Ваенна-патрыятычныя злёты моладзі. Як БПЦ (МП) выхоўвае дзяцей у духу «рускага міру»

Стварэнне і функцыянаванне клубаў пад куратарствам БПЦ (МП), якія бяруць удзел у ваенна-патрыятычных злётах, — не ініцыятывы асобных людзей, а сістэмная праца, мэта якой — ахапіць усю Беларусь структурамі па выхаванні дзяцей у духу «рускага міру» і навучанні іх пры гэтым вайсковым навыкам.

Ваенна-патрыятычны зьлёт у 2022 годзе.

Ваенна-патрыятычны зьлёт у 2022 годзе.

Пачынаючы з 2006 года і дагэтуль у Беларусі адбываюцца ваенна-патрыятычныя зьлёты праваслаўнае моладзі. Усяго на дадзены момант адбылося 15 зьлётаў, апошні з якіх быў у гэтым годзе. Праводзяцца яны прыкладна ў адзін і той жа час, у чэрвені, і прымеркаваныя да гадавіны нападу гітлераўскае Нямеччыны на СССР у 1941 годзе. У 2020 і 2021 гадах зьлёты не праводзіліся, напэўна, з-за таго, што прарасейскія і пралукашэнкаўскія арганізатары былі напалоханыя пратэстамі.

Арганізуюць гэтыя зьлёты Беларуская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхата і Памежны камітэт Беларусі. Праводзячы іх, арганізатары спасылаюцца на дамову аб супрацоўніцтве паміж БПЦ (МП) і памежнымі войскамі Беларусі ад 2003 года. Але ў тэксце згаданае дамовы гаворка ідзе толькі пра вайскоўцаў, а не пра дзяцей.

Непасрэдны арганізатар — настаяцель царквы ў вёсцы Тарасава Мінскага раёна протаіерэй Сяргей Кузьмянкоў. Першыя два зьлёты, у 2006 і 2007 гадах, адбыліся менавіта ля вёскі Тарасава. У структуры БПЦ (МП) протаіерэй Сяргей Кузьмянкоў займае пасаду старшыні Сінадальнага аддзела па ўзаемадзеяньні з Узброенымі Сіламі і іншымі воінскімі фармаваньнямі Беларусі.

screenshot_from_2023_11_02_17_22_33_logo.png

То-бок, ваенна-патрыятычныя клубы далучаныя да «іншых воінскіх фармаваньняў». На пачатку свайго сьвятарства Сяргей Кузьмянкоў служыў у менскім прыходзе разам з іерэем Ігарам Карасьцялёвым, які пазьней, у 2002 годзе, стаў духоўнікам адной зь дзьвюх буйных казачых груповак у Беларусі — РОО «Белорусское казачество» Мікалая Ўлаховіча. 

На кожным ваенна-патрыятычным зьлёце маецца камэндант. Паводле сабранае інфармацыі, камэндантам большай часткі зьлётаў, а магчыма, і ўсіх, зьяўляецца протаіерэй Аркадзь Касьяненка. Ён нарадзіўся ў Валгаградскай вобласьці Расеі і скончыў Калінінградскае вышэйшае інжынэрнае вучылішча інжынэрных войскаў. Пасьля яго заканчэньня ў 1988 годзе Касьяненка быў накіраваны ў Кіеў у канвойны полк унутраных войскаў на пасаду камандзіра інжынэрнага ўзводу. Калі Ўкраіна здабыла незалежнасьць, ён звольніўся з унутраных войскаў, нейкі час папрацаваў ахоўнікам у прыватнай фірме, а станам на 1993 год Аркадзь Касьяненка ўжо перабраўся ў Беларусь і пачаў навучаньне ў Жыровіцкай сэмінарыі. Пазьней ён стаў настаяцелем Сьвята-Уладзімерскае царквы ў Гародні і да 2013 года ўзначальваў у Гарадзенскае епархіі БПЦ (МП) аддзел па ўзаемадзеяньні з Узброенымі Сіламі. Аркадзь Касьяненка выйшаў у адстаўку ў званьні капітана ўнутраных войскаў, а ў траўні 2012 года стаў маёрам войскаў тэрытарыяльнае абароны.

Сын Аркадзя Касьяненкі Аляксей у 2011 годзе скончыў Пагранічны інстытут Федэральнае службы бясьпекі Расеі.

Да арганізацыі зьлётаў мае дачыненьне яшчэ адна арганізацыя, якая ў гэтай якасьці пачала праяўляць сябе ўжо ў 2007 годзе — гэта «Добраахвотнае таварыства садзейнічаньня арміі, авіяцыі і флоту» (ДТСААФ). ДТСААФ праводзіць частку спаборніцтваў у межах зьлётаў (прынамсі ў 2007 і 2023 гадах), а таксама ўзаемадзейнічае зь некаторымі з ваенна-патрыятычных клюбаў. 

Адносна некаторых зьлётаў вядома, якія змадэляваныя баявыя сітуацыі, «сюжэты», арганізатары прапануюць дзецям. Падчас зьлёту 2009 года, які адбыўся ў Лідскім памежным атрадзе, такім сюжэтам стала «ўзброеная правакацыя на мяжы» — перад удзельнікамі ваенна-патрыятычных клубаў ставілася задача захапіць «дыверсантаў, якія прарваліся празь мяжу». Падобнае адбылося і ў 2013 годзе, калі мейсцам для правядзеньня зьлёту стаўся Смаргонскі памежны атрад. Тады чальцы ваенна-патрыятычных клубаў трэніраваліся «выканаць задачу па пошуку і зьнішчэньні дывэрсыйна-выведвальнае групы»

Апрача летніх зьлётаў, тыя ж арганізатары з 2008 года праводзяць спаборніцтвы ваенна-патрыятычных клюбаў яшчэ і ўвосень, пад назвай «Юный воин». У адрозненьне ад летніх зьлётаў, якія, за малым выключэньнем, праводзяцца ў памежных атрадах, мейсцам правядзеньня гэтых зьяўляюцца часткі ўнутраных войскаў.

Скрыншот з сайта Гарадзенскай епархіі БПЦ

Скрыншот з сайта Гарадзенскай епархіі БПЦ

Першыя зь іх адбываліся нават напрыканцы лістапада, у 2010 годзе дзеці  былі вымушаныя выконваць марш-кідок і праходзіць паласу перашкодаў у завею пры мінус 15 градусах. Потым час правядзеньня ўсё ж зьмясьцілі на кастрычнік. 

Скрыншот са штотыднёвіка «Царкоўнае слова», № 49 (443), 2010 г.

Скрыншот са штотыднёвіка «Царкоўнае слова», № 49 (443), 2010 г.

Клубы-ўдзельнікі на ваенна-патрыятычныя зьлёты заяўляюцца як епархіяльныя клюбы, якія прадстаўляюць тую ці іншую епархію БПЦ (МП). І сетка гэтых клюбаў ужо больш за дзесяць гадоў ахоплівае ўсе вобласьці Беларусі.

У першым зьлёце ўдзельнічалі толькі тры клюбы — «Пересвет» з Магілёва, «Витязь» з Гародні і клюб імя Даўмонта Пскоўскага зь Менску. Зь іх на сёньня існуе толькі «Пересвет». У другім зьлёце, у 2007 годзе, бралі ўдзел ўжо дзесяць ваенна-патрыятычных клюбаў. У апошнія гады колькасьць клюбаў, якія бралі ўдзел у ваенна-патрыятычных зьлётах, складала дванаццаць-трынаццаць.

Некаторыя з клюбаў-удзельнікаў праіснавалі нядоўга, а некаторыя, ў тым ліку тыя, што адзначыліся з самага пачатку, актыўна дзейнічаюць і дагэтуль. Гэта «Сыны Отечества» са Слоніма, «Дружина» са Шчучына, «Пересвет» з Магілева і «Русичи» з Воршы.

Ваенна-патрыятычны клюб «Пересвет» быў створаны ў 2000 годзе ў Магілёве. Заснавальнікам яго зьяўляецца протаіерэй Сяргей Лабада, кіраўнік аддзелу па ўзаемадзеяньні з Узброенымі сіламі Магілёўскае епархіі. На ягонай старонцы «УКантакце» маюцца допісы ў падтрымку расейскае ФСБ і пра нібыта «грамадзянскую вайну» ва Ўкраіне. Клуб «Пересвет» неаднаразова ўдзельнічаў у расейскіх турнірах па рукапашным баі, курыруе якія ФСБ Расеі. А ў траўні 2016 году ў Маскве падчас такога першынства было прынятае рашэньне аб аб'яднаньні ягоных удзельнікаў у «Саюз праваслаўных ваенна-патрыятычных і спартовых арганізацыяў», у склад якога ўвайшоў і «Пересвет».

Клюб «Пересвет» падчас сьвяткаваньня 9 траўня ў 2023 годзе.

Клюб «Пересвет» падчас сьвяткаваньня 9 траўня ў 2023 годзе.

Дакладную дату зьяўленьня ў Слоніме ваенна-патрыятычнага клюбу «Сыны Отечества», які раней называўся «Гренада», высьветліць складана, але вядома, што гэта адбылося не пазьней чым у 2009 годзе, калі клюб пачаў удзельнічаць у ваенна-патрыятычных зьлётах. Ягоныя карані — у кадэцкай клясе школы нумар 9 Слоніма. Гэтая кляса адкрылася ў 1997 годзе, ёй кіраваў падпалкоўнік Віктар Пенза. У 2006 годзе ў расейскі «Фонд содействия кадетским корпусам» прыйшоў ліст ад Віктара Пензы, у якім ён пісаў, што хацеў бы, каб беларускія кадэты былі б прызнаныя ў Расеі. Фонд абяцаў дапамагчы ў гэтым. У зьлётах выхаванцы кадэцкае клясы ўдзельнічалі пад назвай «Гренада». 

У 2013 годзе Віктар Пенза пераехаў са Слоніма ў Берасьце і ўжо там заняўся стварэньнем кадэцкае клясы. А на базе слонімскае клясы ў лютым 2014 года афіцыйна адкрыўся епархіяльны клюб «Сыны Отечества», згодна з дамовай паміж БПЦ (МП) і дырэктарам школы нумар 9. Падчас адкрыцьця прысутнічалі прадстаўнікі прарасейскай групоўкі «Казачий Спас», якія прадэманстравалі паказальныя выступленьні.

На дадзены момант кіраўніком клюбу «Сыны Отечества» зьяўляецца падпалкоўнік у адстаўцы Васіль Рап'явец. Ён скончыў Ленінградскае зенітна-ракетнае каманднае вучылішча, пасьля чаго быў накіраваны ў Нямеччыну камандзірам зенітна-ракетнае батарэі. У 1992 годзе 11-ю танкавую дывізію, у якой ён служыў, вывелі зь Нямеччыны ў Слонім. 

У траўні 2016 года кадэцкі корпус школы нумар 9 Слоніма на чале з Васілём Рап'яўцом езьдзіў у Тамбоўскую вобласьць Расеі на міжнародны фестываль кадэцкіх корпусаў. Паводле ўспамінаў Васіля Рап'яўца аб паездцы, «сотни три русских пацанов и девчонок кадет с пятнадцатью кадетами белорусскими на площади города вместе скандировали "Беларусь-Россия-Сила!!!"». 

Клуб «Гренада» і Віктар Пенза падчас рэканструкцыі падзеяў Другой сусьветнай вайны.

Клуб «Гренада» і Віктар Пенза падчас рэканструкцыі падзеяў Другой сусьветнай вайны.

Ваенна-патрыятычны клюб «Русичи» заснаваны ў 1988 годзе Рыгорам Шараем, выкладчыкам прафесійна-тэхнічнага вучылішча ў Воршы ды былым дэсантнікам. Апроч таго, Рыгор Шарай зьяўляецца атаманам Аршанскага казачага аддзела ў складзе РОО «Белорусское казачество». Нагадаю, што духоўнікам гэтае казачае групоўкі зьяўляецца іерэй Ігар Карасьцялёў, разам зь якім служыў у адной царкве арганізатар ваенна-патрыятычных зьлётаў протаіерэй Сяргей Кузьмянкоў.

Прыкрыцьцём для выхаваньня з падлеткаў байцоў «рускага міру» зьяўляецца афіцыйная дзейнасьць клуба «Русичи» па пошуку парэшткаў салдатаў Другой сусьветнай вайны.

Маецца здымак, на якім Рыгор Шарай стаіць, начапіўшы на сябе так званую «георгіеўскую стужку», якая ўжо даўно стала сымбалем і апазнавальным знакам расейскіх акупантаў. Апроч гэтае стужкі, на ягонай грудзі бачныя ордэны і мэдалі, значная частка якіх — расейскія і зьвязаныя з дзейнасьцю клюбу «Русичи».

Фота «УКантакце»

Фота «УКантакце»

У 1997 годзе клюб «Русичи» быў узнагароджаны расейскім мэдалём «Маршал Советского Союза Жуков». А ў 2018 годзе кіраўнік клуба Рыгор Шарай атрымаў ордэн «Генерал армии Маргелов». Гэты ордэн заснаваны Саюзам дэсантнікаў Расеі і ўручаецца за «заслугі ў патрыятычным выхаваньні, падрыхтоўцы трамадзянаў да вайсковае службы, актыўную грамадзянскую пазіцыю і іншыя заслугі перад грамадзтвам і дзяржавай». 

Што тычыцца чальцоў клюбу «Русичи», то яны таксама шматразова атрымлівалі расейскія ўзнагароды, а менавіта: 

- нагрудныя знакі Міністэрства абароны Расеі «За активный поиск»;

- мэдалі Саюза дэсантнікаў Расеі «За верность долгу и Отечеству» і «За верность долгу. Во славу Отечества»; 

- мэдалі Камісіі па грамадзкіх мэдалях і памятных знаках «За сохранение исторической памяти» і «За активную военно-патриотическую работу»;

- граматы Расейскага саюзу ветэранаў. 

У чэрвені 2018 года павіншаваць клюб «Русичи» з трыццацігодзьдзем у Воршу прыязджалі прадстаўнікі арганізаціі «Российская ассоциация героев». У яе ўваходзяць у тым ліку тыя, хто атрымаў званьне «Герой Российской Федерации». Станам на 2018 год як мінімум чатыры расейскія вайскоўцы атрымалі такое званьне за ўдзел ва ўзброенай агрэсіі супраць Украіны.

Ваенна-патрыятычны клюб «Дружина», які знаходзіцца ў Шчучыне, зьявіўся ў 2007 годзе. Кіруе ім на дадзены момант маёр у адстаўцы Генадзь Шышкін, камандзір клюбу — маёр міліцыі Павел Найда, а духоўнік — іерэй БПЦ (МП) Аляксандр Пасьцярняк. Дарэчы, 1 лютага 2023 году Аляксандр Пасьцярняк прызначаны адказным за ўзаемадзеяньне са структурамі ДТСААФ на тэрыторыі Гарадзенскае епархіі. 

Як мінмум двойчы, у лістападзе 2014 года і ў сакавіку 2015 года, трэніраваць выхаванцаў клуба «Дружина» прыязджалі прадстаўнікі прарасейскае групоўкі «Казачий Спас».

Два выхаванцы клуба «Дружина», Дзяніс Паўчкоў і Вікторыя Маркевіч, заснавалі страйкбольны клюб «ОСН Шторм DCS». У траўні 2022 года чальцы гэтага страйкбольнага клюбу склалі дакумант накшталт статуту, у якім сярод асноўных задачаў названа «садзейнічаньне праваахоўным ворганам і грамадзкім арганізацыям». Ня дзіўна, улічваючы, што клюбам камандуе супрацоўнік міліцыі. На старонцы клуба «ОСН Шторм DCS» «УКантакце» маецца шмат здымкаў зь іх трэніровак, дзе твары ўдзельнікаў схаваныя.

screenshot_from_2023_11_02_18_05_08_logo.png

Таксама на згаданай старонцы «УКантакце» бачныя допісы з падтрымкай расейскіх акупантаў, якія ваююць ва Ўкраіне.

screenshot_from_2023_11_02_18_06_08_logo.png

А 25 студзеня 2023 году на іх старонцы зьявіліся тры здымкі нейкага чалавека ў ваенізаванай форме, якія суправаджаліся надпісам «Быть воином — жить вечно! Спи спокойно, брат».

screenshot_from_2023_11_02_18_07_17_logo.png

Гэта можа значыць, што хтосьці з удзельнікаў страйкбольнага клюбу «ОСН Шторм DCS» удзельнічаў ва ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны і быў забіты.

Клюб «Дружина» падчас трэніровак.

Клюб «Дружина» падчас трэніровак.


На падставе сабранай інфармацыі можна зрабіць выснову, што стварэньне і функцыянаваньне клюбаў пад куратарствам БПЦ (МП), якія бяруць удзел у ваенна-патрыятычных зьлётах — не ініцыятывы асобных людзей, а сыстэмная праца, мэта якой — ахапіць усю Беларусь структурами па выхаваньні дзяцей у духу «рускага міру» і навучэньні іх пры гэтым вайсковым навыкам. Як паказана, такая дзейнасьць вядзецца як мінімум з 2006 году. А ваенна-патрыятычныя зьлёты выступаюць у якасьці паказьніка вынікаў гэтае працы.