У адзін дзень, але з розьніцай у 656 гадоў, ворагі Ізраіля зруйнавалі Ерузалемскі храм
У гэта складана паверыць, але не давяраць Кнізе прарока Ераміі і старажытнаму гісторыку Юзэфу Флавію нагодаў ня шмат. Легендарны кароль Бабілёну Навухаданосар і будучы імпэратар Рымскай імпэрыі Ціт зрабілі адно і тое ж з галоўнай сьвятыняй габрэяў у розныя эпохі.
Першы храм
Кароль Давід шукаў месца пастаяннага знаходжаньня для Каўчэга Запавету, сьвятога куфра, у якім былі скрыжалі Закона, дадзенага прароку Майсею на гары Сінаі. Давід прагнуў пабудаваць дом, годны Госпада, месца, дзе Яго імя будзе жыць вечна. Аднак рукі Давіда былі запэцканыя крывёю вайны, і таму Бог забараніў яму будаваць храм. Гэтую задачу неабходна было пакінуць яго сыну Саламону.
І вось, на чацьверты год кіраваньня Саламона, пачалося будаўніцтва. Храм узвышаўся, як гара, над горадам. У дзень прысьвячэньня Саламон паўстаў перад народам Ізраіля і ўзьнёс малітву. У той момант Храм быў сэрцам народа, сымбалем яго веры. На працягу стагодзьдзяў Храм зьяўляўся цэнтрам пакланеньня, месцам, дзе сьвятары выконвалі свае сьвятыя абавязкі, а прарокі крычалі супраць грахоў каралёў і народа.
У дні караля Сэдэкіі, апошняга з роду Давіда, які валадарыў у Ерузаліме, грахі людзей дасягнулі поўнай меры. Як мы чытаем у Старым Запавеце, папярэджаньні прарокаў, ад Ісаі да Ераміі, засталіся без увагі, і людзі больш спадзяваліся на ідалаў, чым на Бога.
Навухаданосар, магутны кароль Бабілёна, абклаў горад. Сьцены Ерузалему былі разьбітыя, а Храм падпалены. Залаты посуд разрабаваны, алтар апаганены, а народ Юдэі ў кайданах выведзены на чужыну. Там, у Бабілёне яны пражылі ў няволі 70 гадоў.
Біблейская кніга Валадароў дае яркае апісаньне жудасных умоваў аблогі: «У дзявяты дзень месяца пачаўся голад у горадзе, і не было ўжо хлеба для народу зямлі». Бабілёнцы пабудавалі абложныя збудаваньні вакол горада, фактычна спыніўшы ўсе пастаўкі і павольна морачы голадам жыхароў. Ерамія, прарок, які быў сьведкам гэтых падзей, наракаў у Кнізе Плачу Ераміі: «Рукі жанчынаў чульлівых варылі дзетак сваіх, якія сталіся ежаю для іх у час загубы дачкі народу майго».
У 9-ы дзень месяца бабілёнцы прарвалі гарадзкія сьцены. Юдэйскія жаўнеры не змаглі ўтрымаць пазіцыі, і кароль Сэдэкія ўцёк са сваімі людзьмі, але быў схоплены каля Ерыхона. Ён быў дастаўлены ў Рыўлю, дзе Навухаданосар абвесьціў над ім прысуд. Сыны Сэдэкіі былі забітыя на яго вачах, а ён сам быў асьлеплены і скаваны ў кайданы, вывезены ў палон у Бабілён.
Пра непасрэдныя падзеі піша прарок Ерамія:
А ў пятым месяцы, у дзясяты дзень месяца, а быў гэта дзевятнаццаты год Навухаданосара, валадара Бабілёнскага, увайшоў у Ерузалем Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, які стаяў перад абліччам валадара Бабілёнскага. І спаліў ён Дом Госпада, і дом валадара, і ўсе дамы ў Ерузалеме, і кожны вялікі дом спаліў агнём.
І схапіў начальнік целаахоўнікаў Сэраю, галоўнага сьвятара, і сьвятара-намесьніка Цэфанію, і трох прыдзьвернікаў. А ў горадзе схапіў ён аднаго еўнуха, які быў начальнікам войска, і сем чалавек, якія бачаць аблічча валадара, якіх знайшлі ў горадзе, і пісара начальніка войска, які рабіў попіс народу зямлі, і шэсьцьдзясят людзей простых, якіх знайшлі ў горадзе.
І ўзяў іх Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, і завёў іх да валадара Бабілёнскага ў Рыўлю. І забіў іх валадар Бабілёнскі, і замардаваў іх у Рыўлі ў зямлі Хамат. І быў выгнаны Юда з зямлі сваёй.
«Ня верылі валадары зямныя і ўсе жыхары сусьвету, што прыгнятальнік і вораг увойдзе ў брамы Ерузалему. За грахі прарокаў ягоных, за беззаконьні сьвятароў ягоных,якія разьлівалі пасярод яго кроў праведных, сталася гэта.» – пісаў пра зруйнаваньне Храма прарок Ерамія.
Гэта быў 586 год да нашай эры.
Другі храм
Будаўніцтва Другога храма пачалося пасьля заваёвы Бабілёна пэрсамі. Пасьля таго, як Новабабілёнская імпэрыя была далучанач да імпэрыі Ахэмэнідаў, пэрсідзкі кароль Кір Вялікі выдаў так званы эдыкт Кіра, які санкцыянаваў і заахвочваў вяртаньне ў Сіён. Гэта значыць габрэйскі народ вярнуўся ў былое Юдэйскае каралеўства, якое пэрсы пераўтварылі ў самакіраваную габрэйскую правінцыю.
Страшэнная гісторыя паўтарылася ўжо пасьля нараджэньня Хрыста, у 70 годзе. Гэта быў перыяд рашучага змаганьня габрэяў супраць новых акупантаў – гэтым разам Рымскай імпэрыі. Пры здушэньня гэтага паўстаньня рымская армія на чале з будучым імпэратарам усёй Імпэрыі Цітам абклала Ерузалем. З самага пачатку аблогі ваенныя дзеяньні сканцэнтраваліся вакол Храма.
Старажытнагабрэйскі гісторык Юзэф Флафій апісвае падзеі, якія прывялі да зруйнаваньня Храма і спусташэньня ўсяго Ерузалема.
Ціт склікаў да сябе кіраўнікоў, да яго сабраліся шэсьць самых істотных зь іх, а менавіта: Ціверый Аляксандар, кіраўнік усяго войска, Сэкст Цэрэал, кіраўнік пятага легіёна, Ларцый Лепід, кіраўнік дзясятага, Ціт Фрыгій, кіраўнік пятнаццатага, акрамя таго Франтон Этэрній, прэфект абодвух легіёнаў, якія прыбылі з Аляксандрыі, і Марк Антоній Юльян, кіраўнік Юдэі, ды яшчэ іншыя кіраўнікі і ваенныя трыбуны.
З усімі імі ён трымаў параду аб тым, як паступіць з Храмам. Адны раілі паступіць зь ім па ўсёй строгасьці ваенных законаў, бо «да таго часу, пакуль храм, гэты зборны пункт усіх юдэяў, будзе стаяць, апошнія ніколі не перастануць намышляць аб мяцежах". Іншыя меркавалі так: «калі юдэі ачысьцяць яго і ніхто не падыме мяча для ягонай абароны, тады ён павінен быць пашкадаваны; калі ж яны з вышыні храма будуць супраціўляцца, яго трэба спаліць, бо тады ён перастае быць храмам, а толькі крэпасьцю, і адказнасьць за разбурэньне сьвятыні ўпадзе тады не на рымлянаў, а на тых, якія прымусяць іх да гэтага». Але Ціт сказаў: «Калі нават яны будуць супраціўляцца з вышыні храма, то і тады не варта спаганяць злосьць супраць людзей на зьнежывелых прадметах і ні ў якім разе не варта спаліць такі велічны будынак; бо разбурэньне яго будзе стратай для рымлянаў, роўна як і наадварот, калі храм ацалее, ён будзе служыць упрыгожаньнем імпэрыі».
Але на заўтра рымляне падпалілі сьцены.
Калі Ціт убачыў, што ён не ў сілах утаймаваць лютасьць разьюшаных жаўнераў, а агонь тым часам усё мацней распаўсюджваўся, ён у суправаджэньні кіраўнікоў уступіў у Сьвятая-Сьвятых і агледзеў яе зьмесьціва. І ён знайшоў усё значна больш узвышаным, чым тая слава, якой яно карысталася ў чужаземцаў, і ніколькі не саступала ўсхваленьням і высокім водгукам тубыльцаў.
Выдатная ў гэтым выпадку дакладнасьць часу, зь якой дзейнічаў лёс. Яна абумовіла для разбурэньня, як ужо было сказана, нават той жа месяц і дзень, у які некалі храм быў спалены бабілёнцамі.
У той час, калі храм гарэў, рымскія жаўнеры рабавалі ўсё, што траплялася ім у рукі і забівалі юдэяў на шляху незьлічонымі масамі. Не было ні літасьці да ўзросту, ні павагі да званьня: дзеці і старцы, сьвецкія і сьвятары былі аднолькава забітыя. Лютасьць нікога не адрозьнівала: тых, хто здаваўся на літасьць, спасьцігала тая ж доля, што і тых, хто супраціўляўся.
Храмавая гара нібы палала ад самога грунту, бо яна з усіх бакоў была залітая агнём. З-за трупаў нідзе не відаць было зямлі: жаўнеры, якія перасьледвалі непрыяцеля, бегалі па цэлым кучам мёртвых целаў.
Лічачы, што пасьля разбурэньня храма літасьць навакольных будынкаў пазбаўленая будзе ўсякага сэнсу, рымляне спалілі ўсё астатняе, а менавіта: ацалелыя рэшткі галерэй і брамы, за выключэньнем двух, усходняй і паўднёвай, якія зрэшты былі разбураныя пасьля.
Затым яны спалілі таксама скарбасховішча, дзе знаходзіліся велізарныя сумы наяўных грошай, незльічонае мноства адзеньняў і іншыя каштоўнасьці — словам, усё багацьце юдэяў, бо туды багатыя зьмяшчалі на захоўваньне свае скарбы. Затым прыйшла чарга бабінцам, куды выратаваліся жанчыны, дзеці і шматлікі мяшаны натоўп у ліку 6000 душаў.
Перш чым Ціт пасьпеў прыняць якое-небудзь рашэньне і даць інструкцыю ваеначальнікам, жаўнеры ў сваёй лютасьці падпалілі гэтую галерэю. Адны загінулі ў полымі, іншыя знайшлі сьмерць, кідаючыся з полымя ўніз. Ад усёй масы людзей не засталося ніводнай душы.
На пяты дзень сьвятары, гнаныя голадам, сышлі ўніз і былі прыведзеныя вартавымі да Ціта, якога яны прасілі пашкадаваць ім жыцьцё. Але ён адказаў: «Час прабачэньня вам мінуў; ды і таго, дзеля чаго я быць можа меў бы падставу вас памілаваць, таксама няма. Сьвятарам належыць загінуць разам са сваім храмам!» З гэтымі словамі ён загадаў усіх іх пакараць сьмерцю.
Колькасьць усіх палонных (маецца на ўвазе габрэйскіх палонных – заўв. П.Х.), за час вайны, распасьціралася да дзевяноста сямі тысячаў, а загінулых падчас аблогі было мільён сто тысячаў. Большасьць іхняя была родам не з Ерузалему; бо з усёй краіны сьцякаўся народ у сталіцу да сьвята праснакоў і тут быў нечакана засьпеты вайной, так што гушчыня насельніцтва спарадзіла найперш чуму, а хутка пасьля яе — голад.
Большая частка гэтай масы людзей прыбыла звонку; сам лёс учыніў такім чынам, што ўвесь народ апынуўся замкнёным, як у вязьніцы, і непрыяцельскае войска ачапіла горад, бітком набіты людзьмі. Памеры гібелі людзей перавысілі ўсё, што можна было чакаць ад чалавечай і Божай рукі. З тых, якія і зараз яшчэ зьяўляліся, рымляне адных забівалі, а іншых бралі ў палон. Яны шукалі тых, хто хаваўся ў сутарэньнях і, раскопваючы зямлю, забівалі ўсіх, хто там знаходзіўся.
Рымляне, нарэшце, перадалі агню і найдалёкія часткі горада і зьнішчылі сьцены да падмуркаў.
Сёньня мы маем толькі знакамітую Сьцяну Плача. Гэта вядома не частка самога Ерузалемскага Храма, але адзіная ацалелая частка сьцяны вакол яго.