Мажэйка: Беларусь рыхтуецца да вайны паводле расійскага ўзору
Палітолаг Вадзім Мажэйка ў інтэрв'ю «Филину» пракаментаваў прынятыя Палатай прадстаўнікоў заканадаўчыя змены, сярод якіх — павестка ў ваенкамат праз смс-паведамленні і набор «кантрактнікаў» у турмах.
На вайсковую службу ў Беларусі можна будзе набіраць зняволеных з калоній, а sms-паведамленні прыраўняюць да позвы ў ваенкамат — гэтыя змены прадугледжаны законапраектам «Аб змене законаў у пытаннях гарантавання нацыянальнай бяспекі», які прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 1 лістапада.
— З аднаго боку, застаюцца ўсе тыя прычыны, па якіх беларускае войска не ўступіла ў вайну з Украінай, — адзначае Вадзім Мажэйка. — З іншага, гэты законапраект пасылае даволі адназначны мэсэдж: Беларусь рыхтуецца да вайны паводле расійскага ўзору.
Гэта новыя ўводныя, і важна на такія рэчы звяртаць увагу. Таму што гэта вельмі трывожныя сігналы, і мы бачым, што яны далёка не адзіныя. Згадаем рыторыку беларускіх вайскоўцаў пра «прарубанне калідора праз літоўскія санкцыі», пастаянныя вучэнні тэрытарыяльнай самаабароны. Выглядае смешна, калі немаладыя мужчыны ў форме ахоўваюць які-небудзь сельмаг, але ідэя такіх вучэнняў зусім невясёлая.
У прынцыпе, вайскоўцам рыхтавацца да розных сцэнараў разумна. У любой краіне так адбываецца. Зусім не абавязкова, што яны збіраюцца гэтыя сцэнары ажыццявіць. Але ў цэлым законапраект — нядобры званок.
Вадзім Мажэйка звяртае ўвагу на тое, што ў Расіі дзейнічае іншае заканадаўства, няма аніякіх позваў па смс.
— Наадварот, у іх там доўгая дыскусія, як зрабіць электронную базу ў ваенкаматах, ці можна адпраўляць позвы праз дзяржпаслугі. А ў Беларусі, як гэта часта бывае, не разменьваюцца на дробязі, як расійцы з «іншаагентамі» пакутуюць, а ў нас адразу: «экстрэміст», «тэрарыст» — да пабачэння.
Так і тут: а мы будзем позвы па смс рассылаць. Тое самае — пра легальнасць набору «кантрактнікаў» у турмах. У Расіі гэта нелегальна рабіў «Вагнер», а ў Беларусі давайце зробім легальна, чаму не?
Пры поглядзе на законапраект здаецца, што яго тэхзаданне было такім: калі мы будзем заўтра ваяваць так, як Расія сёння ваюе ва Украіне, як нам для гэтага трэба змяніць заканадаўства, каб нам было зручней?
— На якія новаўвядзенні з законапраекта варта было б звярнуць увагу?
— Я бачу павелічэнне паўнамоцтваў ваенкаматаў, позвы па смс, адсутнасць неабходнасці іх асабістага ўручэння. Па сутнасці, у маладых мужчын, якія застаюцца ў Беларусі, моцна скарачаецца магчымасць пазбегнуць камунікацыі з ваенкаматам — ужо не схаваешся ад папяровай позвы. Таксама павышаецца ўзрост знаходжання ў запасе для ваеннаабавязаных жанчын-радавых.
— Начальнік Генштаба Узброеных сіл Віктар Гулевіч кажа, што позвы ў войска па смс пакуль не заменяць папяровыя. Іх зраўняюць толькі ў ваенны час.
— Раніцай Лукашэнка падпісаў указ, у абед ты атрымаў смску, увечары павінен прыйсці ў ваенкамат — цалкам рэалістычная хуткасць, усё залежыць ад рашэння аднаго чалавека. Гэта варта ўлічваць як сур'ёзную рызыку.
— Згодна з законапраектам, мабільных аператараў абавяжуць падаваць нумары беларусаў КДБ і ваенкаматам. Але ж і раней на запыт мабільныя аператары падавалі сілавым структурам нумары тэлефонаў.
— А дагэтуль хтосьці лічыў, што беларускія ўлады не могуць даведацца, на каго зарэгістраваны нейкі мабільны нумар ці, наадварот, які нумар на каго зарэгістраваны? Гэта і так усё відавочна было. Калі хтосьці дагэтуль думае, што ёсць нейкая таямніца для дзяржавы, у каго які мабільны тэлефон, у каго які рахунак у банку, то я б на гэта не разлічваў.
— Яшчэ адно новаўвядзенне: раней КДБ не займалася тымі, хто не з'явіўся па позве ў ваенкамат, а цяпер гэта з'яўляецца функцыяй органаў дзяржбяспекі.
— Таксама пашырацца паўнамоцтвы вайсковых камісараў, яны змогуць выпісваць адміністрацыйныя пратаколы, не прыцягваючы міліцыю.
Калі цябе будуць якім-небудзь чынам цягнуць у войска, будзе рабіць гэта вайсковы камісар, ГУБАЗіК, КДБ ці нехта яшчэ — не думаю, што будзе асаблівая розніца для таго, хто апынуўся ў іх руках.
— Да чаго можа прывесці тое, што на вайсковую службу па кантракце можна будзе набіраць людзей, якія знаходзяцца пад следствам, з непагашанай судзімасцю, зняволеных з калоній, калі такое рашэнне прыме Лукашэнка?
— Калі хтосьці пасля таго, што было ў Расіі, калі Прыгожын набраў войска «зэкаў», а потым зладзіў вайсковы мяцеж, з гэтага вынес ідэю, што гэта класны досвед і трэба паўтарыць... Адразу відаць, у якую краіну прыехалі дарадцы ПВК «Вагнер» і раздаюць каштоўныя ўказанні, як ваяваць.
Калі сур'ёзна, то не думаю, што гэта пачне прымяняцца ў кароткатэрміновай перспектыве — з той простай прычыны, што аніякаму камандзіру кантрактнай вайсковай часці не захочацца мець у сваім падначаленні некалькі дзясяткаў зняволеных з турмы. Думаю, гэта норма на ваенны час.
— Можа, гэта робіцца на выпадак дэфіцыту прызыўнікоў у выпадку вайны?
— Зразумела, што не ад добрага жыцця такія ідэі ўзнікаюць. Калі ў цябе ўсё дрэнна з прыцягненнем кадраў і няма рэсурсаў, каб людзей матываваць, тады ствараеш такія матывацыі: з турмы хаця б выйдзеце. Гэта значыць, кантрактная служба настолькі непрывабная, у параўнанні з грамадзянскім жыццём, што застаецца зрабіць так, каб яна была больш прывабнай у параўнанні з беларускай турмой.
Такое ўзмацненне жорсткасці норм — яшчэ адзін аргумент з'ехаць з Беларусі, каб у выпадку вайны не аказацца мабілізаваным. Тым больш невядома, як гэта будзе рэалізоўвацца. Цябе зловіць міліцыянт на вуліцы і скажа: «Альбо мы цябе зараз пасадзім на 10 гадоў у турму — знойдзем, за што (скажам, што ты «экстрэміст», «тэрарыст», альбо ідзі на кантракт у войска». Зразумела, што тут поле для маніпуляцыі велізарнае.