Віталь Портнікаў: Масква можа рыхтаваць у Мінску вайсковы пераварот
«Расійскія вайскоўцы, якія сёння раз'яжджаюць на парадзе, заўтра будуць удзельнікамі вайсковага перавароту ў Мінску», – лічыць украінскі палітолаг Віталь Портнікаў.
Паводле Портнікава, у выніку перавароту месца Аляксандра Лукашэнкі можа заняць новы прэзідэнт, пры якім адбудзецца дэмантаж беларускай дзяржаўнасці на карысць Расіі.
Радыё Свабода папрасіла Віталя Портнікава пракамэнтаваць факт удзелу расійскай вайсковай тэхнікі і расійскіх вайскоўцаў у парадзе 3 ліпеня ў Мінску.
Для ўдзелу ў мінскім парадзе Расія накіравала ў Беларусь «Іскандэры», С-400, бронеаўтамабілі «Тыгр», верталёты «Ка-52» і самалёты
«Су-34». Напярэдадні 3 ліпеня ў Мінск прыбудзе расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Афіцыйна ягоны візыт тлумачаць удзелам у цырымонія адкрыцця новага музею Вялікай Айчыннай
вайны.
Як ставіцца да прысутнасьці расійскіх войскаў у Мінску на фоне ўкраінска-расійскага вайсковага крызісу? Каментар Віталя Портнікава:
«Расіі важна закамуфляваць іміджавы правал ад той найцяжэйшай паразы, якую яна пацярпела сёння. Што б мы ні казалі, як бы Расія далей ні дэстабілізавала сітуацыю на паўднёвым усходзе
Украіны, падпісанне Украінай, Грузіяй і Малдовай пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам – гэта самая сур’ёзная геапалітычная параза Расіі. Гэта крах ілюзіяў адносна магчымасцяў
адраджэння Расійскай імперыі.
І цяпер для Уладзімера Пуціна вельмі важна давесці, што гэтая імперыя ўзнаўляецца. Мяркуючы па ўсім, у ёмістай формуле «Крымнаш» доказнасці ўжо недастаткова. Па-першае, у Расіі
няма магчымасцяў, каб прадэманстраваць Крым як паспяховую тэрыторыю, бо там шмат праблемаў. А па-другое, калі «Крымнаш», то трэба ісці далей на заваяванне іншых украінскіх земляў, а
ў Расіі цяпер няма для гэтага рэсурсаў.
Таму Расія пачынае новыя дэманстрацыі – напрыклад, дэманстрацыю непарушнага сяброўства з Рэспублікай Беларусь. Для мяне гэта не дзіўна яшчэ з адной прычыны: расійская палітыка не
пакідае выбару. Калі еўрапейская мадэль суседзтва была задуманая як магчымасць знайсьці сваё месца ў стасунках з Еўрасаюзам, пры гэтым не парываючы гістарычных і эканамічных сувязяў з Расіяй,
– то для Расіі любыя такія дзеянні накіраваныя на дэмантаж яе ўяўленняў пра будучыню. А яе ўяўленні пра будучыню – гэта знікненне нашых з вамі краінаў з мапы сьвету і замена іх
адной-адзінай – Расійскай Федэрацыяй. Яна можа называцца па-іншаму, як гэта не раз было, – Савецкі Саюз ці Еўразійскі саюз. Але сутнасць ад гэтага не мяняецца.
Выбар вельмі просты: альбо гэта выбар, які зрабілі ўкраінскія грамадзяне, абараніўшы свой шлях у Еўропу на Майдане. Гэта шлях незалежнай дэмакратычнай дзяржавы, якая сама вырашае сваю
будучыню.
Альбо гэта выбар, які робяць сёння жыхары Беларусі – выбар на карысць дэмантажу ўласнай дзяржаўнасці. Цалкам магчыма, што гэты дэмантаж, калі яму зараз у сілу ўжо сваіх асабістых
інтарэсаў супрацьстаіць Аляксандар Лукашэнка, адбудзецца пры наступным кіраўніку беларускай дзяржавы, які будзе пасаджаны на трон намаганнямі тых жа расійскіх вайскоўцаў, якія сёння
раз'яжджаюць на парадзе, а заўтра будуць удзельнікамі вайсковага перавароту ў Мінску».
svaboda.org