Лукашэнка рыхтуецца да Плошчы?
На нарадзе 9 чэрвеня з сілавікамі Аляксандр Лукашэнка зноў давёў да сваіх апанентаў па прэзідэнцкай выбарчай кампаніі-2020 і выбаршчыкаў: улады будуць дзейнічаць па жорсткім сцэнары. Пры гэтым ён абвінаваціў канкурэнтаў з ліку прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва ў тым, што ўсцяж чыніць сам.
«Усяго тры тыдні як стартавала гэта выбарчая кампанія, але ўжо сёння мы бачым, што далёка не ўсе кандыдаты ў кандыдаты маюць намер прайсці гэты шлях цывілізавана. Вакол парушэнні заканадаўства, больш таго, этычных норм, знявагі, выпады ў бок улады. Ёсць і такія, хто лічыць, што для дасягнення мэты ўсе сродкі добрыя. Тое, што ў барацьбе за сімпатыі насельніцтва яны выкарыстоўваюць выключна папулісцкія лозунгі і нічым не падмацаваныя абяцанні, — гэта няхай разбіраюцца самі людзі. Яны прааналізуюць, зробяць адпаведныя высновы. Народ разбярэцца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Між тым, папулісцкія лозунгі пакуль і не маглі гучаць, бо вылучэнцы ў кандыдаты на прэзідэнта падкрэслена не абнародуюць свае перадвыбарчыя праграмы — гэта дазволена толькі на этапе агітацыі. А вось Лукашэнка вядомы сваім папулізмам на працягу ўсіх 26 гадоў кіравання. Дастаткова згадаць хоць бы яго абяцанне сярэдняга заробку ў эквіваленце 500 долараў. А былі ж абяцанні і на 1000 долараў! Народ зрабіў высновы: таму рэйтынг кіраўніка краіны паводле інтэрнэт-апытанняў — каля 3%, што стала нагодай для ўтварэння народнай мянушкі для Лукашэнкі «Саша 3%». У выніку інтэрнэт-апытанні забаранілі.
Што да абразаў і выпадаў у бок апанентаў, то якраз імі вызначыўся ўласна Аляксандр Лукашэнка. Прычым ніколі яшчэ падчас выбарчых кампаній кіраўнік краіны не вёў столькі завочных публічных пікіровак з супернікамі. Дык можа, і на дэбаты прыйдзе, якія ён звычайна ігнаруе?! Цікава, што падчас стрымаў з пікетаў па зборы подпісаў шмат хто з грамадзян выказвае ў інтэрв’ю журналістам крыўду на тое, як непаважліва ставіцца да народа Лукашэнка. Апрача нізкага ўзроўню жыцця і стомленасці ад доўгага ягонага кіравання, наступная частая прэтэнзія — нараканне на слоўцы кшталту «народзец».
Ну, а рэпрэсіі цягам першага месяца выбарчай кампаніі — звыклая з’ява ў беларускай палітыцы. Прычым супраць Сяргея Ціханоўскага і яго прыхільнікаў распачата крымінальная справа за парушэнне грамадскага парадку. Пра парадак Лукашэнка шмат гаварыў і на нарадзе з сілавікамі. Жорсткая рыторыка і антураж у атачэнні людзей у пагонах павінны трансляваць грамадству рашучы настрой Лукашэнкі. Зрэшты, ён яшчэ раней заявіў, што краіну нікому не аддасць і намякнуў на верагоднае выкарыстанне зброі супраць вулічных пратэстоўцаў.
Сёння Лукашэнка чарговы раз прыпужаў Майданам: «Дапусціць парушэння закона нельга: потым нам давядзецца за гэта вельмі дорага заплаціць. Вы ведаеце, як такая сітуацыя развівалася ва Украіне». І спрагназаваў: «Спачатку прадстаўнікі шэрага ініцыятыўных груп злоўжываюць правам на правядзенне пікетаў для разладжвання сітуацыі і дэстабілізацыі грамадска-палітычнай абстаноўкі, потым яны сфармуюць каманды і групы баевікоў, якія, не выключана, захочуць арганізаваць пабоішча на плошчы. Да гэтага яны і заклікаюць людзей. Чаму тут здзіўляцца? Чаго так усе здзіўляюцца: як Лукашэнка адкажа? Адказ будзе адзін, вы цудоўна разумееце».
Зрэшты, зразумела, што прэзідэнцкая выбарчая кампанія-2020 скончыцца Плошчай. Ці будзе яна мірнай — залежыць ад колькасці ўдзельнікаў і ад таго, як гэтым разам будуць падлічвацца галасы — сумленна ці як заўжды. А падлік у сваю чаргу залежыць ад таго, ці адбудзецца раскол сярод чынавенства. Пакуль прыкметаў таго, што адміністрацыйна-рэсурсная і рэпрэсіўная сістэмы забуксуюць, няма. Хутчэй за ўсё, рэпрэсіі стануць больш шырокімі і жорсткімі, каб мінімізаваць маштабы вулічнага пратэсту 9 жніўня. А дэмаралізаваць прыхільнікаў пераменаў яшчэ да гэтага можа нерэгістрацыя Бабарыкі, Цапкалы, Ціханоўскай. Менавіта іхні электарат пагражае ўладзе і на выбарчых участках, і на імавернай Плошчы.
Многія праціўнікі Лукашэнкі цяпер перабываюць у эйфарыі ад таго, што, маўляў, народ прачнуўся і гатовы не толькі да электаральнай рэвалюцыі Але вельмі верагодна, што пік вулічнай актыўнасці і смеласці для многіх — гэта паставіць подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата, будучы ў каранціннай масцы. Як бы тое ні было, да сілавога супрацьстаяння на Плошчы пакуль уголас рыхтуецца толькі Лукашэнка. Фобіі — яны такія...