Адменены матчы футбольнага чэмпіянату краіны

Беспрэцэдэнтна дзівосныя з’явы назіраюцца ў беларускім футболе.

Фота tut.by

Фота tut.by


Учора паводле календару распачаўся 21-ы тур чэмпіянату краіны. У Бабруйску «Белшына» перамагла «Слуцк» — 4:2, «Шахцёр» на сваім полі здабыў вікторыю над брэсцкім «Дынама». Усё б нічога, але пасярод гульні ў Салігорску амаль запоўненыя трыбуны ў нейкі момант пачалі скандзіраваць «нелегальны» вокліч «Жыве Беларусь!» Кадры хутка разыйшліся ў сеціве, і з таго ўзнікла стыхійная ініцыятыва ў сацсетках. Маўляў, аналагічны перадвыбарны перформанс варта працягнуць. Канкрэтна — падчас матчу мінскага «Дынама» са «Смалявічамі», які быў запланаваны на пятніцу і мусіў пачацца а 20-й гадзіне.
Заклік кінуў, у прыватнасці, вядомы блогер Антон Матолька, дадаўшы ў тэлеграме, што квіткі на гульню яшчэ застаюцца. Квіткоў сапраўды хапала: матч павінен быў прайсці на буйнейшай спартовай арэне краіны — стадыёне «Дынама», які разлічаны на 22 тсячы гледачоў.
Але «кіна не будзе». Ледзьве грамадзянская супольнасць ухваліла ідэю і прынялася актыўна вірусіць яе ў інтэрнэце, як пачалі адбывацца дзіўныя рэчы. Спачатку загадкава падвіс сайт папулярнага білетнага аператара Ticketpro — набыць квіткі на вячэрні футбол з яго дапамогай стала немагчыма. А затым на экстраннае паседжанне сабралася цэлае бюро выканкама Беларускай федэрацыіі футбола.
Ад імя БФФ у рэшце рэшт і было агучана рашэнне. Матч «Дынама» (Мінск) — «Смалявічы» тэрмінова адмянілі. А каб у «дэструктыўных элементаў» не засталося спакусы ўсчыніць пратэстовую актыўнасць недзе ў другім месцы, да кучы Дом футбола пусціў пад нож і другую мінскую гульню выходных — суботнюю, «Мінск» супраць мазырскай «Славіі». Абодва матчы пройдуць пазней — зразумела, ужо пасля прэзідэнцкіх выбараў. Калі, як мяркуецца, ужо не будзе сітуацыі, якую можна разгайдаць і дэстабілізаваць.
Цікава, што ў афіційным прэс-рэлізе БФФ пазбегла палітычных фармулёвак. Задзейнічаны пункт рэгламента аб «форс-мажорных абставінах». Колькі месяцаў таму гэтым параграфам прыкрываліся, калі пераносілі гульні праз каронавірус. Цяпер, падобна, да «форс-мажору» прыроўнены выбары кіраўніка дзяржавы.
Застаецца заўважыць, што футбол у Беларусі межамі МКАД не акрэслены. У рэгіёнах чакаюцца яшчэ чатыры гульні. Сёння «Віцебск» сустрэнецца з «Іслаччу», заўтра ў Маладзечне «Энергетык» прыме «Нёман», БАТЭ ў Барысаве згуляе з «Гарадзеяй», а «Рух» у Брэсце — з жодзінскім «Тарпеда». Калі, безумоўна, і гэтыя матчы не будуць адменены з прычыны «форс-мажорных абставін».