Еўрасаюз пашыраецца. Дасье ў карыкатурах

Еўракамісія абнародавала даклад з рэкамендацыямі па пашырэнні ЕС, які актыўна каментуюць у тым ліку таксама карыкатурысты.

Нагадаем, што апошні раз ЕС пашыраўся адносна даўно: 10 гадоў таму паўнавартасным членам саюза стала Харватыя. Прыём новага члена прайшоў практычна незаўважаным — хіба што еўрафобская прэса пісала пра тое, што да еўрапейскага бюджэту прысмактаўся новы халяўшчык. У тым жа духу былі вытрыманы і карыкатуры такога кшталту СМІ.

1_828.jpg

І вось новы этап, які датычыцца дзесяці краін. Такім чынам, Украіна, Малдавія, Боснія і Герцагавіна могуць разлічваць на перамовы аб уступленні ў ЕС. Грузіі будзе нададзены статус кандыдата на ўступленне ў Еўрасаюз. Краіны Заходніх Балканаў (Чарнагорыя, Сербія, Албанія і Паўночная Македонія) атрымаюць план развіцця, які наблізіць іх эканамічна і палітычна да сяброўства ў ЕС. І толькі Турцыя не атрымала нічога. Зрэшты, канкрэтыкі ў бацянках кіраўніцтва ЕС тут таксама мала. Невыпадкова мастакі малююць працэс атрымання сяброўства ў ЕС як сапраўдны квэст.

2_755.jpg

Найбольш незразумелая сітуацыя з Украінай. Не толькі таму, што пачатак афіцыйных перамоваў аб уступленні ў ЕС зусім не гарантуе ўступлення ў ЕС. Напрыклад, Чарнагорыя іх вядзе з 2012 года, а Паўночная Македонія — з 2009 года. Тым не менш абедзве краіны да гэтага часу не ў ЕС. Аднак куды больш пытанняў узнікае праз вайну, якая працягваецца на тэрыторыі Украіны. Мастак адлюстраваў наступным чынам фармат перамоваў Кіеў — Брусель наконт далучэння да ЕС.

3_671.jpg

Што да Малдовы, то тут перашкода — Прыднястроўе. Гэтая частка Малдовы не падпарадкоўваецца Кішынёву, а ўступіць у ЕС краіна можа толькі пры ўмове тэрытарыяльнай цэласнасці. Акрамя таго, Прыднястроўе з'яўляецца рэгіянальным фарпостам Масквы, якая наўрад ці проста так адпусціць Малдову. Тут мастак параўнаў Расію з драпежнай рыбай, якая спрабуе перашкодзіць качкам (Украіна і Малдова) прыплыць да еўрапейскіх берагоў.

4_618.jpg

Хоць у балканскіх краін больш шанцаў атрымаць пропуск у еўрапейскі клуб, цяжкасцей тут таксама хапае. Балгарыя не пускае ў ЕС Паўночную Македонію праз гістарычныя і моўныя праблемы. Сербія мае прэтэнзіі да Косава, якую падтрымлівае Албанія. На днях Брусель выказаў занепакоенасць намерам лідара Рэспублікі Сербскай Міларада Додзіка правесці рэферэндум аб аддзяленні ад Босніі і Герцагавіны. Як бачым, любы неасцярожны крок можа прывесці да канфлікту. Невыпадкова на кантэйнеры пад назвай Балканы, які даставілі ў ЕС, мастак напісаў: «Асцярожна. Крохкая рэч».

5_583.jpg

Хаця Грузіі паабяцалі статус кандыдата, асаблівай эйфарыі сярод грузінскіх экспертаў гэтая навіна не выклікала. Грузінскія эліты вырашаюць свае праблемы, што негатыўна адбіваецца на правядзенні рэформ. З такой высновай, падобна, згодны мастак, які адлюстраваў Грузію ў выглядзе кіроўцы, чыя машына не можа рухацца наперад.

6_434.jpg

Зрэшты, гэта не так кепска — на фоне Турцыі. Турцыя, якая мае самы працяглы кандыдацкі стаж з усёй дзясяткі (туркі сталі кандыдатамі на ўступленне ў ЕС яшчэ ў 1999 годзе), ад ЕС па-ранейшаму вельмі далёкая. Краіна, мяркуючы па ўсім, мае намер стаць асобным рэгіянальным суб'ектам. Таму да ЕС туркам як да месяца. Тэматычны малюнак — мастака рэсурса «Toonpoll». 

7_312.jpg

У любым выпадку, да сакавіка 2024 года Еўракамісія падрыхтуе новы даклад, у якім будуць вызначаны часавыя межы перамоваў аб уступленні ў ЕС. Раней старшыня Еўрасавета Шарль Мішэль заяўляў, што цяперашні этап пашырэння Еўрасаюза павінен завяршыцца да 2030 года. Хто не паспее — павінен дачакацца наступнага этапу, які зусім незразумела калі будзе і ці будзе наогул. А вось фон дэр Ляен з ім публічна не пагадзілася. Яна лічыць, што канчатковую дату этапу еўраінтэграцыі нельга фіксаваць.