Дзе быў афшор, там вырас...

Некаторыя аспекты штогадовага паслання кіраўніка Беларусі далі дэпутатам нагоду для фантазій. Асабліва словы пра тое, што беларускія банкі самыя надзейныя. Яны выклікалі моцнае жаданне дэпутатаў напоўніць кішэні.



lukashenko_poslanie2013_2.jpg

Аляксандр Лукашэнка ў выступе ўзгадаў "кіпрскі крызіс" і заявіў, што ў Беларусі такога не будзе ніколі. "Хто націснуў на Кіпр, хто загадаў забраць частку грошай з Кіпра. Кажуць, што гэты прыём быў накіраваны супраць расійскай дзяржавы. У нейкай ступені я з гэтым згодны, зразумела, хто там захоўваў грошы, гэта заробленыя былі грошы, але вялікія, па закону ж яны іх зарабілі. Але Расію гэта ж не пахісне, што ім там гэтыя 20 ці 30 мільярдаў, якія дэмакратычная Еўропа адабрала ў Кіпра, гэта слёзы ", — сказаў Лукашэнка.

luka19_2.jpg

Ён заклікаў захоўваць грошы ў беларускіх банках. "У паездках і ўсюды я кажу, зараз вы пераканаліся, дзе трэба было захоўваць грошы. Па крайняй меры, мы б ніколі ў жыцці не залезлі ў чужую кішэню і не забралі б чужыя грошы, як гэта зрабілі дэмакраты ў Еўрапейскім саюзе. Мы ўбачылі дэмакратыю ў разгорнутым выглядзе. Гэта самы антыдэмакратычны ўчынак, калі адбіраюць ўласнасць ", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да пасла Расіі Аляксандра Сурыкава, Лукашэнка сказаў: "Сан Саныч, калі ёсць грошы, захоўвайце ў беларускіх банках".

Пэўна, адразу пасля гэтых словаў у дэпутаткі Дабрынінай з Воршы ў вачах замільгацелі залатыя зайчыкі. Задаючы пытанне кіраўніку Беларусі, яна таксама адзначыла, што сёння ў свеце мала месцаў, дзе можна свабодна захоўваць грошы. І прапанавала  зрабіць Беларусь найбуйнейшым афшорам.

А Лукашэнка не тое каб падтрымаў такую прапанову, а пагадзіўся з ёю.

lukashenko_poslanie2013_1.jpg

Якраз пра гэта кажуць "ляпнулі, не падумаўшы". А яшчэ "язык без касцей, не зломіцца". Калі чуеш такую рэдкую лухту ад народных абраннікаў, пачынаеш ператварацца ў манархіста — цароў хаця б выхоўваюць і адукацыю ім даюць, перад тым, як яны будуць кіраваць дзяржавай. А тут, прабачце, абы ляпнуць — поўнае няведанне сітуацыі.

Найперш, што такое афшор?

Афшор — гэта фінансавы цэнтр, які прываблівае замежны капітал шляхам прадстаўлення спецыяльных падатковых і іншых ільгот (напрыклад, спрошчаны парадак рэгістрацыі і справаздачнасці, поўная прыватнасць фінансавай інфармацыі і гэтак далей) замежным кампаніям, зарэгістраваным у краіне размяшчэння "афшорнага цэнтра". Прычым, афшорныя схемы — гэта не нашае вынаходніцтва. Яны выкарыстоўваліся чалавецтвам яшчэ з часоў старажытных Афін, калі там быў уведзены двухпрацэнтны імпартны і экспартны падатак. Каб пазбегнуць выплаты падаткаў, грэцкія і фінікійскія купцы пачалі аб'язджаць тэрыторыю Афін у дваццаць міль. Хутка ў якасці падатковых сховішчаў сталі выступаць бліжэйшыя дробныя выспы, куды завозіліся без выплаты пошлін і падаткаў кантрабандныя тавары.

У наш час сутнасць афшорных схемаў не змянілася: заніжаны падатак, заніжаны мытны збор, простыя працэдуры, поўная таямніца. Таму афшоры і сталі адной са схемаў "адмывання грошаў".

Мы ж спатыкнемся на першым жа пункце! Які можа быць у нас "зніжаны падатак і мытны збор", калі мы ўсе падаткі, усе мытныя плацяжы зараз уніфікуем у межах Мытнага саюза! Нам што, зараз выходзіць з Мытнага саюза? Нам зараз развальваць яшчэ не створаную Адзіную Эканамічную Прастору, гэтак выпеставаны Пуціным Еўразійскі эканамічны саюз, гэтак выбудаваную высілкамі Лукашэнкі, дрэна ці добра, Саюзную дзяржаву?

Ды за такія словы Лукашэнка не пагаджацца з дэпутаткай павінен быў, а прараўці: "Маўчы, жанчына, твой дзень — 8 сакавіка!".

Канешне, прывабней зрабіць падаткі ніжэй, і грошай атрымаць пабольш за кошт іх аб'ёму, мыты знізіць. Але вы памятаеце, якая вайна была наконт уніфікацыі мытнага збору на замежныя аўтамабілі ў межах Мытнага саюза? Па тых словах Лукашэнкі, у нас нават дэвальвацыя здарылася з-за таго, што народ скупіў усю валюту, каб затарыцца аўтамабілямі заходняй вытворчасці.  А тут дэпутатка прапануе гэтыя пошліны знізіць. Ды Расія за гэта Беларусі такога пендаля дасць, што дэвальвацыя 2011 года нам жартачкамі падасца!

Есць і іншы аспект гэтай праблемы. Гэты аспект палягае ў тым, што афшор у Беларусі ўжо ёсць, але ён не працуе.

Як казаў эканаміст Леанід Злотнікаў, ён ведае выдатны сродак абагачэння для еўрапейскіх грамадзянаў. Гэта ўзяць крэдыт ў швейцарскім банку на пару мільёнаў еўра пад тамашнія 4% гадавых, прывезці яго ў Беларусь і пакласці тут у банк пад 7% гадавых і без напругі жыць на розніцу 3% з двух мільёнаў. Гэта 60 тысяч еўра на год, альбо 5000 еўра на месяц, што амаль удвая перавышае сярэднееўрапейскі заробак.

Альбо тыя ж расіяне маглі ўзяць у сябе крэдыт пад 20% гадавых, абмяняць яго на беларускія грошы і ўкласці ў беларускі банк пад 38%. Розніца — удвая!

Але пасол Сурыкаў у адказ на прапанову Лукашэнкі захаваць свой заробак у беларускім банку, відаць, пасмейваўся сабе ды круціў дулю ў кішэні.

Ці давайце паглядзім на так званыя "свабодныя эканамічныя зоны". Яны ж фактычна тыя ж афшоры, яны разлічаны і на паніжаны падатак, на прэферэнцыі, на льготы для іх удзельнікаў. Але, ствараючы іх, мы не атрымалі патрабаванай ад іх аддачы, у першую чаргу — экспартнай прадукцыі. Чаму?

Ды ўсё таму, што існуе такое паняцце, як "краінавая рызыка". Не давяраюць нам. Няма ўпэўненасці ў тым, што дзяржава не захопіць, не ўмяшаецца ў дзейнасць, не забароніць і не канфіскуе, па прыкладзе Кіпра. Альбо не адбярэ праз дэвальвацыю, інфляцыю, дэнамінацыю, ці не выдумае яшчэ нейкую "цыю". У нашай дзяржавы ў запасе значна больш спосабаў параўнальна сумленнага ад'ёму грошай у насельніцтва, чым у Астапа Бендэра. Таму ніхто і не імкнецца ў беларускія СЭЗы і беларускія банкі.

Сам па сабе афшор не страшны, трэба толькі для яго стварыць умовы. А такія ўмовы: стабільная эканоміка, неўмяшальніцтва дзяржавы ў прыватную ўласнасць, канкрэтна акрэсленыя правілы гульні, стабільнае заканадаўства і цывілізаваныя нормы рынкавай эканомікі. Канешне, тое, што зрабілі на Кіпры — гэта, як кажуць "беспредел". А што зрабіла беларуская ўлада, фактычна нацыяналізаваўшы "Спартак", "Камунарку" і абутковую фабрыку "Прамень" — гэта не "беспредел"? Няма розніцы, у якім выглядзе рабаваць: ці то грошы, ці то залатыя і срэбныя пярсцёнкі. Няма розніцы, захапіла дзяржава частку грошай (Кіпр), альбо ўласнасць (Беларусь). Хрэн рэдзькі не смачнейшы.

Для таго, каб стварыць афшор, Беларусі патрэбна карэнная і стратэгічная перабудова эканомікі з адміністрацыйна-каманднай на цывілізаваную рынкавую. Ці не рынкавую, але цывілізаваную, дзе ўсё вырашае не адзін кіраўнік Беларусі сваімі ўказамі і дэкрэтамі, а дзе ёсць закон. Тады можна рабіць хоць стопіццот афшораў, і грошы туды пойдуць. А калі ўсё вырашае адзін чалавек, і ніякі закон для яго не існуе, зрабі ты тыя ж стопіццот афшораў — ніводзін не спрацуе. Проста грошы не прыйдуць.

Зараз рытарычнае пытанне: ці будзе Беларусь пры гэтай уладзе ствараць цывілізаваныя эканамічныя правілы гульні? Ну дык вось жа…