Цяжкая праца. Памёр прапагандыст Мікалай Шчокін

Памёр загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Шчокін. Пра гэта паведаміў прарэжымны актывіст Юры Васкрасенскі.

szczokin.jpg

«Ліберальны сталініст» — так яго называлі ў беларускім экспертным грамадстве.
А вось калегі па прапагандзе выказаліся наступным чынам: «У ноч з нядзелі на панядзелак прыйшла трагічная навіна аб заўчасным сыходзе вядомага навукоўца і публіцыста Мікалая Сяргеевіча Шчокіна. Таленавіты чалавек, бліскучы аратар, яркі мысляр назаўжды застанецца ў памяці калег, сяброў і блізкіх. 18 снежня Мікалай Сяргеевіч мог бы адзначаць 50-гадовы юбілей. Не давялося...» — напісаў Васкрасенскі.
Мікалай Шчокін пазначаны на сайце Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі як «беларускі філосаф, грамадскі дзеяч, загадчык аддзела сацыялогіі Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі. Кандыдат філасофскіх навук, дацэнт».
Мікалай Шчокін быў частым госцем на беларускім дзяржаўным прапагандысцкім тэлебачанні, дзе выступаў у падтрымку дзеючай улады ў якасці палітычнага аналітыка. Ён таксама з'яўляўся калумністам у выданні «СБ. Беларусь сёння».
Прычынай смерці называюць хваробу крыві.