«Прадстаўляць за мяжой беларусаў». Навошта беларуска ідзе ў польскі парламент?

Яна Шостак — сучасная мастачка, рэжысёрка, дактарантка ўніверсітэта акторскага майстэрства ў Познані. Цяпер яна мае намер балатавацца ў польскі парламент. Аб прычынах такога рашэння Яна расказала «Еўрарадыё».

Фота з асабістага архіва Яны Шостак

Фота з асабістага архіва Яны Шостак

— Бліжэйшым часам «Грамадзянская кааліцыя», у якую ўваходзяць некалькі партый Польшчы, павінна абвясціць імёны кандыдатаў, пасля чаго можна будзе пачынаць афіцыйную выбарчую кампанію, — кажа Яна Шостак.

У сярэдзіне ліпеня дзяўчына, якая пераехала ў Польшчу 13 гадоў таму, распавяла пра сваё жаданне трапіць у польскі парламент ад партыі «Зялёныя», каб сур’ёзна заняцца пытаннямі міграцыі і інтэграцыі. Яна ўпэўненая, што вырашаць міграцыйныя праблемы і распрацоўваць інтэграцыйныя праграмы трэба на высокім узроўні.

— Я вылучаюся ад партыі «Зялёныя», бо бачыла, як яе чальцы дапамагалі мігрантам падчас каранціну, пасля выбараў у Беларусі і пачатку вайны ва Украіне. Звычайна людзі сутыкаюцца са складанасцямі пры запаўненні нейкіх папер, напрыклад, калі падаюцца на міжнародную абарону. Рух «Партызанка» атрымліваў шмат запытаў на такую дапамогу. Вядома, нашыя сілы былі абмежаванымі, таму мы звярталіся да некаторых дэпутатаў. Больш за ўсё нас падтрымлівалі менавіта «Зялёныя».

Зразумела, што я балатуюся ад іх і з-за поглядаў, якія блізкія майму сэрцу. Ну і ёсць трэцяя нагода: сузаснавальнікам партыі «Зялёныя» ў Германіі быў нямецкі мастак, адзін з лідараў постмадэрнізму Ёзэф Бойс, які з’яўляецца вельмі важнай постаццю і ў мастацтве, і ў актывізме.

— Распавядзі падрабязней, чым плануеш займацца як дэпутатка і чаму?

— Я зрабіла гэты крок, каб прадстаўляць за мяжой беларусаў, а таксама іншых людзей, якім прыходзіцца эміграваць. Я ведаю, што ў Польшчы замежнікі сутыкаюцца са шматлікімі праблемамі на розных узроўнях. Канечне, дапамагаць можна і будучы актывісткай, але, як паказвае практыка, твой голас мае зусім іншую моц, калі ты з’яўляешся дэпутаткай і можаш на розных узроўнях размаўляць пра сістэмнае вырашэнне гэтых праблем.

— Ты ўяўляеш, як гэта зрабіць?

— Натуральна, патрэбна добрая інтэграцыйная праграма, каб палякі не баяліся людзей, якія прыязджаюць з краін з іншымі культурамі. Бо, як добра кажуць на Падляшшы, усе мы тутэйшыя і павінны вучыцца суіснаваць разам.

Я лічу, што трэба працаваць у кірунку развіцця інтэграцыйнай палітыкі ў Польшчы, тут з гэтым, скажам, ёсць праблемы.

Мне прыемна, што мы стартуем менавіта з Падляшша, бо тут жыве самая вялікая меншасць беларусаў і ўвогуле адчуваецца, як спалучаюцца розныя культуры. Побач Гародня, да якой я пакуль не магу прыехаць, але ж рэжым не назаўсёды і, спадзяюся, аднойчы гэта зменіцца. Тады з польскага боку будуць патрэбныя людзі, гатовыя супрацоўнічаць з ужо вольнай Беларуссю, і працаваць над гэтым нам трэба ўжо сёння.


Глядзіце таксама

— Пасля 9 жніўня прайшло тры гады. З якімі думкамі ты сустракала гэтую дату ў 2023-м? Час парэфлексаваць быў, што цяпер адчуваеш?

— Канечне, з аднаго боку, выгаранне не скончылася. Так, нейкі перадых быў, але ёсць адчуванне і нейкай хранічнай замучанасці. Тры гады, з аднаго боку, прайшлі хутка, а з іншага — час падзяліўся на тое, што было тады і што адбываецца цяпер. Спадзяюся, што ўсё зменіцца да лепшага.

Інтэграцыйная палітыка — тое, чым я мару займацца. Чаму? Пасля вайны Швецыя прыняла шмат новых мігрантаў і ў выніку людзі падзяліліся: у адных раёнах жывуць шведы, а другіх — тыя, хто прыехаў. Хацелася б, каб у Польшчы такіх падзелаў не было, таму сітуацыю трэба папярэдзіць.

Моцы дадае тое, што нічога не скончылася. Раней амаль пасля кожных выбараў было такое, што рух нібыта знікаў. А тут прайшло тры гады, і людзі не супакоіліся. Марш беларусаў, які 9 жніўня адбыўся ў розных кутках свету, паказвае, што наш голас існуе, што ёсць людзі, якія працягваюць рабіць што могуць. Гэта надае надзею.

На мой погляд, галоўнае з таго, што зрабіла наша абраная лідарка Святлана Ціханоўская, — яна не дала замаўчаць і не дала забыцца пра Беларусь. Гэта каштуе вялікага.

Зразумела, што праблемы ёсць і іх вельмі шмат, але натхняе тое, што нягледзячы на хранічную замучанасць, людзі далей працягваюць праяўляць салідарнасць. Гэта дадае і духу, і сілы. Мне падаецца, што калі б не было гэтай салідарнасці, у мяне асабіста не было б сілы вырашыцца ісці ў польскі парламент.

За гэтыя тры гады мы сталі больш свядомымі як беларусы, і я спадзяюся, што далей з гэтым будзе яшчэ лепей. Так, я кажу пра гэта сёння, нягледзячы на бясконцыя “бульбасрачы”. Канфлікты — гэта нармальная праява ў дэмакратычным грамадстве. І ў Польшчы так было пры “Салідарнасці”, і ў іншых краінах.

— Вось ты кажаш пра інтэграцыю. Хапае беларусаў, якіх трыгерыць мінулае і, магчыма, яны жадаюць хутчэй інтэгравацца. З іншага боку, некаторыя лічаць інтэграцыю падчас рэпрэсій на Радзіме нейкай здрадай, таму трымаюцца свайго беларускага кола, ходзяць у нейкія беларускія месцы. Як жыць з гэтым пачуццём віны?

— Большая частка людзей разумее, што перш за ўсё і нягледзячы ні на што, мы павінны жыць тут і цяпер. Шмат хто з беларусаў, якім мы дапамагалі, не жадалі вучыць польскую мову, бо лічылі, што пройдзе некалькі месяцаў, і мы ўсе вернемся дадому. Я ўпэўненая, што як бы ні склаўся наш лёс далей, трэба выключаць гэта і ўсё ж вучыць мову краіны, куды пераехаў. З майго пункту гледжання, вельмі важна сваёй працай і яе вынікамі паказваць тым жа палякам — глядзіце, якія мы — людзі з вольнай Беларусі; суперспецыялісты і гэтак далей. Добрая прэзентацыя сябе ў свеце — гэта важна.

Дарэчы, падтрымка беларускіх месцаў і мерапрыемстваў — гэта адна з праяваў салідарнасці. Вядома, хадзіце і прыводзьце туды знаёмых палякаў. Распавядайце ім пра нас, пра нашую культуру. Жывучы тут 13 год, я маю ўжо добрае кола мясцовых знаёмых, якім стараюся паказваць нашыя месцы. Можа, пакуль нехта не да канца ацэньвае, навошта гэта, але ў далейшай перспектыве мы пабачым, якая важная інтэграцыя. І працаваць над ёю можна ўжо сёння.

На тэлебачанні ідуць палітычныя дэбаты, прадстаўнікі розных партый абвінавачваюць адно аднаго ў глупстве і папулізме, наперабой абяцаючы пры гэтым палякам шырокі набор сацыяльных праграм.

Акрамя традыцыйных партый — "Правам і справядлівасцю" з аднаго боку і "Грамадзянскай платформай" з другога — сёлета ім кінуць выклік маладыя і маленькія партыі. Некаторыя настроены вельмі радыкальна, абяцаючы выхад Польшчы з Еўрасаюза.