9 тысяч расійскіх вайскоўцаў у Беларусі ў складзе «рэгіянальнай групоўкі»
У межах разгортвання сумеснай групоўкі войскаў у Беларусь прыедзе каля 9 тысяч вайскоўцаў, якія пачалі вайну супраць Украіны. Пра гэта паведаміў у Twitter начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва, памочнік міністра Валеры Равенка.
— Першыя эшалоны з расійскімі вайскоўцамі, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл), пачалі прыбываць у Беларусь. Перадыслакацыя зойме некалькі дзён. Агульная колькасць складзе крыху менш за 9 тысяч чалавек, — напісаў ён, паабяцаўшы даць падрабязную інфармацыю на брыфінгу для ваенных аташэ ў панядзелак, 17 кастрычніка.
У Мінабароны таксама паведамілі, што ў Беларусь пачала прыбываць авіяцыя з рэгіянальнай групоўкі войскаў.
Нагадаем, Лукашэнка 10 кастрычніка заявіў, што дамовіўся з Расіяй разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў. Паводле яго слоў, у Беларусь прыедзе «не адна тысяча» расійскіх вайскоўцаў, ён даручыў іх «прыняць і размясціць». Разгортванне групоўкі праводзіцца нібыта з-за пагрозы ўдару з боку Украіны. Аднак у Дзярждуме РФ заявілі, што разгортванне групоўкі — гэта для зняцця «занепакоенасці Аляксандра Рыгоравіча і нашых беларускіх братоў» і адказ на дзеянні Польшчы, якая ўмацавала вайсковую прысутнасць на мяжы з Беларуссю.
14 кастрычніка Лукашэнка не змог назваць дакладную колькасць расійскіх вайскоўцаў, якія прыедуць у Беларусь, але адзначыў, што «10-15 тысяч ад Расіі патрабаваць зараз не трэба».
Першыя эшалоны з расійскімі вайскоўцамі з рэгіянальнай групоўкі войскаў прыбылі ў краіну ўжо 15 кастрычніка.