Украінскі тэлеканал у Беларусі запусцяць да Новага года

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім на экспертным форуме распавёў, што ўкраінскі тэлеканал можа запрацаваць у Беларусі ўжо да Новага года, піша TUT.by. Паводле яго слоў, гэта адбываецца так доўга з-за Міністэрства інфармацыі.

Ігар Кізім

Ігар Кізім

Ігар Кізім распавёў, што ўсе дакументы для ўключэння ў Беларусі ўкраінскага тэлеканала ўзгаднілі яшчэ ў лютым, але Мінінфарм затармазіў. Цяпер засталося вырашыць толькі адзін тэхнічны момант. «Мы вельмі доўга чакалі, пакуль нам Мінінфарм ўзгодніць рэгістрацыю. Кантракт быў гатовы да падпісання яшчэ ў лютым гэтага года, але не было дазволу ад Мінінфарма Беларусі. Потым у вашай краіне сталі ўносіць змены ў Закон аб СМІ, ён уступіў у сілу 1 снежня. Я казаў: тады канал павінен быць запушчаны 2 снежня. Але так не здарылася. Цяпер дазвол ад Мінінфарма ёсць, але з'явіўся тэхнічны момант — падпісваецца кантракт з новым аператарам. Але мы спадзяемся, што да Новага года ўкраінскі канал будзе. Там навінавая стужка невялікая, больш культуры. Беларускі глядач пакуль не гатовы да такой інфармацыйнай бомбы, што ў нас круціцца», — расказаў пасол.
Запусціць ўкраінскі канал у Беларусі хочуць аж з 2014 года, калі пра гэта дамовіліся прэзідэнты. У кастрычніку гэтага года на Форуме рэгіёнаў у Гомелі Пётр Парашэнка і Аляксандр Лукашэнка зноў абмяркоўвалі гэтае пытанне, і тады ўкраінскі прэзідэнт сказаў, што краіны дамовіліся — тэлеканалу быць. Усю неабходную тэхнічную інфармацыю беларускаму боку перадалі ў канцы верасня 2017 года, але канал не запушчаны да гэтага часу.
Паводле kyky.org