Што вывела сотні тысяч беларусаў на плошчы?
Паводле афіцыйнай версіі, неаднаразова агучанай адзіным палітыкам (АП), — замежныя лялькаводы. Бо ўнутраных прычын для гэтага ў дзяржаве для народа няма і быць не можа. Прынамсі, асабіста ён іх не заўважыў.
Але калі прызнаць, што такое тлумачэнне ўтрымлівае хоць бы драбніцу ісціны, то ўсіх дзяржаўных прапагандыстаў неабходна тэрмінова звальняць за прафнепрыдатнасць.
Звернемся да бюлетэня «Рэспубліка Беларусь у люстэрку сацыялогіі» за 2018 год, падрыхтаванага спецыялістамі Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра (ІАЦ) пры АП. Салідны дакумент салідных людзей. У мяне няма падставаў яму не давяраць.
Цытую: «На сучасным этапе ў кожнага жыхара краіны ёсць магчымасць аператыўна атрымліваць звесткі пра сітуацыю ў краіне і за мяжой у зручнай для яго форме: на 1 лістапада 2018 года ў краіне дзейнічаюць 9 інфармацыйных агенцтваў, выдаюцца 746 газет і 860 часопісаў, транслююцца дзясяткі тэлеканалаў, ажыццяўляюць вяшчанне 176 радыёпраграм. Шырока прадстаўлены і вэб-сайты, якія публікуюць актуальныя навіны і забаўляльны кантэнт».
Колькасць газет уражвае. Але не будзем цешыць сябе. Не ўсё золата, што блішчыць, і не ўсё карыстаецца попытам, што надрукавана на газетнай паперы. У першай дзясятцы няма ні аднаго незалежнага выдання. А замыкае ТОП-10 газета «Звязда», чыя аўдыторыя (2%) не перавышае хібнасці вымярэння. Што ж тады казаць пра ўплывовасць выданняў, якія ў першую дзясятку не трапілі.
Ад друкаваных выданняў пяройдзем да тэлебачання, якое згодна з прызнаннем сацыёлагаў ІАЦ, «па-ранейшаму застаецца для беларускіх грамадзян галоўнай крыніцай інфармацыі пра падзеі ў рэспубліцы і свеце».
Аднак паводле папулярнасці і ўзроўню даверу, як і ў выпадку з газетамі, тэлеканалы «Белсат» і «Еўраньюс» вядучым дзяржаўным каналам — не супернікі.
Інтэрнэт, безумоўна, апісаную вышэй карціну «змазвае». Праз два-тры гады ён стане для большасці беларусаў галоўнай крыніцай інфармацыі пра падзеі ў краіне і свеце. Стане, але пакуль яшчэ не стаў.
Дык чаму ж лялькаводы з-за мяжы аказаліся настолькі эфектыўнымі пры рэалізацыі сваіх злачынных планаў? А дзе была пры гэтым ідэалагічная вертыкаль?
Выбары і сяржанты
Праўда, як любіць паўтараць палітолаг Станіслаў Бялкоўскі, — гэта версія, якая найбольш задавальняе. У вершнікаў — свая праўда, у пяхоты — свая.
Так, згодна з версіяй кіраўнікоў палатаў беларускага парламента Наталлі Качанавай і Уладзіміра Андрэйчанкі, якой яны падзяліліся са старшынямі парламентаў дзяржаў — чальцоў Еўрасаюза, выбары 9 жніўня прайшлі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законамі РБ.
Наконт колькасці грамадзян, якія рэальна падтрымалі дзеючы курс, у грамадстве ідуць гарачыя спрэчкі. Але, павінен прызнацца, яны мяне мала цікавяць. І тут спатрэбіцца тлумачэнне.
Галасы лічаць на выбарах. Аднак дзе тыя шчасліўчыкі, якія здолелі прыняць удзел у беларускіх выбарах пасля 1996 года? Выбары — гэта ў першую чаргу сумленны падлік галоў. Безумоўна, да такога падліку яны не зводзяцца, але калі сумленны падлік не забяспечаны, то пра якія выбары гаворка?
Каб выпадкова дарэмна не пакрыўдзіць людзей годных, з якіх і камплектуюцца ў Беларусі ўчастковыя выбарчыя камісіі (УВК), я — з дапамогай пісьменніка Габрыэля Маркеса — перанясуся ў Калумбію: «Выбары прайшлі спакойна. У нядзелю, у восем гадзін раніцы, на плошчы была ўстаноўлена драўляная скрыня пад аховай шасці салдат. Галасаванне было цалкам свабодным, у чым Аўрэліана мог пераканацца сам — амаль увесь дзень ён прастаяў побач з цесцем і сачыў, каб ніхто не прагаласаваў больш за адзін раз. У чатыры гадзіны дня барабанны дроб абвясціў пра канец галасавання, і дон Апалінар Маскотэ апячатаў скрыню ярлыком са сваім подпісам. Увечары, седзячы за партыяй у даміно з Аўрэліана, ён загадаў сяржанту сарваць ярлык і падлічыць галасы. Ружовых паперак было амаль столькі ж, колькі блакітных, але сяржант пакінуў толькі дзесяць ружовых і папоўніў нястачу блакітнымі. Потым скрыню апячаталі новым ярлыком, а на наступны дзень, ледзь развіднела, адвезлі ў галоўны горад правінцыі» («Сто гадоў адзіноты»).
Беларусь, наколькі мне вядома, знаходзіцца не ў Лацінскай Амерыцы, а ў геаграфічным цэнтры Еўропы. Ці азначае гэта, што мясцовыя сяржанты пазбаўленыя магчымасці ўплываць на падлік галасоў?
Каб знайсці правільны адказ, звернемся да статыстыкі фарміравання УВК. Паводле інфармацыі Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, да 24 чэрвеня было сфарміравана 5 723 участковых выбаркамаў, у склад якіх увайшлі 63 347 чалавек. З 539 прадстаўнікоў апазіцыйных партый у камісіі ўключылі ўсяго шэсць.
Далей працягваць?
Паміж Богам і Д’яблам
Праўда, як любіць паўтараць палітолаг Станіслаў Бялкоўскі, — гэта версія, якая найбольш задавальняе. Прыведзеная вышэй статыстыка фарміравання УВК многіх у Беларусі задавальняе, і найперш задавальняе яна службоўцаў, што чэрпаюць свае даходы з бюджэтнай кармушкі.
Пазнаць гэтых людзей нескладана. Гэта яны сёння гучней за ўсіх крычаць наконт неабходнасці захавання законаў і палохаюць абывацеляў каляровымі рэвалюцыямі і танкамі NАТO, што нібыта вось-вось гатовыя рушыць на Гродна.
Але не перавяліся яшчэ людзі, якія спрабуюць вярнуць праўдзе яе першапачатковую ўніверсальную прыроду. Прапаную прыслухацца да словаў архіепіскапа Гродзенскага Арцемія (Кішчанкі): «…нельга гуляцца з Праўдай, перакручваць яе на карысць палітычнай мэтазгоднасці. Таму што Праўда — гэта той каштоўнасны феномен і сэнсавая катэгорыя, за якой стаіць — БОГ! І калі Праўда бярэцца ў двукоссі і лёгкім рухам рукі ператвараецца ў хлусню, то зневажаецца Той, Хто — Бацька Праўды! І на арэну выходзіць іншы бацька. Бацька хлусні. Якога, як мы ведаем з Божага слова, завуць — Д’ябал. І яшчэ мы пра яго ведаем, што “Ён быў чалавеказабойцам ад пачатку” (Евангелле ад Іаана 8, 44)».
Рэакцыя з боку АП на такі погляд на праўду не прымусіла сябе доўга чакаць: «Мяне здзіўляе пазіцыя нашых канфесій. Дарагія мае святары, пасталейце ды займіцеся сваёй справай. У храмы людзі павінны прыходзіць маліцца! Цэрквы, касцёлы — не для палітыкі. Туды людзі душой павінны прыходзіць, як гэта было заўсёды».
АП перакананы, што святары пайшлі за адшчапенцамі. Галоўнаму спецыялісту па падзеле беларусаў на чыстых і нячыстых, зразумела, лепш бачна. Для тых жа, хто яшчэ не ведае, спатрэбіцца тлумачэнне: адшчапенцы, разам з пацукамі і уркамі — гэта новая генерацыя грамадзян рэспублікі-партызанкі, што на ўсю моц праявіла сябе падчас электаральнай кампаніі.
У іх шэрагі бліжэйшым часам залічаць і святароў, якія адмовіліся «пасталець». Царква ў Беларусі адасобленая ад дзяржавы, але яна не аддзеленая ад жыцця. У гэтым праблема.
А дустам не спрабавалі?
У змрочныя часы Сярэднявечча існавала павер’е, што пацукі нараджаюцца з бруднай бялізны. Не ведаючы нічога пра інфекцыйныя захворванні, нашы продкі, тым не менш, заўважылі, што ўслед за пацукамі ў горад прыходзіла чума. Таму пацукі лічыліся вешчунамі бяды і смерці, а прафесія пацукалова была распаўсюджанай і грамадска значнай, хоць і не паважанай гараджанамі.
Чаму Пацукалоў са старадаўняй казкі ходзіць з жалейкай? Не з пасткамі, не з атрутай, а з жалейкай? Пацукі пацукамі, але для пацукалова-музыкі важна было ўздзейнічаць не на пацукоў, а на абывацеляў — адцягваць іх ад паўсядзённых праблем.
Сучасным пацукаловам — з іх цяперашнім наборам музычна-інфармацыйных інструментаў — падпарадкоўваць сваёй волі даверлівых слухачоў, здавалася б, яшчэ прасцей. Абмяжуюся адным прыкладам: «У інтэрнэце хто сядзіць? 60% паказвалі сінякі. 60% пастановачныя кадры! 60%! Пройдзе час, мы спакойна вам пра гэта скажам і пакажам. Сёння не час пра гэта казаць, каб не бударажыць людзей».
У дзяржаве для народа, якая прэтэндуе на ролю донара еўрапейскай стабільнасці, людзей бударажыць, безумоўна, не варта. А пацукоў? Як нечакана высветлілася, многія з тых, каго добранадзейныя грамадзяне гадамі прымалі за людзей, насамрэч аказаліся... пацукамі. Гэта асабліва заўважна з ілюмінатара верталёта, калі глядзіш, як яны сабраліся мітынгаваць.
У гумавага дручка існуюць свае перавагі, але чаму б не паспрабаваць дустам? Прэпарат даўно апрабаваны. Сінякоў ён не пакідае.