Атлусценне прытупляе пачуццё смаку
Навуковы часопіс Appetite апублікаваў даследаванне траіх навукоўцаў Карнэльскага ўніверсітэта, згодна з якім пры атлусценні прытупляецца пачуццё смаку. Такая выснова прапануе новае разуменне таго, чаму некаторыя людзі ўваходзяць у пастаянны цыкл павелічэння вагі, а таксама дае надзею на распрацоўку новых метадаў пахудання, заснаваных на смакавым успрыманні.
У ходзе даследавання розныя групы мышэй утрымліваліся або на звычайнай дыеце, ці атрымлівалі тлустую ежу, з-за чаго ў іх развівалася атлусценне. Аўтары працы выявілі, што на працягу васьмі тыдняў мышы з атлусценнем страцілі 25% сваіх смакавых рэцэптараў. Верагодна, смакавыя рэцэптары і іх клеткі-папярэднікі асабліва адчувальныя да пашкоджання ад хімічных рэчываў, якія ўзнікаюць пры атлусценні, што прыводзіць да хуткага зніжэння іх колькасці.
Асобна ў працы было разгледжана дзеянне аднаго з такіх рэчываў, так званага фактару некрозу пухліны — альфа (TNF-alpha). Ён адносіцца да цітокінаў — малекулаў, якія рэгулююць імунную сістэму. Уплывае гэта рэчыва на цэлы шэраг працэсаў у арганізме. Выпрацоўка TNF-альфа павялічваецца пры атлусценні. У праведзеным аўтарамі працы эксперыменце ў мышэй, якія генетычна былі няздольныя выпрацоўваць TNF-альфа, не адзначалася зніжэння колькасці смакавых рэцэптараў.
Даследнікі лічаць, што пагаршэнне ўспрымання густу запускае механізм зваротнай сувязі. Арганізм памылкова ўспрымае ежу, як менш пажыўную, таму пачуццё насычэння надыходзіць пазней, і гэта вядзе да далейшага развіцця атлусцення. Гэта ўзгадняецца з дадзенымі іншых даследаванняў. У адным з іх было паказана, што ў людзей з больш высокім індэксам масы цела рэакцыя мозгу на ежу зніжана. Таму ім трэба ёсць больш, каб атрымаць ад «сістэмы ўзнагароджання» ў мозгу тую ж колькасць дофаміна. Яшчэ адна праца даказвае, што ў людзей з прытупленнем пачуцця смаку характэрная цяга да больш салодкіх і больш тлустых прадуктаў.
Зараз навукоўцы плануюць усталяваць, ці назіраецца той жа працэс у людзей. «Наша фізіялогія, вядома, не ідэнтычная мышынай, але нашы смакавыя рэцэптары функцыянуюць вельмі падобна, і, калі мы пакутуем атлусценнем, узмацняюцца тыя ж фактары, звязаныя з запаленнем, якія мы лічым адказнымі за страту смаку», — кажа адзін з аўтараў працы Робін Данда (Robin Dando).
Паводле Pro Science