Беларускія міратворцы наўрад ці з’явяцца ў Данбасе

Выказаная Мінскам прапанова аб размяшчэнні беларускіх міратворцаў у Данбасе прадыктавана імкненнем зрабіць хоць нешта, каб развесці канфліктуючыя бакі, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

image_20170126_30385_18xhqa8.jpg


«Беларусь ніколі не напрошвалася ў міратворцы, ніколі не планавала і не збіраецца ім быць. Мы разумеем, што ў сілу нашых памераў, нашага ўплыву, гэта немагчыма. Але мы гатовыя зрабіць усё магчымае, што ў нашых сілах, для ўрэгулявання гэтай сітуацыі ва Украіне, калі нас пра гэта папросяць, і калі пра гэта дамовяцца адпаведныя канфліктуючыя бакі», — сказаў Макей у інтэрв’ю радыёкампаніі «Голас Амерыкі».

Ён нагадаў, што нядаўна ініцыятыву па міратворцах зноў агучыў Лукашэнка. «Прапанова аб размяшчэнні міратворцаў у Данбасе было прадыктавана менавіта гэтым імкненнем — зрабіць хоць нешта, што дапамагло б развесці канфліктуючыя бакі», — падкрэсліў кіраўнік МЗС.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што гэта не новая прапанова. «Упершыню яна была зроблена яшчэ ў кастрычніку 2014 года (Лукашэнка сказаў пра гэта ў інтэрв’ю «Евраньюс»). (...) Больш за тое, магу вам сказаць ужо не па сакрэце, у свой час Лукашэнка сустракаўся па гэтым пытанні з былым перамоўшчыкам ад Расіі Уладзіславам Сурковым, сустракаўся і з Леанідам Кучмам з Украіны. Абмяркоўвалі магчымы ўнёсак Беларусі ва ўрэгуляванне гэтага крызісу. Тады гучала гэта канкрэтная прапанова. Але, на жаль, на той час яна апынулася непрымальным ні для аднаго, ні для другога боку», — распавёў Макей.

Кіраўнік МЗС Беларусі падкрэсліў пры гэтым, што «калі проста гаварыць пра канфлікт і вінаваціць адзін аднаго ў тым, што іншы бок парушае адпаведныя Мінскія ці іншыя дамоўленасці, то нічога не адбудзецца».

«Трэба спрабаваць нешта зрабіць, трэба садзіцца за стол перамоваў і рухацца. Можа быць маленькімі крокамі. Хай гэта прагучыць — як выказваюцца бізнэсоўцы — дамовіцца, заключыць здзелку. Але трэба заключаць гэтую здзелку, інакш мы будзем проста глядзець як гінуць людзі, нічога не прыкладаючы у дадзенай сітуацыі. Гэта абсалютна непрымальна», — дадаў Макей.

Паводле яго слоў, першая рэакцыя з розных бакоў на зноў агучаную ініцыятыву Мінска па міратворцах у Данбасе «гаворыць пра тое, што наўрад ці гэта прапанова будзе прынята».

Паводле Interfax.by