Шрайбман: Ціханоўская прыйшла ў той пункт легітымнасці, якому не пагражае байкот выбараў 2025 года
Палітычны аналітык тлумачыць, што такое легітымнасць, як яна звязаная з даверам, і чаму легітымнасць ёсць у Святланы Ціханоўскай, але няма ў Аляксандра Лукашэнкі. І ці залежыць гэтая сітуацыя ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2025 года.
Да галасавання за новы склад Каардынацыйнай рады засталося менш за месяц, агітацыя за спісы кандыдатаў і гонка за падтрымку беларусаў ужо пачалася. Зрэшты, аналітыкі і эксперты ацэньваюць гэтую кампанію па-рознаму.
Адны мяркуюць, што крэдыту даверу ў структуры амаль не засталося, і нават зацікавіць беларусаў выбарамі будзе вельмі праблематычна, іншыя адзначаюць, што канфліктныя сітуацыі і «разнамаснасць» кандыдатаў — гэта якраз нармальна, і гэта прыкмета здаровага грамадства, у адрозненне ад маналітнай залы «дэлегатаў УНС».
Але галоўнае — што далей: калі Лукашэнка рыхтуе сабе чарговыя прадказальную і «элегантную перамогу» на так званых прэзідэнцкіх выбарах, як зменіцца статус Святланы Ціханоўскай і дэмсіл па-за Беларуссю летам 2025 года?
— Не згодны, што гэта апошняя выбарчая кампанія, — адзначае аналітык Арцём Шрайбман у новым выпуску праекта «Гадзінічак цікае». — Думаю, што донары беларускай апазіцыі кажуць тое ж самае: што наперадзе 2025 год, і гэтую магчымасць абавязкова трэба выкарыстоўваць.
Але што за 2025 год? УНС у такім выглядзе, як гэта прайшло, і такая лексіка, як там гучала, рыторыка Лукашэнкі — ён ужо нават пагражае сваякам палітэмігрантаў, маўляў, думайце, каму вы тут нашкодзіце, — настройвае нас на абсалютна зразумелы 2025 год.
Гэта значыць — прасторы для актыўнасці ўнутры краіны не будзе. І ў мяне выклікае цікавасць на мяжы здзіўлення пазіцыя людзей, якія ўсё ж такі мяркуюць, што кампанію ўнутры краіны трэба неяк паспрабаваць выкарыстаць. Гэта пазіцыя тых сіл, хто крытыкуе Ціханоўскую і іншых за байкотныя сцэнары, кажучы: не, трэба ўдзельнічаць.
А як ты будзеш удзельнічаць, калі Дзмітрый Кучук паспрабаваў схадзіць на парламенцкія выбары — цяпер сядзіць (думаю, у першую чаргу за гэта). Ці, можа, у такіх умовах, акрамя ігнора, нічога не засталося?
Хоць я не згодны, што якая-небудзь электаральная кампанія паўплывае на легітымнасць Ціханоўскай пасля 2025 года. Легітымнасць заўсёды ў вачах людзей — гэта не пытанне законнасці, таго, што ты выйграў выбары, а пытанне таго, як цябе ўспрымаюць.
Думаю, што Святлана Ціханоўская і яе структуры ўжо прыйшлі ў той пункт аб'ёму сваёй, у першую чаргу міжнароднай, легітымнасці, якой не пагражае ігнор 2025 года. А з пункту гледжання ўнутранай беларускай легітымнасці — якую б кампанію ні правёў офіс Ціханоўскай, гэта ні на што не паўплывае. Можна падключыць хоць усе медыя да нейкага працэсу — гэта нічога не зменіць як для тых, хто лічыць яе легітымнай, так і для тых, хто забыўся пра яе і пра дэмакратычныя сілы.
Таму, думаю, патэнцыйныя страты 2025 года перабольшаныя. Вось праходзіць ліпень 2025 года, калі павінны адбыцца выбары — і я не ўяўляю сабе такога чалавека, які кажа: «Усё, для мяне Ціханоўская цяпер нелегітымная».
Увага да беларускага пытання падае, але тыя, хто да Беларусі яшчэ гэтую ўвагу мае і аказвае нейкую падтрымку — ім усё роўна патрэбны суразмоўца. І нікога больш звыклага за Святлану, нікога з больш зразумелымі прэтэнзіямі на гэтую ролю, чым Святлана, няма.
Павел Латушка можа выйграць выбары ў КС сярод 5 тысяч людзей з дыяспары — але гэта яму не дасць параўнальнага ўзроўню легітымнасці. Таму не думаю, што ўзнікне нейкая супярэчнасць у сённяшнім статусе Ціханоўскай.
Паводле Салідарнасці