У Беларусі з'явіліся яшчэ два палітвязні

Беларускія праваабаронцы заявілі аб прызнанні памочніцы Віктара Бабарыкі Алены Карагачавай і аднаго з каардынатараў яго ініцыятыўнай групы Дзмітрыя Каракі палітычнымі зняволенымі і патрабуюць іх вызвалення.

Алена Карагачава. Фота Facebook

Алена Карагачава. Фота Facebook

Праваабарончай супольнасці Беларусі стала вядома, што 1 ліпеня 2020 года супрацоўнікамі ДФР КДК была затрыманая сябра ініцыятыўнай групы і асабістая памочніца Віктара Бабарыкі Алена Карагачава. Паводле атрыманых звестак, Карагачава абвінавачваецца па ч.2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сумы падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры). Яна змешчаная пад варту ў СІЗА КДБ.
Адзін з каардынатараў ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Бабарыкі Дзмітрый Карака быў затрыманы 18 чэрвеня разам з Эдуардам Бабарыкам па дарозе ў ТВК для здачы сабраных подпісаў. Ад моманту затрымання Карака знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.
Прэзідэнцкая кампанія ад самага пачатку адбываецца ва ўмовах запалохвання грамадства, пагрозаў і ціску, у тым ліку ў дачыненні да непасрэдных удзельнікаў выбарчай кампаніі — вылучэнцаў у кандыдаты і сябраў іх ініцыятыўных груп.
Улічваючы дадзеныя акалічнасці, праваабаронцы робяць выснову, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі і сябраў ягонай ініцыятыўнай групы з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне іх публічнай дзейнасці па вылучэнні Бабарыкі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты і далейшым удзеле ў выбарах.  
Удзел у кіраванні краіны праз працэдуру перыядычных, свабодных і дэмакратычных выбараў з’яўляецца адной са свабодаў, рэалізацыя якой гарантаваная грамадзянам Беларусі, як Канстытуцый, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
У сувязі з гэтым прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, пацвярджаючы сваю пазіцыю, выкладзеную ў заяве аб прызнанні Віктара Бабарыкі і затрыманых сябраў ягонай ініцыятыўнай групы ад 19 чэрвеня 2020 года, заўляюцьаб прызнанні Алены Карагачавай і Дзмітрыя Карака палітычнымі зняволенымі і патрабуюць іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення.
Паводле spring96.org