1035-ты дзень Расіі супраць Украіны: Расійцы мяняюць тактыку на фронце
Ніякага «Каляднага перамір’я». Расійскія войскі на франтах ва Украіне ці не паставілі рэкорд па колькасці штурмаў за суткі. Але і страты пры гэтым яны таксама нясуць вялікія. А Украіна тым часам распрацоўвае новую зброю, якая можа (тэарэтычна) дасягнуць Масквы.
За мінулыя суткі на фронце зафіксавана 252 баявыя сутыкненні, паведаміў Генеральны штаб УСУ ў ранішняй зводцы ў аўторак, 24 снежня.
Асноўныя намаганні расіяне прыкладваюць на Курахоўскім і Врэмаўскім кірунках. На Пакроўскім кірунку абаронцы спынілі 30 штурмавых дзеянняў расійцаў.
На Курахоўскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі 32 атакі. На Врэмаўскім кірунку праціўнік здзейсніў 35 штурмаў.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 27 разоў. На Купянскім кірунку за суткі адбылося 19 атак. На Тарэцкім кірунку расійцы здзейсніў 18 атак, на Северскім кірунку за мінулыя суткі абаронцы адбілі 13 варожых штурмаў.
* * *
На фронце фіксуецца прасоўванне расійскіх войскаў пад Купянскам, Тарэцкам, Вугледарам, вялікай Навасёлкай і ў Курскай вобласці, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры ад 23 снежня паказваюць, як УСУ адбіваюць расійскі механізаваны штурм памерам ва ўзмоцнены ўзвод на поўдзень ад Кругленькага (на паўднёвы ўсход ад Корэнева), што паказвае — расійцы прасунуліся па дарозе Новаіванаўка-Малая Локня.
Расійцы нядаўна прасунуліся на Купянскім кірунку, падчас механізаванага штурму па трасе Р-79 у паўднёвай частцы Загрызава.
Падобнае прасоўванне па-за населенымі пунктамі, імаверна, сведчыць, што расійскае камандаванне атрымала новыя задачы ад Пуціна. Гэтыя задачы засяроджваюцца на забеспячэнні тэрытарыяльных дасягненняў, а не на захопе важных населеных пунктаў.
Аналітыкі ISW адзначаюць, што Пуцін падчас штогадовай прэс-канферэнцыі «Прамая лінія» 19 снежня адзначыў дасягненні расійскіх войскаў, якія, з ягоных слоў, прасоўваюцца «на квадратныя кіламетры» ўздоўж лініі фронту. Аналітыкі адзначаюць, што Пуцін, магчыма, даў указанне ваеннаму камандаванню адкласці захоп стратэгічнага горада Пакроўск, засяродзіўшыся на прасоўванні праз адкрытыя палі і невялікія населеныя пункты. Цяпер расійскія войскі знаходзяцца за 10 кіламетраў ад адміністрацыйнай мяжы Данецкай і Днепрапятроўскай абласцей.
Захоп усёй Данецкай вобласці застаецца адной з ключавых мэтаў Крамля. Верагодна, гэта прасоўванне выкарыстоўваецца як элемент прапаганды для дэманстрацыі поспехаў расійскай арміі як на ўнутранай, так і на міжнароднай арэне, піша ISW.
Аналітыкі дадаюць, што арганізаваная аперацыя супраць добра ўмацаваных гарадоў можа запаволіць тэмпы прасоўвання, што з'яўляецца крытычным для спробаў Крамля дэманстраваць расійскую перавагу на сусветнай арэне.
* * *
Учора ўдзень і ўначы на аўторак Расія атакавала Украіну 60 дронамі. Амаль усе яны былі збітыя і лакацыйна страчаныя, паведамілі паветраныя сілы УСУ 24 снежня.
Паказана, што вораг запускаў ударныя беспілотнікі тыпу Shahed і БПЛА іншых тыпаў з кірункаў расійскіх гарадоў Бранск, Мілерава і Прыморска-Ахтарск. Атаку адбілі зенітныя ракетныя войскі, падраздзяленні РЭБ і мабільныя агнявыя групы.
«Па стане на 10:00 пацверджана збіццё 36 ударных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў у Палтаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Запарожскай, Днепрапятроўскай і Хмяльніцкай абласцях», — гаворыцца ў паведамленні.
Таксама з-за актыўнага процідзеяння Сіл абароны Украіны 23 беспілотніка лакацыйна страчаныя без негатыўных наступстваў (звычайна пад гэтымі словамі маецца на ўвазе праца РЭБ — радыёэлектронная барацьба).
У Хмяльніцкай вобласці паветраная трывога з-за пагрозы «Шахедаў» была абвешчаная ў 6 гадзін раніцы 24 снежня. Двойчы раздаваліся выбухі, пра наступствы не паведамляецца.
* * *
* * *
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер намякнуў, што брытанскія войскі могуць быць разгорнутыя на Захадзе Украіны для навучання ўкраінскіх салдат, піша The Times.
Выданне паведамляе, што Стармер падчас размовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім пагадзіўся, што «ўдасканаленне» прапановы па навучанні з'яўляецца важным. Ён нагадаў, што каля 51.000 украінскіх салдат прайшлі падрыхтоўку ў Вялікабрытаніі. Але каб даставіць украінскіх жаўнераў войскі ў Вялікабрытанію, трэба ехаць далёка і доўга, таму ўкраінцы неахвотна запісваюцца на навучанне.
* * *
Еўракамісар па пытаннях абароны і космасу Андрус Кубілюс паведаміў, што ў 2025 годзе ў краінах Еўрапейскага саюза плануецца вытворчасць каля 2 мільёнаў артылерыйскіх снарадаў.
Па словах Кубілюса, на сёння толькі 20-25% зброі, якая пастаўляецца Украіне, вырабляецца ў краінах ЕС. Для павелічэння вытворчасці неабходна забяспечыць доўгатэрміновыя кантракты з вытворцамі зброі, якіх пакуль не хапае. Без такіх заказаў Еўропа не зможа значна павялічыць аб'ёмы вытворчасці зброі і боепрыпасаў для Украіны ў бліжэйшыя гады.
У той жа час, па словах еўракамісара, Украіна ў 2025 годзе атрымае каля 30 мільярдаў еўра ад ЕС, і сама будзе вырашаць, якую частку гэтых сродкаў накіраваць на абаронныя мэты.
* * *
Украінскія Інжынеры завяршаюць распрацоўку ракеты «Трэмбіта», што будзе здольная дасягнуць сталіцы Расіі Масквы, піша The Economist. Распрацоўка знаходзіцца на фінальнай стадыі выпрабаванняў, а серыйную вытворчасць плануецца пачаць у бліжэйшы час.
«Трэмбіта» — гэта сучасная крылатая ракета, якая выкарыстоўвае рымейк імпульснага рэактыўнага рухавіка, упершыню ўжытага на нямецкай бомбе V-1 у 1944 годзе. Базавая мадэль ракеты можа пераадольваць адлегласць у 200 км з хуткасцю 400 км/г, але цяпер інжынеры працуюць над удасканаленай версіяй, здольнай даляцець да Масквы.
Ракета распрацоўваецца з акцэнтам на нізкі кошт і высокую мабільнасць. Мяркуецца, што «Трэмбіта» зможа эфектыўна высільваць супрацьпаветраную абарону праціўніка. Кошт адной ракеты разам з боегалоўкай вагой 20-30 кг складае ўсяго 15 тысяч долараў.
Высокапастаўлены чыноўнік у пытаннях бяспекі кажа, што краіне трэба не менш за год для таго, каб вырабляць ракеты ў колькасці, далёкасці і з магчымасцямі, якія б сур'ёзна пагражалі Расіі.
* * *
Аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што расійскае ваенна-палітычнае кіраўніцтва рыхтуе правакацыі ў падкантрольным Крамлю сепаратысцкім рэгіёне Малдовы Прыднястроўі. Аперацыя пад «фальшывым сцягам» мае на мэце дэстабілізаваць краіну і нанесці шкоду еўраінтэграцыйным намаганням Кішынёва.
У справаздачы экспертаў паказваецца, што Масква, верагодна, цяпер усталёўвае інфармацыйныя ўмовы для аперацыі ў Прыднястроўі. У ISW лічаць, што такія захады, верагодна, адбываюцца ў працягу спробы з боку РФ «дэстабілізаваць Малдову і перашкодзіць яе інтэграцыі ў Еўрапейскі Саюз».
РФ, магчыма, выкарыстае адмову Украіны падоўжыць пагадненне аб транзіце газу з Расіяй «для распаўсюджвання панікі і недаверу ў малдаўскім грамадстве да празаходняга ўрада Санду». Нагадаем, што 1 студзеня 2025 года заканчваецца дзеянне кантракту аб транзіце расійскага газу праз Украіну ў Еўропу. Украіна ўжо заявіла, што не будзе працягваць гэты кантракт.
У ISW адзначылі, што ў СВР Расіі агучвалі непацверджаныя звесткі, што падчас сустрэчы з кіраўніцтвам энергетычнай бяспекі Малдовы Санду нібыта заклікала ўрад «распрацаваць план устанаўлення кантролю над Прыднястроўем і ліквідацыі расійскай прысутнасці ў рэгіёне». Звязаны з расійскім ваенным ведамствам «ваенкор» распаўсюджваў такія звесткі і «намякаў», што Санду нібыта плануе атакаваць Прыднястроўе «ў адказ на спыненне РФ транзіту газу праз Украіну». І нават называў магчымае месца такой фэйкавай атакі, — Кучурганскую электрастанцыю, размешчаную ў Прыднястроўі.
Малдова заяўляе, што не рыхтуе ніякіх вайсковых аперацый у Прыднястроўі, і называе расійскія сцвярджэнні «сур'ёзнай і небяспечнай дэзінфармацыяй, закліканай пасеяць паніку і недавер».