Чаго чакаць ад прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі далей?
Эксперты распавялі DW, хто выйдзе ў фінал перадвыбарнай гонкі.
Пасля таго, як ЦВК палічыў галасы, шанцы прайсці рэгістрацыю і стаць кандыдатам у прэзідэнты на выбарах, якія пройдуць у Беларусі 9 жніўня, страціў адзін з трох галоўных супернікаў Аляксандра Лукашэнкі — былы дыпламат і экс-старшыня «Парку высокіх тэхналогій» Валерый Цапкала. А экс-кіраўнік Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка, нягледзячы на тое, што ён знаходзіцца пад арыштам з-за абвінавачання па справе Белгазпрамбанка, ён працягвае перадвыбарную гонку.
Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Кацярына Шмаціна лічыць, што такая сітуацыя тлумачыцца высокай грамадскай падтрымкай Бабарыкі:
— Калі б яго подпісы не прызналі, то гэта выклікала б яшчэ больш пратэстаў у грамадстве. А за Цапкала людзі на вуліцы не выходзяць і не збіраюцца, таму ўлады вырашылі, што зняць яго з гонкі можна ўжо на гэтым этапе, — патлумачыла аналітык DW.
Па словах кіраўніка варшаўскага Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозаў Паўла Усава, чакалася, што галоўны ўдар будзе нанесены па Віктару Бабарыка:
— Мабыць, улады вырашылі дэзарыентаваць грамадства, чыя ўвага цяпер засяроджана вакол Бабарыкі. Зняўшы першым Цапкала, яны зніжаюць градус напружання і ствараюць ілюзію, што, можа быць, Бабарыка яшчэ будзе зарэгістраваны кандыдатам.
Але палітолаг перакананы, што ўлады Беларусі не зацікаўленыя ў тым, каб пакідаць на палітычнай арэне бачных кандыдатаў.
Стаць кандыдатам у прэзідэнты патэнцыйна можа і жонка блогера Сяргея Ціханоўскага Святлана, на пікетах у падтрымку якой у Мінску збіраліся кіламетровыя чэргі.
— У сувязі з тым, што Сяргей пад арыштам, а Святлана стала менш з'яўляцца на публіцы, іх папулярнасць падае. Больш за тое, улады разграмілі амаль усю яе каманду, таму зараз яна не ўяўляе ніякай пагрозы, — лічыць дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.
Імёны тых, хто ўсё ж будзе зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, ЦВК павінна абвясціць праз 2 тыдні. У тэорыі, прэтэндэнтаў яшчэ могуць зняць з перадвыбарчай гонкі на этапе праверкі дакументаў, якія прадстаўляюцца ў Цэнтрвыбаркам — напрыклад, дэкларацыі аб даходах.
Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што Ганна Канапацкая, Андрэй Дзмітрыеў і Сяргей Чэрачань стануць кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі.
— Зыходзячы з цяперашняга становішча рэчаў, дакладна пакінуць трох фэйкавых кандыдатаў, для таго, каб захаваць ілюзію дэмакратычнасці, хоць у гэта ўжо даўно ніхто ня верыць, — кажа Павел Усаў.
Адносна допуску да выбараў фаварытаў выбарчай гонкі, Андрэй Ягораў кажа, што пакуль можна толькі спекуляваць, на падставе чаго іх могуць «зрэзаць» і «зрэжуць» Ці наогул:
— Я лічу, што хэдлайнераў (Бабарыка і Ціханоўскую) усё ж зарэгіструюць, бо мэта ўладаў цяпер — выйграць у электаральным полі, адлюстраваць так званую перамогу на так званых выбарах.
Палітолаг Кацярына Шмаціна, у сваю чаргу, паказвае, што ў падліку галасоў не варта чакаць сюрпрызаў ад беларускага ЦВК.
—Любы перспектыўны вядомы кандыдат па традыцыі беларускіх выбараў атрымае пару адсоткаў, а кіраўнік дзяржавы атрымае элегантную перамогу. Мы бачылі гэта раней і наўрад ці гэта зменіцца зараз, — лічыць яна.
Паводле Заўтра тваёй краіны