Навукоўцы даказалі: сучасная беларуская мова — не «наватвор»

У Мінску 26 кастрычніка быў прадстаўлены апошні 37-ы том «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы». Серыю пачалі выпускаць яшчэ ў 1982 годзе.

de725246_cc7b_41ff_95bf_3c4f1f70076a_w1023_r1_s.jpg


Кнігі ўкладалі навукоўцы Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа, які ўваходзіць у склад Цэнтру даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук. З нагоды выдання дырэктар інстытуту Ігар Капылоў расказаў БелаПАН пра ўнікальнасць слоўніка, што «адлюстроўвае гісторыю беларусаў на працягу 500 гадоў».
Капылоў заявіў, што слоўнік — чарговае пацвярджэнне таго, што ў беларусаў ёсць «старажытная гісторыя, багатая культура і старажытная адметная высокаразвітая еўрапейская мова».
«На працягу многіх дзесяцігоддзяў неаднаразова дыскутавалася пытанне адносна пераемнасці паміж старабеларускай і сучаснай беларускай літаратурнай мовамі, — распавядае Капылоў. — Пытанне вельмі складанае і да канца ня вырашанае, бо існуе думка, што сучасная беларуская літаратурная мова заснаваная цалкам на базе народных гаворак, дыялектаў, а старабеларуская — гэта зусім іншая мова. Але слоўнік даказвае, што пераемнасць існуе. Яна адназначна была, прынамсі ў вуснай форме. Іначай бы сёння мы ня мелі мовы, якая на працягу больш чым 300 гадоў фактычна не ўжывалася ў афіцыйнай пісьмовай форме».
І нават у літаратурнай пісьмовай мове пераемнасць ёсць. Напрыклад, слова „мыта“ і „мытнік“ з'явілася [у сучаснай беларускай мове] адносна нядаўна, але яно шырока ўжывалася ў старабеларускі перыяд у помніках XIV–XVII стагоддзяў. Калі ўважліва пагартаць слоўнік, то многія іншыя словы мы можам сёння ўзяць ва ўжытак, паступова яны пранікнуць і ў хуткім часе стануць літаратурнай нормай. Гэты працэс завецца дэархаізацыяй лексікі».
Набыць усе кнігі сэрыі адначасова сёння складана, але навукоўцы абяцаюць зрабіць лічбавую вэрсію слоўніка. 
svaboda.org