Два супрацоўнікі МЗС выйшлі на пікет на прыступкі ведамства (відэа)
17 жніўня на прыступках ганка МЗС адзіночны пікет зладзіў работнік цэнтральнага апарату ведамства Вячаслаў Казачонак, начальнік гісторыка-архіўнага аддзялення МЗС. Да яго далучылася намеснік начальніка ўпраўлення Еўразійскай інтэграцыі Алена Копанева.
Вячаслаў Казачонак кажа, што вырашыў такім чынам «выказаць сваю прынцыповую пазіцыю». Ён адзначае, што яму ніхто не плаціў, не пагражаў, не прымушаў.
— Скажу адразу — мне страшна. За нашу будучыню, жыццё людзей, сваё жыццё ... Беларусь 21 стагоддзя. Страшны сон, ад якога хочацца прачнуцца ... Каля стэлы Мінск — горад-герой і музея Вялікай Айчыннай вайны свае браткі-беларусы вартавыя парадку і законнасці па-варварску б'юць і расстрэльваюць людзей, а ў засценках на вуліцы, якая носіць імя франтавіка, які аддаў жыццё за нашу свабоду і лепшую будучыню, Героя Савецкага Саюза Барыса Акрэсціна, катуюць і катуюць. І гэта не гестапа і СД часоў вайны, не паліцаі ... Я — дарослы здаровы мужык — рыдаў вечарамі ад апавяданняў людзей, якія перажылі катаванні, — кажа Вячаслаў.
Мужчына заклікае сілавікоў не біць ляжачых, бездапаможных, дзяцей, жанчын і старых, памятаць пра гонар і сумленне.
— Будзьце з народам, спыніце, калі ласка, генацыд. Вызваліце людзей з засценкаў, дайце ім меддапамогу.
Звярнуўся ён і да кіраўніка краіны: «Ну чаму не трымаеце сваё слова і не сыходзіце з партфелем пад пахай? Даўно і безнадзейна адарваліся ад народу».
Ён заклікае да расследавання «ўсіх фактаў беззаконня, судовага самавольства, у тым ліку ў ранейшыя гады, і прымянення сілы і рэпрэсій супраць мірных грамадзянаў».
Мужчына дапаўняе, што ён любіць сваю працу, зброю, боепрыпасы, наркотыкі дома не захоўвае, грошай за канапай таксама, хабару не браў, метадычкі не чытаў, законапаслухмяны грамадзянін.
— У адрозненне ад амбасадара ў Славакіі Ляшчэні я знаходжуся ў Мінску. Прашу СМІ сачыць за маім лёсам, — кажа Вячаслаў.
Сёння, па словах Вячаслава, перад пікетам, пра які ён папярэдзіў сваіх калег, кіраўнік МЗС Уладзімір Макей сабраў усіх супрацоўнікаў на размову. Макей нагадаў, што супрацоўнікі МЗС давалі прысягу дзяржаве і, па словах супрацоўніка, намякнуў на тое, што калі хтосьці не згодны з палітыкай дзяржавы, ён павінен напісаць заяву.
tut.by