Антысеміт і суагрэсар. Лукашэнку было няпроста разбурыць адносіны з гэтымі краінамі, але ён здолеў
Наймудрэйшы стратэг Аляксандр Рыгоравіч працягвае дабіваць знешнюю палітыку Беларусі, якой і так амаль не засталося пасля падзей 2020 года.
Сфальсіфікаваўшы выбары і здушыўшы неймаверным гвалтам масавыя пратэсты ў 2020-м, Лукашэнка стаў сапраўдным ізгоем у дэмакратычным свеце. Захад не прызнае яго за легітымнага кіраўніка дзяржавы, увёў супраць рэжыму санкцыі, а афіцыйныя адносіны падтрымлівае на найніжэйшым дыпламатычным узроўні.
Здавалася б, у такой сітуацыі трэба берагчы тое, што засталося. Усяляк клапаціцца аб добрых стасунках з менш пераборлівымі краінамі, падтрымліваць сувязі і хоць неяк развіваць. Але не ў выпадку з сучаснай Беларуссю, якая знаходзіць прыгоды на свой азадак нават на роўным месцы. І ўсё дзякуючы свайму нязменнаму «лідару», якому бывае дастаткова адкрыць рот, каб стварыць чарговы міжнародны скандал.
«Найгрубейшы антысеміцкі выпад, якіх у Еўропе не чулі з часоў Гітлера»
У 2020 годзе Ізраіль памяркоўна паставіўся да ўчыненага лукашэнкаўскім рэжымам беззаконня, аддаўшы перавагу захаванню адносін з афіцыйным Мінскам. Такі «рэал палітык» уласцівы гэтай дэмакратычнай краіне, вымушанай існаваць у атачэнні варожых суседзяў.
У 2021 годзе з гэтага атрымалася здабыць лакальную выгаду: з беларускай турмы выпусцілі ізраільскую адвакатку Маю Райтэн-Столь. Яе затрымалі ў мінскім аэрапорце з 2,5 грама медыцынскага канабісу. Гэта было цалкам палітычнае рашэнне, прынятае асабіста Лукашэнкам пасля тэлефоннай размовы з ізраільскім прэзідэнтам Іцхакам Герцагам. Калі б Іерусалім не папрасіў за сваю суайчынніцу, то яна б была асуджаная на буйны тэрмін паводле сумнавядомага «наркатычнага» артыкула КК. А тут выйшла на волю са штрафам 2,5 тысячы долараў.
Разам з тым увосень мінулага года СМІ паведамілі пра затрыманне на літоўска-беларускай мяжы 39-гадовага Аляксея Таргоўнікава — таксама грамадзяніна Ізраіля і таксама з лёгкім наркотыкам (0,49 г каноплі). Пра клопат ізраільскай дзяржавы пра яго медыя не паведамлялі.
Тым не менш адносіны паміж краінамі заставаліся больш-менш добрымі, тым больш Ізраіль не далучыўся да міжнародных санкцый супраць рэжыму і захаваў нават авіяцыйныя зносіны.
Пакуль не надышло 14 чэрвеня 2024 года.
У гэты дзень Лукашэнка вырашыў папіярыцца і сабраў на нараду сваіх чыноўнікаў. Тэмай была карупцыя, з якой дыктатар 30 гадоў усё змагаецца і змагаецца, а яна ўсё квітнее і квітнее.
Падчас нарады галоўны спікер традыцыйна разышоўся і сказаў тое, што думае. Гаворачы пра справу, па якой нібыта праходзяць дзясяткі абвінавачаных, — уключна з былым міністрам сельскай і харчавання Ігарам Брыло — ён абагульніў усіх фігурантаў па нацыянальным пытанні.
«Вось тры дзясяткі чалавек пералічаныя. Вы мяне прабачце, я не антысеміт, але больш за палову яўрэяў. Гэта што, у нас асаблівае, прывілеяванае становішча займаюць, што яны крадуць і не думаюць пра сваю будучыню? Усе аднолькавыя перад законам. І яўрэі, і беларусы, і ўкраінцы, рускія і палякі», — заявіў дакладчык.
Характэрна, што яго прэс-служба гэтую ксенафобію з тэкставай стэнаграмы выразала. Але яе паказалі на тэлеканале «Беларусь 1», так слова-не-верабей і атрымала розгалас.
Канешне, здарыўся скандал. Міністр замежный спраў Ізраіля Ісраэль Кацназваў выказванні прэзідэнта Лукашэнкі «непрымальнымі і абуральнымі», а таксама «яўна антысеміцкімі». Ён паведаміў, што амбасадару Беларусі ў Ізраілі Яўгену Вараб'ёву пададзеная нота пратэсту.
Выданне news.israelinfo.co.il напісала, што Лукашэнка дапусціў «найгрубейшы антысеміцкі выпад, якіх у Еўропе не чулі з часоў Гітлера».
Ізраіль, які зведаў Халакост, балюча ўспрымае зняважлівыя выказванні на нацыянальную тэму, і з боку любога нармальнага чалавека тут бы прагучалі элементарныя выбачэнні. Маўляў, не тое меў на ўвазе, эмоцыі захапілі, даруйце. Але ад Лукашэнкі ў Іерусаліме прабачэнняў не дачакаліся. Дый, хутчэй, і не чакалі. Бо ў антысемітызме ён быў заўважаны і раней, а цяпер і саромецца ўжо няма чаго. У блізкаўсходнім канфлікце афіцыйны Мінск займае выразную прапалесцінскую пазіцыю, на фоне якой антысеміцкія выказванні гучаць і ад прапагандыстаў.
Але ўвогуле гэта, вядома, неспадзяваны канфлікт. І вельмі непрыемны, бо адкрыта сварыцца з Ізраілем у Мінску ўсё ж не хацелі. З гэтай прычыны, як выглядае, МЗС Беларусі і не каментуе сітуацыю. Увогуле ведамства любіць паспаборнічаць у рыторыцы з заходнімі палітыкамі, абіраючы для гэтага хамскі стыль крамлёўскай спікеркі Марыі Захаравай. Але цяпер дыпламатыя маўчыць, нібыта вады ў рот набраўшы.
«Больш ні адзін афіцыйны прадстаўнік не паедзе ў Беларусь»
У выпадку з Арменіяй Лукашэнку падвяла прага грошай. У траўні, наведваючы з візітам Азербайджан, ён літаральна выпрошваў у прэзідэнта Ільхама Аліева сваю долю ў будаўнічых праектах на тэрыторыі Нагорнага Карабаху. А таксама — публічна абраў азербайджанскі бок у шматгадовым канфлікце паміж двума каўказскімі краінамі. Валюта, відаць, цяпер так патрэбная, што не да балансавання.
Паведамлялася, што Баку нібыта пагадзіўся даць зарабіць хаўрусніку, хаця як будзе на справе, пакуль невядома. І гэта стала вельмі вострым клінам у адносінах Мінска і Ерэвана.
Тут дадаўся і геапалітычны кантэкст.
Арменія даўно пераканалася, што сяброўства ў АДКБ — на паперы ваенным блоку, а па факце прафсаюзе постсавецкіх дыктатараў — сябе не апраўдала. Арганізацыя аніяк не дапамагла краіне абараніцца пасля азербайджанскага ўварвання ў Карабах, таму армянскі палітыкум узяў курс на выхад з АДКБ. Нядаўна прэм’ер-міністр Нікол Пашынян сказаў аб гэтым амаль прамым тэкстам.
Акрамя гэтага, выступаючы 13 чэрвеня перад парламентам, ён выдаў магутны спіч на адрас рэжыму афіцыйнага Мінска: «З гэтага часу больш ніколі не паеду ў Беларусь. Пакуль у Беларусі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. І наогул заяўляю, што з гэтага моманту ні адзін афіцыйны прадстаўнік Арменіі не паедзе ў Беларусь. Наогул».
Прычынай сталі чарговыя паведамленні, што Лукашэнка — зноў жа, каб зарабіць — прадаваў Баку зброю для падрыхтоўкі карабахскай аперацыі. Яны перапоўнілі цярпенне Арменіі, якая мела да лукашэнкаўская Беларусі і іншыя рахункі. Той жа мінскі дыктатар не аднойчы абрынаўся на Пашыняна з дзіўнай крытыкай, фактычна заклікаючы яго капітуляваць перад Азербайджанам.
Скончылася ўсё тым, што армянскі ўрад адклікаў свайго амбасадара з Мінска, а лукашэнкаўцы не прыдумалі нічога іншага, як зрабіць тое ж самае. Цяпер дыпламатычныя адносіны паміж дзяржавамі знаходзяцца на мінімальным узроўні, а палітычна Беларусь фактычна страціла яшчэ адну фармальна «дружалюбную» краіну.
Палякі не даруюць забойства жаўнера
Адна са знешнепалітычных фішак Лукашэнкі — казаць, што гэта замежныя палітыкі яго не любяць, а вось просты народ альбо паважае, альбо ўсёй праўды не ведае.
Дрэнная навіна для яго: у апошніх інцыдэнтах ён тым народам не пакінуў аніякіх ілюзій.
Кідацца антысеміцкімі выразамі — гэта вербальны стрэл не ў Нетаньяху, а ва ўсё насельніцтва яўрэйскай дзяржавы. На гэта аднолькава негатыўна рэагуюць і ў прэстыжных раёнах Іерусаліма і Тэль-Авіва, і ў маленькіх пасяленнях, дзе жывуць «простыя людзі».
Тое ж самае — карабахскае пытанне для армян. Калі ты адкрыта і цалкам упісваешся за азербайджанцаў, ніхто ў Арменіі рукі табе не падасць. Як і наадварот. Менавіта з гэтай прычыны палітыкі большасці краін тактоўна асцерагаюцца тут абіраць чыйсьці бок, каб не сварыцца з іншым. Лукашэнка да пэўнага часу так і рабіў, але тактоўнасць — гэта ўвогуле не пра яго.
Дарэчы, пра нейкі рэйтынг у вачах палякаў, здаецца, таксама варта забыцца. Лукашэнка і яго прапаганда да нядаўняга часу спрабавалі заігрываць з прарасійскай часткай насельніцтва суседняй краіны. Стваралі нават нейкія медыя на польскай мове, заводзілі польскамоўныя версіі дзяржаўных СМІ. Эфект і так быў невялікі, бо прарасійскія (і адпаведна пралукашэнкаўскія) партыі атрымліваюць на выбарах у Польшчы мізэрныя працэнты падтрымкі. Але цяпер цяжка сабе ўявіць і той мізэр.
Прычына — у забойстве польскага жаўнера на мяжы. Яго пырнуў нажом мігрант-нелегал з ліку тых, якіх апекуюць вайскоўцы і спецслужбы дыктатара, праводзячы гібрыдныя атакі на суседнія краіны ЕС. Калі ў кагосьці яшчэ было ружовае ўяўленне, што ў міграцыйным крызісе вінаваты нехта іншы, акрамя Лукашэнкі (і Крамля), то смерць 21-гадовага хлопца мусіла расплюшчыць вочы.
Чым далей дэградуе архаічная беларуская дыктатура, тым менш у яе лаялістаў. Як унутры краіны, так і за яе межамі.