Tuzin.fm і «Будзьма беларусамі!» прэзентуюць дэбютны альбом Паліны Рэспублікі

15 мая Паліна Рэспубліка з пашыраным складам свайго гурта прадставіць песні з альбому «Бясконцы красавік». Канцэрт пройдзе ў прасторы Studio 67 ў дзвюх аддзяленнях і будзе падсумаваннем першага этапа ў творчасці спявачкі.



palina_respublika_afisha1.jpg

Да гэтага альбома Паліна ішла сем год. Асновай праграмы сталі песні, якія яна напісала ў 15-16 год, працу на студыі спявачка пачала разам з музыкамі яшчэ калі ёй не споўнілася 18. І вось на ўласнае 21-годдзе яна заявіла, што альбом пад назвай «Бясконцы красавік» зроблены цалкам. «Для мянегэтыя песні звязаныя з бясконцай вясной і пяшчотай, бясконцай закаханасцю і захопленасцю, калі ты ўсё успрымаеш вельмі блізка, наіўна, тонка, уважліва, калі ўсё мае значэнне і ты перапоўнены жыццёвай энэргіяй. Менавіта гэтыя адчуванні я хацела захаваць у альбоме, з імі звязана назва і агульная канцэпцыя», – кажа Паліна.

Ужо прэзентаваны загалоўны сынгл – песня «Красавік», а рэліз дыску адбудзецца за некалькі дзён да жывой прэзэнтацыі. На вялікім канцэрце Паліны Рэспублікі 15 траўня песні з альбому прагучаць у выкананні пашыранага складу. Некаторыя ўжо вядомыя творы будуць зроблены ў іншых аранжыроўках. Музыкі называюць гэты канцэрт не больш не менш святам, на якім яны адзначаць вынік шматгадовай працы. Месцам для выступу абраная новая пляцоўка – крэатыўная прастора «Studio 67» з вялікай сцэнай і прасторнай заляй.  

Канцэрт пройдзе ў межах акцыі «Жывы Тузін», якую ладзіць партал Tuzin.fm разам з грамадскай кампаніяй «Будзьма беларусамі!».

Паліна Рэспубліка (сапраўднае імя Паліна Паланейчык) — спявачка з Мінску, вучыцца на режысера ў Акадэміі мастацтваў. Пераможца фестывалю «Бардаўская восень-2011». Прызнаная «Адкрыццём 2011 году» ў беларускай музыцы па версіі Tuzin.fm. Выступае ў суправаджэнні гурта. Паспяхова гастралюе па Беларусі, Украіне і Польшчы. Самыя вядомыя песні «Як ты»,«Красавік», «Сарафан», «Дарэчы», «Танга» ды іншыя.