Ціханоўская ўпершыню сустрэлася з генеральным сакратаром НАТО
Упершыню кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская сустрэлася з афіцыйнымі асобамі Паўночнаатлантычнага альянсу (НАТО).
Як паведамляе
прэс-служба палітыка, адбылася сустрэча з генеральным сакратаром арганізацыі Паўночнаатлантычнага альянса Енсам Столтэнбергам. У
сустрэчы таксама браў удзел Валерый
Кавалеўскі. Таксама ў рамках Паўночнаатлантычнай рады Святлана Ціханоўская правяла брыфінг
для пастаянных прадстаўнікоў усіх краін-удзельніц альянсу дзеля абмену меркаваннямі па
крызісе ў Беларусі і па перспектывах устанаўлення дыялогу дэмакратычнага руху
Беларусі і НАТА па палітычным парадку дня.
«Я радая, што гэта сустрэча адбылася, і што ў дэмакратычных сіл Беларусі завязваецца такі дыялог. У падмурак альянсу закладзеныя блізкія для беларусаў каштоўнасці: індывідуальная свабода, правы чалавека, дэмакратыя і вяршэнства права, — адзначыла Ціханоўская па выніках сустрэчы. —
Я думаю, для кожнай еўрапейскай краіны неабходна выбудоўваць паважлівыя, канструктыўныя адносіны з НАТО. Гэта важна для нацыянальных інтарэсаў і падтрымання рэгіянальнай бяспекі. Мне б хацелася, каб Беларусь успрымалі як надзейнага мірнага прадказальнага партнёра».
Валерый Кавалеўскі ў сваю чаргу адзначыў: «Пачатак дыялогу з НАТО стаў вынікам працы Кабінета па пашырэнні супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі. На працягу ўжо 75 гадоў НАТО з’яўляецца найважнейшым фактарам бяспекі і стабільнасці ў Еўропе. Мы абавязаныя інфармаваць міжнародную супольнасць пра выклікі для нашай краіны».