Хто насамрэч з’яўляецца атрымальнікам «міралюбных сігналаў Лукашэнкі»?

Мінск не столькі прапануе Варшаве супрацоўніцтва, колькі вядзе, з аднаго боку, «прапаганду на войскі праціўніка», а з іншага — спрабуе паказаць трэцяй краіне, што не ўсё ад яго залежыць. Адным з адрасатаў «міралюбнай» рыторыкі Лукашэнкі з’яўляецца Кітай, лічыць палітолаг Валерый Карбалевіч.

Фота з bel.sputnik.by

Фота з bel.sputnik.by

11 лістапада Лукашэнка павіншаваў народ Польшчы з нацыянальным святам незалежнасці. Само віншаванне заснавана на прапагандысцкім канцэпце пра добры народ і дрэнныя эліты, які беларускія ўлады выкарыстоўваюць у дачыненні да «недружалюбных краін», піша палітолаг у «Позірку».

Яшчэ 27 кастрычніка падчас паездкі па Мінскім раёне Лукашэнка ледзь не дыфірамбы праспяваў польскаму народу: «Малайцы палякі. Вось я гэтага варыянту не чакаў. Яны проста не сталі ў гэтую гульню з гэтымі «пісаўцамі» гуляць (маецца на ўвазе партыя «Права і справядлівасць» — «ПіС», якая на парламенцкіх выбарах саступіла апазіцыі). Ну палякі, я вось хвалю народ Польшчы. Малайцы! Яны ўцерлі ім нос. І апазіцыю да ўлады фактычна прывялі. Ужо Польшча будзе не тая. Няхай гэта не нашы людзі там [ва ўладзе], не настроеныя з намі размаўляць, але гэта іншыя людзі. І палякі паказалі: хлопцы, рабіце так, як мы хочам, не будзеце рабіць, — і вас выкінем. Малайцы палякі!»

Гэтыя ж наратывы паўтараюць дзяржаўныя СМІ Беларусі.

У стылі агіткі

У віншаванні, накіраваным палякам у сувязі са святам незалежнасці, гэты канцэпт рэалізаваны напоўніцу. Лукашэнка інтэрпрэтуе вынікі нядаўніх выбараў у Польшчы як жаданне палякаў «спыніць бессэнсоўны пошук унутраных супярэчнасцяў і вонкавых пагроз», як заклік «жыць у міры і згодзе з прадстаўнікамі ўсіх нацый і веравызнанняў».

«Спадзяюся, у Варшаве прыслухаюцца да голасу сваіх грамадзян», гаворыцца ў віншаванні, «разгледзяць працягнутую Беларуссю сяброўскую руку супрацоўніцтва». Гэта значыць, Лукашэнка трактуе вынікі выбараў як мандат польскага народа на сяброўства з афіцыйным Мінскам.

І яшчэ кіраўнік Беларусі вызначыў, што «найлепшая гарантыя бяспекі для Польшчы сёння — гэта дружалюбнае суседства, спыненне неабгрунтаванай мілітарызацыі краіны і гонкі ўзбраенняў».

Такім чынам, мы маем такую праставатую і прамалінейную агітку пад выглядам дыпламатычнага дакумента. Працягваць «сяброўскую руку супрацоўніцтва» ў форме прапагандысцкай улёткі, перакінутай суперніку праз лінію фронту, — вельмі своеасаблівы жэст, мала падобны на дыпламатыю. Гэта, хутчэй, выклік, чарговы палітычны ўкол, чым прапанова аб міры ці хаця б аб перамір'і.

Глядзіце таксама

Ці дзейнічае кітайскі фактар?

Мабыць, гэта віншаванне выглядае як дэманстрацыя нейкаму трэцяму боку. Маўляў, глядзіце, я раблю крок да прымірэння, і калі яны не ацэняць, адкінуць, то я не вінаваты, гэта ўсё яны.

Што за трэці бок? Тут можна будаваць версіі. Вядома, пастаянным адрасатам такіх прапагандысцкіх пасажаў з'яўляецца беларускае грамадства. Але ў гэтым выпадку, як можна меркаваць, ёсць і знешні суб'ект. І гэта відавочна не Расія. Маскве зусім не трэба, каб напружанасць у беларуска-польскіх адносінах аслабла.

Магчыма, гэта Кітай. Сёння мы бачым, мякка скажам, непаразуменне ў адносінах беларускага кіраўніцтва з КНР. Усе эксперты заўважылі, што Лукашэнкі не было ў кастрычніку на трэцім форуме «Адзін пояс — адзін шлях» у Пекіне. Гэта сімптом таго, што Кітай незадаволены тупіковай сітуацыяй у адносінах Беларусі з Еўрасаюзам, асабліва з заходнімі суседзямі. Такая сітуацыя негатыўна ўплывае на эканамічныя інтарэсы КНР, яе транзіт.

Можна меркаваць, што сэнс сігналу, які Лукашэнка атрымаў з Пекіна, прыкладна такі: з гэтым трэба нешта рабіць. Вось ён і спрабуе. Як умее, у сваім стылі. Хутчэй імітуючы спробы наладзіць адносіны з суседзямі.

Трэба сказаць, што і без уліку фактару Кітая ступар на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай межах моцна шкодзіць транзітнаму статусу Беларусі. А такі статус — гэта стратэгічны рэсурс дзяржавы і ў плане геапалітыкі, і ў плане эканомікі.

Але Беларусь яго ў значнай меры страціла. Гэта стварае пэўны дыскамфорт для ўладаў. Адсюль і спробы неяк выйсці з тупіка, зняць напружанне на мяжы, каб не даводзіць сітуацыю да поўнага перакрыцця памежных пераходаў. Усе заўважылі, што ў публічных заявах апошняга часу Лукашэнка ўсё часцей кажа пра жаданне пачаць нейкі дыялог з краінамі ЕС, перш за ўсё з суседзямі.

Бар'еры на ўзроўні Бруселя

Магчыма, афіцыйны Мінск разлічвае, што з'яўляюцца спрыяльныя ўмовы для пацяплення стасункаў з Захадам. Гэта канфлікт на Блізкім Усходзе, які адцягнуў увагу ад агрэсіі Расіі супраць Украіны, стомленасць ад гэтай вайны ў заходняй супольнасці, пра што пішуць тамтэйшыя СМІ.

Аднак ёсць вялікія сумневы, што ў бліжэйшы час Мінск можа разлічваць на нейкія істотныя перамены ў адносінах з Польшчай. Поўная размарозка немагчымая, паколькі палітычныя рашэнні аб агульнай лініі паводзін у адносінах да рэжыму Лукашэнкі прынятыя на ўзроўні ЕС. Гаворка можа ісці толькі аб частковым пацяпленні, аб спыненні канфрантацыйнай рыторыкі, канфліктаў на мяжы, адкрыцці шэрагу памежных пераходаў для перамяшчэння грузаў і людзей.

Аднак ствараецца ўражанне, што надзеі беларускіх уладаў на змену ўрада ў Польшчы мяжуюць з ілюзіямі. Лукашэнка, беларускія дзяржаўныя СМІ запэўніваюць, што тэма стасункаў з Беларуссю была галоўнай на польскіх выбарах. Маўляў, кіруючая «ПіС» штучна абвастрыла адносіны з Мінскам, каб атрымаць галасы выбаршчыкаў. Кіраўнік Беларусі падчас паездкі ў Берасцейскую вобласць 6 кастрычніка заявіў: «Высвятляецца, Лукашэнка стаў для іх адным з камянёў перапоны, спрэчак, пунктаў перасячэння ў іх унутрыпалітычнай барацьбе».

На самай справе гэта не так. Пытанне аб адносінах з Беларуссю мала закраналася падчас польскіх выбараў. Беларуская тэма ўсплыла хіба што ў сувязі з адным з пытанняў рэферэндуму. Палякаў спыталі пра іх стаўленне да плота на мяжы з Беларуссю. Але рэферэндум не адбыўся, у ім узялі ўдзел толькі каля 40% выбаршчыкаў.

Глядзіце таксама

Як Туска не пускалі ў Беларусь

Дарэчы, што тычыцца спадзеваў на верагоднага новага прэм'ера Польшчы Дональда Туска, то ў беларускіх уладаў з ім даўнія адносіны, і не вельмі прыемныя. У 2007 годзе яго і яшчэ дваіх дэпутатаў сейма Польшчы не пусцілі ў Беларусь, спынілі на мяжы.

Памежнікі тады заявілі, што польскія парламентарыі «пагражаюць канстытуцыйнаму ладу Беларусі». А тагачасная намесніца прэс-сакратара МЗС Марыя Ваньшына патлумачыла, што «ёсць спіс людзей, прысутнасць якіх на тэрыторыі Беларусі непажаданая». Сам Лукашэнка не ўтрымаўся ад задавальнення пракаментаваць гэты інцыдэнт: «Я, проста знаходзячыся ў вёсцы, магу вам па-сельску, па-вясковаму сказаць: далі ім па мордзе і правільна зрабілі. Няма чаго ім тут рабіць».

Асабістыя адносіны паміж палітыкамі высокага рангу — не апошняя акалічнасць, якая ўплывае на адносіны паміж краінамі.

Глядзіце таксама

На фоне абраз і пагроз

Ёсць і іншыя перашкоды для нармалізацыі адносін. Як можна зразумець з выказванняў Лукашэнкі, Мінск не збіраецца нічога мяняць у сваёй замежнай і ўнутранай палітыцы. Разлік робіцца выключна на тое, што неяк зменіцца палітыка заходніх суседзяў, яны адумаюцца і павернуцца тварам на Усход.

Да таго ж прапановы Лукашэнкі пачаць перамовы з суседзямі суправаджаюцца вельмі агрэсіўнай рыторыкай, нават асабістымі абразамі на адрас іх палітычнай эліты. Ён называе лідараў Польшчы і Літвы «мярзотнікамі», «вар'ятамі», «шалёнымі». Абвінавачвае іх у падрыхтоўцы агрэсіі, масавым забойстве мігрантаў, перакідцы іх целаў праз мяжу на беларускую тэрыторыю і гэтак далей.

Гэта мала падобна на «працягнутую Беларуссю сяброўскую руку супрацоўніцтва». А калі партнёр па меркаванаму дыялогу адначасова атрымлівае супрацьлеглыя, узаемавыключальныя сігналы, то ён не можа сур'ёзна на іх рэагаваць. Такія прапановы не працуюць.

І самае галоўнае, за словамі няма ніякіх дзеянняў. Дакладней, дзеянні ёсць, але яны маюць супрацьлеглы характар. Мілітарысцкая ліхаманка, якая сведчыць аб тым, што краіна рыхтуецца да сапраўднай вайны; размяшчэнне расійскай ядзернай зброі; прэсінг з дапамогай мігрантаў; пагроза беларускага генерала Паўла Муравейкі ваеннай сілай прарваць Сувалкскі калідор і інш. Калі хочуць дыялогу, то робяць нейкія міралюбныя жэсты, а не наадварот.

У гэтым плане віншаванне Лукашэнкі польскаму народу нагадвае не столькі працягнутую руку супрацоўніцтва, колькі «прапаганду на войскі праціўніка» (была такая дысцыпліна ў савецкіх ваенна-палітычных вучылішчах).