У Беларусі адбываецца «рэвалюцыяй годнасці» — Павел Палажчанка

У Беларусі маштабы дзяржаўнай хлусні відавочна пераўзышлі тое, што людзі гатовыя былі б трываць дзеля адноснай стабільнасці, адзначае Павел Палажчанка. І робіць выснову, што расійскай уладзе не варта дужа спадзявацца на тое, што палітычныя дамовы, дасягнутыя цяпер з Лукашэнкам, доўга праіснуюць.

img_4869_logo_1.jpg

Што змянілася за апошнія месяцы ў Беларусі? Чаму аўтарытарны беларускі кіраўнік, які імітуе фармальную дэмакратыю, пралічыўся, і гэтым разам цярпенне грамадства лопнула? — задаецца пытанне ў сваім блогу на «Эхо Москвы» Павел Палажчанка, кіраўнік аддзела міжнародных сувязяў і кантактаў з прэсай у Гарбачоў-Фондзе.

Павел Палажчанка адзначае, што цяжкае эканамічнае становішча Беларусі пакуль не вельмі адбілася на паўсядзённым жыцці многіх яе грамадзян. І звяртае ўвагу, што цяперашні беларускі пратэст «мае не столькі сацыяльна-эканамічны, колькі маральны характар».

«Пры ўсіх адрозненнях з Украінай тое, што адбываецца ў Беларусі таксама можна назваць "рэвалюцыяй годнасці". Людзі пратэстуюць перш за ўсё супраць таго, што іх ні ў што не ставяць. Маштабы дзяржаўнай хлусні відавочна пераўзышлі тое, што людзі гатовыя былі б трываць дзеля адноснага спакою і стабільнасці.

Фактычна, адзіным лозунгам пратэстоўцаў, які падтрымліваецца, відаць, значнай большасцю грамадства, з'яўляецца патрабаванне дыялогу з уладай аб правядзенні сумленных выбараў. Такая позва дня не запатрабавала з'яўлення моцнага лідара і распрацоўкі альтэрнатыўнай праграмы. У гэтым слабасць гэтага пратэсту. Праграма абавязкова спатрэбіцца, прычым яна павінна быць прывабнай і для тых, хто цэніць станоўчыя бакі цяперашняй "беларускай сістэмы"…

Беларусі патрэбныя рэформы, прычым маштабныя — і таму непазбежна балючыя. Пакуль зусім не ясна, хто і як зможа іх праводзіць.

Расійскае кіраўніцтва пасля ваганняў, звязаных з шэрагам несяброўскіх крокаў і выказванняў Лукашэнкі, вырашыла, што яго захаванне ва ўладзе было б меншым злом, да таго ж аслаблены Лукашэнка будзе больш падатлівы на заклікі да інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы, якая існуе цяпер больш на словах. Прыход да ўлады альтэрнатыўных сілаў азначаў бы непрадказальнасць, у якой расійская ўлада заўсёды бачыць пагрозу.

Аднак і прадказальнасць, і магчымасці інтэграцыі моцна залежаць ад характару рэжымаў, якія ўзаемадзейнічаюць. Адносіны паміж аўтарытарнымі рэжымамі могуць здавацца прадказальнымі і нават саюзніцкімі, але ўстойлівасць такіх адносін у гістарычнай перспектыве ў лепшым выпадку сумніўная. Сваімі дзеяннямі ў апошнія тыдні Лукашэнка, які абвясціў пратэстоўцаў "ворагамі" і "пацукамі", настолькі настроіў супраць сябе значную, найбольш актыўную і, верагодна, пераважную частку беларускага грамадства, што ніякія вынікі, дасягнутыя разам з ім, хутчэй за ўсё, доўга не праіснуюць. Як бы ні развіваліся падзеі ў Беларусі ў бліжэйшай і сярэднетэрміновай перспектыве, расійскай уладзе варта зрабіць высновы з ужо таго, што адбылося — як для сваёй знешняй, так і для ўнутранай палітыкі. Калі яна на гэта здольная».