Звольнены амбасадар Беларусі ў Латвіі: Мы не хавалі, што перамагла Ціханоўская
Васіль Марковіч — адзін з найбольш дасведчаных дыпламатаў Беларусі. У структуры МЗС Беларусі ён адпрацаваў амаль 30 гадоў. У верасні ён быў адпраўлены ў адстаўку з пасадыамбасадара Беларусі ў Латвіі, а таксама пазбаўлены рангу надзвычайнага і паўнамоцнага пасла.
Што ж стаяла за гэтым таямнічым звальненнем?
«Разумныя ўсё зразумеюць, а дурням і не патрэбна ведаць», — адказвае спадар Васіль, які цяпер знаходзіцца ў Беларусі, у сваім доме пад Лагойскам.
Марковіч прызнае, што сапраўды і на сустрэчах з дыяспарай, і ў размовах з журналістамі казаў пра тое, што на ўчастку для галасавання ў Рызе перамагла Святлана Ціханоўская.
«У нас было каля 700 выбарцаў, у асноўным моладзь. Я нават не быў старшынёй выбарчай камісіі, але да мяне звярталіся па каментар. Мы нічога не сталі хаваць, агучылі, што маем такія лічбы і што паводле іх перамагла Ціханоўская».
Ці шкадуе Васіль Марковіч аб зробленым: «Канечне, не шкадую. Усё да лепшага». Засмучаны дыпламат тым, што з МЗС былі звольненыя яшчэ два супрацоўнікі пасольства ў Латвіі — гэта саветнік-пасланнік Аляксей Мацюхевіч і старшы саветнік Андрэй Аўраменка. «Разумныя, талковыя хлопцы, ведаюць шмат моў. Шкада, што з імі так».
Таксама «НН» пацікавілася, ці звязваюць Васіля Марковіча сяброўскія адносіны з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.
«Разумееце, нас такіх, хто на службе ў МЗС амаль 30 гадоў, ужо нямнога засталося — я, Макей, Ляшчэня [былы амбасадар у Славакіі, які выказаўся супраць гвалту і быў звольнены — «НН»], Барысевіч, Алейнік. Мы ўсе адзін аднаго ведаем да кончыкаў пазногцяў».
«Вядома, крыўдна, што пазбавілі рангу. Любому чалавеку было б крыўдна, а тым больш, калі аддаў столькі гадоў дыпламатычнай службе», — кажа былы амбасадар.
Васіль Марковіч нарадзіўся ў 1955 годзе ў Кажан-Гарадку Брэсцкай вобласці. Вучыўся ў Маскве, у МДІМА. Працаваў яшчэ ў савецкім пасольстве ў Боне. Пасля развалу СССР вярнуўся ў Беларусь. Працаваў консулам пасольства Беларусі ў Германіі, працаваў там пад кіраўніцтвам Пятра Садоўскага. Быў консулам Беларусі ў Даўгапілсе, паслом у Чэхіі і Латвіі. Узначальваў кадравае ўпраўленне МЗС.
Згодна з афіцыйнымі вынікамі галасавання ў Латвіі, Ціханоўская набрала 59% галасоў, Лукашэнка — 34%.
nashaniva.by