Сяргей Навумчык: Гэта вельмі дрэнны знак
«Еўропе цяпер не тое што цяжка ў належным аб'ёме дапамагаць Украіне, ёй будзе няпроста супрацьстаяць Расіі ў выпадку, калі б Пуцін пайшоў на Польшчу ці, напрыклад, на Літву», — піша ў сваім фэйсбуку палітык Сяргей Навумчык.
Заява прэзыдэнта Чэхіі Петэра Павала пра неабходнасьць спыніць баявыя дзеяньні, пакінуць Расеі захопленыя ёй тэрыторыі («наіўна меркаваць, што Кіеў верне тэрыторыі ў агляднай будучыні») і пайсьці на перамовы – вельмі дрэнны знак.
Заўважым, што мірныя перамовы і асабліва адмова ад украінскіх тэрыторый ня толькі ўмацуюць рэйтынг Пуціна ў ачмурэлым ваеннай гістэрыяй расейскім грамадзтве, але і распаліць імпэрскія апэтыты Крамля. Санкцыі не далі чаканых вынікаў, Расея пераводзіць прамысловасьць на ваенныя рэйкі, і мірная перадышка – акурат тое, што цяпер патрэбна агрэсару. Каб пайсьці ў «сьвяты паход» ужо не на «бандэраўцаў», а на «натаўцаў». У канчатковым выніку Расея, канешне, загубіўшы сотні тысяч жыцьцяў з абодвух бакоў, зламае галаву – але калі ў Крамлі думалі галавой?
Але хачу зьвярнуць увагу на тое, што зрабіў такую заяву менавіта Павал.
Па-першае, Павал яшчэ да абраньня прэзыдэнтам адназначна выказваўся за максымальную падтрымку Ўкраіны, і адразу пасьля інаўгурацыі ініцыяваў збор боепрыпасаў для супрацьстаяньня расейскаму агрэсару. Яго нельга папракнуць у наяўнасьці хаця б мізэрнага сантымэнту да рэжыму Пуціна.
А па-другое, Павал – кадравы афіцэр, генэрал, у мінулым – адзін з кіраўнікоў NATO, і ўспрымае сытуацыю прафэсійна. Прычым бачыць яе ня толькі ў межах баявога супрацьстаяньня паміж Украінай і Расеяй, але маштабна, з улікам ваенна-палітычнай сытуацыі мінімум на эўрапейскім кантынэнце.
І калі ўжо ён вымавіў словы пра перамовы ды яшчэ пра адмову Кіева ад захопленых расейскім агрэсарам тэрыторый – значыць, у яго былі падставы меркаваць, што сытуацыя не дадае празьмернага аптымізму.
Іншымі словамі – Эўропе цяпер ня тое што цяжка ў належным аб'ёме дапамагаць Украіне, ёй будзе няпроста супрацьстаяць Расеі ў выпадку, калі б Пуцін пайшоў на Польшчу ці, напрыклад, на Літву.
Ніякага сюрпрызу тут няма: апошнія два дзесяцігодзьдзі Эўропа жыла «на расслабоне», зьвёўшы ваенны бюджэт да небясьпечнага мінімуму, а Мэркель ды ёй падобныя закалыхвалі казкамі пра сяброўства з Расеяй (менавіта ў разьліку на «расейскі лакаматыў дэмакратыі» нямецкія і французскія палітыкі ў 90-я аддалі Беларусь пад уплыў Масквы).
Прэзыдэнт Чэхіі ўсяго толькі сказаў пра тое, што ён бачыць і што ведае.
На гэтым фоне словы дзяржсакратара ЗША Блінкена пра «упэўненасьць у перамозе» гучаць цынічна і няшчыра. І справа ня толькі ў тым, што ЗША паўгады марудзіла з выдзяленьнем дапамогі (Белы дом ня можа загадаць Кангрэсу, а бюджэтнымі пытаньнямі займаецца менавіта Кангрэс, гэтак дзейнічае падзел уладаў). Байдэн і да замарозкі дапамогі мог 50 разоў дапамагчы Ўкраіне ўпэўнена перамагчы (без усялякіх двукосьсяў) – ужо вясной 2022 -га, калі б зачыніў неба над Украінай і ці хаця б выдаткаваў УСУ патрэбную колькасьць баяваой авіяцыі. Пра такую рэч, як патапіць Чарнаморскі флот (цалкам у магчымасьцях ЗША) – я ўжо і ня ўзгадваю. Але пагаджуся з тымі аналітыкамі, якія ўпэўненыя, што гэта зьмяло б рэжым Пуціна (дададзім – а ўсьлед за ім і Лукашэнкі).
Урэшце, прэзыдэнт Чэхіі мае права заяўляць, што NATO не павінна ўступаць у непасрэднае сутыкненьне з расейскімі войскамі. Чэхія ня мае ніякіх абавязкаў перад Украінай. Ну, хіба можна прыгадаць, што ў 1968 танкі ад мяжы СССР дайшлі ў Прагу за пару-тройку сутак.
А вось прэзыдэнт ЗША абавязаны самым прамым чынам спыніць агрэсію Масквы. Бо Амэрыка падпісала Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях сувэрэнітэту Украіны (Беларусі і Казахстана таксама) узамен за вывад ядзернай зброі. І менавіта Вашынгтон выкручваў у пачатку 90-х рукі Кіеву, Менску і Алма-Аце, прымушаючы іх вывесьці ядзерную зброю – як вы думаеце, куды? У Расею.
Цікава, ці ёсьць ва Ўкраіне хоць адзін патрыёт, які б сёньня ўхваляў той вывад ядзернай зброі?
Цяпер Украіна расплочваецца крывёю і жыцьцямі сваіх грамадзянаў за бяздарую недальнабачнасьць адміністрацыі Клінтана, за баязьлівасьць адміністрацыі Абамы (які мусіў самым рашучым чынам адказаць на анэксію Крыму), за нерашучасьць адміністрацыі Байдана.
Гістороыя сапраўды вучыць таму, што нічому ня вучыць.
Нерашучасьць заходніх палітыкаў больш як восем дзесяцігодзьдзяў таму, іх адмова даць па руках Гітлеру (што, канешне, было рызыкай і каштавала б пэўных ахвяраў) – не ўратавала сьвет ад вайны. І расплочвацца давялося ўжо ня тысячамі, мільёнамі і мільёнамі жыцьцяў.