Топ-10 фільмаў з удзелам першых уладальнікаў зорак на Галівудзкай Алеі Славы
Знакаміты тратуар у Галівудзе, дзе з 9 жніўня 1960 года зьяўляюцца зоркі выбітных дзеячаў культуры, зьяўляецца месцам, якое прыцягвае аматараў кіно. Будзеце ў Лос-Анджэлесе, не забудзьце прайсьціся па ім. З нагоды гадавіны заснаваньня, мы склалі сьпіс з лепшых фільмаў, у якіх прынялі ўдзел першыя ўладальнікі ганаровых зорак. Прыемнага прагляду!
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Некаторыя любяць пагарачэй (Some Like It Hot). 1959
Выдатная камедыя Білі Ўайлдэра праз дзесяцігоддзі пасьля выхаду на экраны не губляе свайго фантастычнага эфекту на новыя і новыя пакаленьні гледачоў. Бэнэфіс Мэрылін Манро, які падмацоўваецца моцным выкананьнем яе партнэраў – Тоні Кёрціса і Джэка Лемана.
Бясконцая гульня ў пераапрананьні. Мафія, шоу-кабарэ і шмат музыкі. Перамяшайце гэтыя інгрэдыенты, і атрымаецца вельмі гарачы кактэйль. Мэрылін Манро выглядае звышарганічна ў шыкоўным ансамблі.
Разам з тым па-за межамі здымачнай пляцоўкі ў акторкі віравала сапраўдная драма. Падчас здымкаў яна была цяжарнаю, але розныя фактары прывялі да таго, што Манро згубіла дзіця. Камедыя скончылася трагедыяй.
Мэрылін не была прыемным чалавекам. Засталося зусім мала сьведчаньняў яе калегаў ці знаёмых, дзе яе ўзгадвалі па-сапраўднаму цёплым словам. Вось і рэжысэр гэтага фільма, як і акторы ў галоўных ролях, былі надзвычай незадаволеныя яе падыходам да працы.
Зрэшты, фільмы з Мэрылін Манро глядзелі, глядзяць і будуць глядзець, не зважаючы на любую крытыку. І гэта правільна. І без гэтай акторкі не магла існаваць Галівудзкая Алея Зорак у дзень адкрыцьця.
Нумар 9. Рыф Ларга (Key Largo). 1948
Фільм зьняты легендарным Джонам Х'юстанам, зьяўляецца выдатным прыкладам, калі спалучыліся два выбітных майстра кіно: Джон як рэжысэр і яго зорка Хамфры Богарт у якасьці галоўнага героя. У гэтым трылеры актор выконвае ролю расчараванага ветэрана Другой сусьветнай вайны, які апынуўся ўцягнутым у небясьпечнае супрацьстаяньне з бандай сапраўдных мафіёзі.
Антаганіст фільма, якога шыкоўна сыграў Эдвард Г. Робінсан, забясьпечыў ідэальны канфлікт, які будзе суправаджаць напрацягу ўсёй карціны. Іх узаемадзеяньне ўвасабляе два розных сусьветы, адзін - карумпаванае і жорсткае мінулае, а другі — неспакойную, але па-сутнасьці прыстойную сучаснасьць.
Разам зь імі ў стужцы зьнялася і жонка Хамфры Богарта, Лорэн Бэкал, на руках якой ён і памёр у 1957 годзе. Менавіта спадарыня Бэкал атрымала зорку на Алеі Славы сярод першых у 1960 годзе.
Нумар 8. Вакно ўва двор (Rear Window). 1954
Калі так сталася, што вы яшчэ не пачыналі глядзець іншыя фільмы Альфрэда Хічкока, гэта — нашая галоўная рэкамендацыя. Найлепшы твор у жыцьці рэжысэра з бліскучымі Джэймсам Сьцюартам і Грэйс Келі ў галоўных ролях. Іх вы знойдзеце на той жа Алеі славы ў Галівудзе. Іх зоркі зьзяюць там з самага пачатку, з 1960 года.
Як вы думаеце, чым будзе займацца знакаміты фатограф, чыя паездка ў даль-далячынь накрылася праз нечакана зламаную нагу? Ён усё адно працягне назіраць за тым, што адбываецца вакол, у нашым выпадку, праз вакно — ў кватэрах дома насупраць. Заўважаючы рэчы вакол, ён часам прапускае пяшчоту пад носам, якую прапаноўвае гераіня Грэйс Келі.
Як вы думаеце, што можа адбыцца ў стужцы Альфрэда Хічкока? Забойства! Аднак сьведкаў няма, ёсьць толькі ўяўленьне галоўных герояў. Ці было яно ўвогуле перад іх носам, ці проста знаходжаньне ў чатырох сьценах непазьбежна будзе ўплываць на псіхіку?
Нумар 7. Ніначка (Ninotchka). 1939
Гэты фільм, зьняты знакамітым Эрнстам Любічам, не толькі робіць шыкоўную сатыру на сацыяльна-палітычную напружанасьць сваёй эпохі, але таксама дазваляе Грэце Гарба, вядомай сваімі задумлівымі і напружанымі ролямі, прадэманстраваць сваё камедыйнае майстэрства.
Рэклямная крылатая фраза "Гарба сьмяецца!" была не проста маркетынгавай хітрасьцю, але і сапраўдным запрашэньнем стаць сьведкам бліскучага выкананьня Грэты.
Вобраз Ніначкі, суровай савецкай пасланьніцы, якая паступова губляе камуністычнае загартаваньне пад шармам Парыжа і прыхільнасьцю мясцовага арыстакрата, стаў адкрыцьцём здольнасьцяў акторкі. Гарба паказвае ўвасабленьне савецкага прагматызму і паступова пераўтвараецца ў кабету, якая адыкрывае для сябе радасьць і каханьне.
Сцэнар шыкоўна адлюстроўвае ідэалягічныя разыходжаньні цывілізаванага сьвету і камуністычнай заразы. Нават непахісны адэпт чырвонага раю па-за межамі краіны-канцлягеру губляе тонкія арыентыры. Вось таму і сёньняшнія дыктатары ў Менску і Маскве ўсяляк спрабуюць абмежаваць выезд за межы тэрыторыі, якая часова імі кантралюецца.
А зорка на Алеі славы стала чарговым дадаткам да сусьветнага прызнаньня Грэты Гарба.
Нумар 6. Філядэльфія (Philadelphia). 1993
Джонатан Дэмэ зьняў складаную і балючую для шматлікіх драму пра СНІД. Дзеяньне адбываецца на змрочным фоне крызісу з распаўсюдам хваробы ў 1980-х і пачатку 90-х гадоў. Том Хэнкс грае пасьпяховага юрыста, якога несправядліва звальняюць з працы, калі працадаўцы даведваюцца пра яго дыягназ.
Хэнкс па-майстэрску ўвасабляе ўразьлівасьць героя, яго жах і непакору. Стужка – спроба надаць чалавечы воблік праблеме, якая дэманізавалася ў вачох грамадзкасьці.
Асобнымі вынікамі стужкі зьявіліся: першая ўзнагарода Оскар для Тома Хэнкса, а таксама ашаламляльна кранальная песьня Бруса Спрынгстына “Streets of Philadelphia”, якая на гады засела ў сьпісах найпрыгажэйшых песьняў.
Таксама ў стужцы зьнялася жонка Пола Ньюмана – Джоан Вудвард. Яна ў шматлікіх даведніках памылкова лічыцца самай першай акторкай, якая атрымала зорку на Галівудзкай алеі. У сапраўднасьці гэта былі шэраг актораў, якія адначасова, у адзін дзень 9 лютага 1960 года сталі адметнымі дзякуючы Алеі.
Нумар 5. Туз у рукаве (Ace in the Hole). 1951
Фільм-нуар ад Білі Ўайлдэра. Кірк Дуглас грае Чарльза Татума, дасьведчанага рэпарцёра з праблемамі алкаголю, якога звальнялі шмат разоў. Урэшце ён адпраўлены ў маленькі горад, каб асьвятляць спаборніцтвы з грымучымі зьмеямі, журналіст спыняецца ў доміку ў пустыні і даведваецца, што ўладальнік крамы апынуўся ў закінутай шахце пасьля абвалу.
Герой Дугласа забывае пра зьмеяў і прабіраецца ў тунэль, каб паразмаўляць з чалавекам, чые ногі заціснутыя. Калі Татум зноў выходзіць на паверхню, ён разумее сваю будучыню: рэпарцёр авалодаў гісторыяй, ён зможа раскручваць яе столькі, колькі зможа, і будзе рабіць гэта дзеля грошай, славы і працы ў буйной газэце. Галоўны герой у пэўны момант заяўляе:
«Я спраўляюся зь вялікімі і маленькімі навінамі. А калі навінаў няма, я пайду і ўкушу сабаку».
Кірк Дуглас стаў яшчэ адным у сьпісе першых уладальнікаў зоркі на Алеі Славы.
Нумар 4. Нюрнбэргскі працэс (Judgment at Nuremberg). 1961
Сапраўдны вырак для нацысцкіх злачынстваў з боку кінематографу. Стужка Стэнлі Крамэра літаральна ўбіла апошні цьвік у труну страшэнных забойцаў часоў Другой сусьветнай вайны. Неверагодна моцны акторскі склад, у якім зьзялі Спэнсэр Трэйсі, Максымільян Шэл, Марлен Дзітрых, Бэрт Ланкастэр, Мангомэры Кліфт і іншыя, стварыў фантастычную атмасфэру прысутнасьці на неабходным і гістарычным судовым працэсе. У тым самым Нюрнбэргу, дзе адбываліся зьезды НСДАП у час Гітлера, судзілі нямецкіх злачынцаў, якія былі адказныя за мільёны і мільёны жыцьцяў.
Стужка неверагодным чынам паказвае сапраўднае аблічча нацысцкіх дзеячаў. Але таксама і скрыўленую спробу адмаўчацца, схавацца за фіранкай «недасьведчанасьці», як зрабіла гераіня Марлен Дзітрых, нямецкая фраў, што даводзіла, што «простыя немцы нічога ня ведалі пра канцлягеры і забойствы габрэяў».
Фільм вас уразіць глыбінёй і праўдзівасьцю.
Бэрт Ланкастэр быў сярод першых уладальнікаў зоркі на Алеі.
Нумар 3. Доўгі дзень сыходзіць у ноч (Long Day's Journey Into Night). 1962
Ідэальны фільм для прагляду ўвечары. Дзеяньне адбываецца ў пачатку ХХ ст. і ахоплівае ўсяго толькі адзін дзень. Але які!
Амаль трохгадзінная драма Сідні Люмэта запросіць нас у падарожжа чалавечай псыхікі ў межах адной сям’і. Стужка пастаўленая па п’есе Юджына А’Ніла, за якую той атрымаў Пулітцэраўскую прэмію. Карціна зьяўляецца адлюстраваньнем схільнасьцей да самаразбурэньня чальцоў канкрэтнай сям'і.
Героі падыходзяць да бурлівага моманту, калі ранейшыя прэтэнзіі больш ня могуць стрымлівацца. Кожны зь іх мае асобную перадгісторыю. Гераіня Кэтрын Хёпбэрн залежная ад марфіну, яе муж, былы знакаміты актор, знаходзіцца ў жыцьцёвым крызысе, адзін іх сын пакутуе на алкагалізм, а іншы — таленавіты пісьменьнік, хворы на сухоты.
Уся горыч павінна праліцца ў гэты доўгі-доўгі дзень.
Кэтрын Хёпбэрн дэманструе жанчыну, якая вельмі ўразьліва ставіцца да ўсіх абставінаў, адначасова займаецца самападманам, а таксама зьяўляецца жорсткай у дачыненьні да іншых.
Талент вялікай акторкі, з Алеі Славы раскрываецца напоўніцу.
Нумар 2. Касабланка (Casablanca). 1942
Стужка Майкла Кёрціса – гэта адна з галоўных цаглінаў у гісторыі кіно. Такіх геніяльных і прыгожых фільмаў надзвычай мала, і вам проста абавязкова неабходна азнаёміцца з гэтым шэдэўрам кінематографу.
Дзеяньне адбываецца ў бурлівым мараканскім горадзе падчас Другой сусьветнай вайны, калі, здавалася б нэйтральная тэрыторыя становіцца арэнай схаваных інтрыгаў і падрыхтоўкі шпіёнскіх апэрацыяў.
Інгрыд Бэргман і Хамфры Богарт граюць былых каханкаў, што выпадкова становяцца ўцягнутыя ў вір нечаканых падзеяў.
У сёньняшнім сьвеце, дзе фільмы прыходзяць і сыходзяць праз некалькі месяцаў, «Касабланка» зьяўляецца яскравым сьведчаньнем залатога веку Галівуду. Менавіта такія стужкі нагадваюць нам пра магію, якую фільмы могуць стварыць.
У нашым сёньняшнім рэйтынгу фільм дзякуючы як Хамфры так і Інгрыд, якія ў 1960-м атрымалі свае зоркі.
Нумар 1. Хросны Бацька (The Godfather). 1972
Найлепшы фільм у гісторыі па вэрсіі аўтара кінападборак на «Новым Часе», а таксама на думку тысячаў і тысячаў іншых закаханых у кіно. Фрэнсіс Форд Копала мог сапраўды сканчваць кар’еру ўжо пасьля гэтай стужкі — і застацца ў пантэоне самых выбітных рэжысэраў.
Гісторыя сям’і Карлеонэ — Віта, які са спужанага сіцылійскага хлопчыка, у якога былі забітыя бацькі, стаў главой самай значнай мафіёзнай сям’і Амэрыкі, а таксама яго дзяцей, перадусім — Майкла Карлеонэ.
У фільме па-майстэрску адлюстраваны бязьлітасны, але пераканаўчы сьвет арганізаванай злачыннасьці. Сцэнар, напісаны сумесна Копалам і аўтарам рамана Марыё П'юза, зьяўляецца сапраўдным творам мастацтва, у якім лёгка спалучаюцца тэмы сям'і, вернасьці, улады і здрады.
Кожны герой стужкі валодае незабыўнай індывідуальнасьцю. Нават гангстэр, што зьявіцца на некалькі сцэнаў, будзе мець сваю адметнасьць. Акторскі склад, быць можа, стаўся самым моцным ансамблем у гісторыі кіно. Марлон Брандо, Аль Пачына, Джэймс Каан, Робэрт Дзювал, Даян Кітан, Джон Казале – кожнае з гэтых імёнаў выклікае піетэт.
Культавы пачатак фільма, у якім Віта Карлеонэ ў выкананьні Марлона Брандо сядзіць у сваім фатэлі ў цёмным пакоі, трымае на каленях котку і выслухоўвае просьбы гасьцей вясельля сваёй дачкі – адзін з прыкладаў вытанчанай аператарскай працы, што будзе суправаджаць гледачоў на працягу ўсёй карціны.
Адна з самых пазнавальных музычных працаў у кіно — гэта саўндтрэк, які напісаў Ніна Рота. Пачуеце раз — і будзеце прайграваць у памяці ўсё жыцьцё.
Марлон Брандо стаў шчасьлівым уладальнікам зоркі на Галівудзкай алеі сярод першых, у 1960 годзе.
Прыемнага прагляду!