Гуру крэатыўнага бізнесу прадставіў сваю кнігу па-беларуску ў Мінску
Адзін з вядучых сусветных экспертаў у вобласці развіцця культурных і крэатыўных індустрый Дэвід Пэрыш прэзентаваў 10 лютага кнігу «Цішоткі і пінжакі: Дапаможнік па творчым бізнесе».
Беларуская версія бестсэлера выйшла ў выдавецтве «Логвінаў» пры падтрымцы праграмы ЕС і Усходняга Партнёрства «Культура і Крэатыўнасць». Беларусь стала 9-й краінай, у якой гэта кніга была перакладзена.
— Гэта кніга пра бізнес для тых, хто звычайна не чытае такія кнігі, — кажа Дэвід Пэрыш. — Для крэатыўных людзей, якія не чытаюць пра бізнес, бо думаюць, што гэта не крута. Яе задача — дапамагчы ім зразумець, што пра бізнес ім трэба ведаць.
Акрамя гэтай кнігі, Дэвід напісаў вялікую колькасць артыкулаў, якія даступны на яго сайце. Калі ён прыязджаў у Беларусь паўгода таму, знайшоўся добраахвотнік, які захацеў перакласці адзін з артыкулаў на беларускую мову. Зараз гэты артыкул Дэвіда Пэрыша ў перакладзе Мікіты Мільчанкі можна запампаваць і прачытаць тут.
Дэвід Пэрыш распавёў, што ён пачынаў з маленькай кнігарні. Тады ён нічога не ведаў пра бізнес.
— Я не спаў начамі. Здавалася, што я зрабіў усе памылкі, якія толькі магчыма здзейсніць у бізнесе!
Таму Дэвід вырашыў атрымаць бізнес-адукацыю.
— Я пачуваўся шпіёнам ад творчай індустрыі ў гэтым бізнес-асяродку.
Дэвід Пэрыш зараз выкладае ў 50 краінах свету і разам з гэтым вывучае мясцовыя асаблівасці і досвед. Калі ў Калумбіі яму сказалі, што ў іх свае спецыфічныя праблемы з маркетынгам і фінансамі, ён адказаў: «Вы не паверыце, але так мне кажуць у кожнай краіне!». Але ўсё ж узнікае пытанне, ці магчыма выкарыстаць досвед, апісаны ў кнізе, у іншых краінах, акрамя Брытаніі?
— Вядома, усе краіны розныя, але ёсць і штосьці агульнае. Таму трэба сканцэнтравацца на сваіх магчымасцях. Мая задача не распавесці, што менавіта вам трэба рабіць, а паказаць ваш уласны шлях. Вам прыйдзецца адаптоўваць прыклады той жа Ямайкі на рэаліі Беларусі.
Гуру крэатыўнага бізнесу лічыць, што ў Беларусі вялікі патэнцыял на рынку творчай індустрыі. Але паколькі краіна трансфармавалася з савецкай, ёсць яшчэ людзі, якія лічаць, што трэба знайсці адну стабільную працу на ўсё жыццё. Але гэта не так, і маладыя больш адкрыты зменам.