людзі, якія хочуць крытыкаваць уладу, або з'язджаюць і займаюцца гэтым за мяжой, [...] або яны становяцца схільнымі да ўсялякіх радыкальных ідэй», — кажа Умараў.


Глядзіце таксама

Улады Таджыкістана таксама абмяжоўваюць свабоду веравызнання і моцна баяцца грамадзян, якія ходзяць у мячэць, носяць бараду або маюць зносіны са святарамі. Яны лічаць гэта крыніцай радыкалізацыі. Аднак Умараў бачыць крыніцу ў іншым: у беднасці, адчуванні несправядлівасці і немагчымасці вырвацца з галечы.

Умараў звяртае ўвагу на тое, што народ Таджыкістана бачыць, як выдатна жывуць прадстаўнікі эліты, і разумее, што гэтая раскоша аплочваецца грашыма, якія павінны належаць яму.

Эксперты таксама адзначаюць, што радыкальныя групоўкі часта займаюцца вярбоўкай сярод мігрантаў у Расіі, людзей, якія падвяргаюцца прыніжэнню і якія зазнаюць агрэсію і неспрыяльныя ўмовы жыцця на чужыне. З-за цэнтральнай ролі працоўнай міграцыі ў эканоміцы Таджыкістана яго грамадзяне асабліва ўразлівыя. Усё гэта прыводзіць да сітуацыі, дзе выхадцы з такіх краін, як Таджыкістан, далучаюцца да тэрарыстычных груповак.

Паводле слоў Лемана, на піку магутнасці ІД у яго складзе было вельмі шмат выхадцаў з Таджыкістана, завербаваных для вайны ў Іраку і Сірыі.

Аднак не варта лічыць, што Таджыкістан па сваёй прыродзе з'яўляецца агменем экстрэмізму, ці чакаць, што радыкальныя групоўкі ў дадзены момант праходзяць перыяд інтэнсіўнага росту, папярэджвае Леман.

«Кожны раз, калі адбываецца тэракт, мы думаем, што гэта прыкмета нейкай змены сітуацыі, — кажа Леман. — Але, у цэлым, калі мы вывучаем статыстыку па тэрарызме ў самой Цэнтральнай Азіі і таксама па колькасці выхадцаў з Цэнтральнай Азіі, якія далучыліся да тэрарыстычных арганізацый, аказваецца, што сітуацыя паляпшаецца».