Цяпер афіцыйна: расіян і беларусаў не дапусцяць на Еўрапейскія гульні
Еўрапейскі алімпійскі камітэт (ЕАК) пацвердзіў, што спартоўцаў з Расіі і Беларусі не дапусцяць да ўдзелу ў Еўрапейскіх гульнях, якія пройдуць у Польшчы. Адметнасць гэтых Еўрагульняў у тым, што на іх разыгрываюцца пуцёўкі на Алімпіяду ў Парыжы.
У студзені ЕАК ужо абвяшчаў, што любыя рашэнні, якія могуць быць прыняты з нагоды ўдзелу беларусаў і расіян у спаборніцтвах пад эгідай Міжнароднага алімпійскага камітэта, ніяк не закрануць Еўрапейскія гульні гэтага года.
«Расійскія і беларускія спартсмены не будуць выступаць на Еўрапейскіх гульнях у 2023 годзе ні ў якой якасці. Да пачатку спаборніцтваў засталося менш за 40 дзён, і нічога не зменіцца», — гаворыцца ў заяве аднаго з прадстаўнікоў ЕАК.
Еўрагульні-2023, на якіх будуць разыграны пуцёўкі на Алімпіяду, стартуюць у Польшчы 21 чэрвеня і завершацца 2 ліпеня. Спаборніцтвы разгорнуцца на арэнах Кракава і іншых гарадоў Малапольскага ваяводства.
Для спартсменаў з Беларусі і Расіі закрылі шлях на міжнародныя старты ў сакавіку 2022 года з-за нападу Расіі на Украіну і саўдзел Беларусі ў гэтай вайне. Так, беларусы і расіяне не былі дапушчаны да ўдзелу ў Паралімпіядзе ў Пекіне-2022, а таксама да шэрагу чэмпіянатаў свету і Еўропы.
Праз год выканкам МАК даў рэкамендацыю міжнародным федэрацыям дапускаць да спаборніцтваў расійскіх і беларускіх атлетаў, але ў нейтральным статусе і тых, хто не падтрымлівае вайну ва Украіне. Пры гэтым у якасці ўдзельнікаў сусветных і еўрапейскіх стартаў каманды па гульнявых відах з Беларусі і Расіі пакуль не разглядаюцца.
У МАК раз-пораз падкрэсліваюць, што яго рэкамендацыя федэрацыям зноў дапусціць атлетаў з Расіі і Беларусі да турніраў яшчэ не з'яўляецца рашэннем аб удзеле расіян і беларусаў у Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Хай, маўляў, самі Федэрацыі вырашаюць, ці прытрымлівацца рэкамендацыі МАК пры правядзенні адборачных спаборніцтваў.