У Беларусі адсвяткуюць 200-годдзе спеву «Ціхая ноч»
У камернай зале Вялікага тэатра оперы і балету ў Мінску 26 снежня адбудзецца ўрачысты калядны канцэрт з нагоды 200-годдзя спеву «Ціхая ноч». Арганізатары канцэрту — пасольства Аўстрыйскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Вялікі тэатр оперы і балету Беларусі.
Упершыню знакамітая песня «Ціхая ноч, святая ноч» прагучала ў аўстрыйскім гарадку Оберндорф у 1818 годзе. Адбылося гэта 24 снежня на Божае Нараджэнне.
Спеў уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Мінскі канцэрт з нагоды 200-годдзя песні «Ціхая ноч» пройдзе з удзелам салістаў Томаса Вайнхапеля (Аўстрыя) і Юліі Лебядзенка (Беларусь/Аўстрыя).
У 2017 годзе Томас Вайнхапель атрымаў званне «Лепшы оперны спявак года». Як у аперэтах, так і ў оперы ён адчувае сябе як рыба ў вадзе. У дзяцінстве Вайнхапель быў салістам Венскага хору хлопчыкаў, з якім гастраляваў па ўсім свеце.
Канцэрт у Мінску стане для Томаса Вайнхапеля дэбютным выступленнем у Беларусі.
Ураджэнка беларускай сталіцы Юлія Лебядзенка сёння жыве і працуе ў Вене. У свой час спявачка перамагала на шматлікіх міжнародных конкурсах.
У якасці салісткі Юлія Лебядзенка выступае з рознымі сімфанічнымі і камернымі аркестрамі.
Томаса Вайнхапеля і Юлію Лебядзенка яднае творчае сяброўства, разам яны прадставяць у Мінску аўстрыйска-беларускую калядную праграму, у якую ўвойдуць беларускія калядкі, а таксама творы Брамса, Штольца, Моцарта, Мора і іншых аўтараў.
Паводле прэс-рэлізу