Фестываль «Паўночнае ззянне» стварыў асобную праграму ў знак салідарнасці з Украінай

У спецыяльную праграму «UKRAINE MON AMOUR» увайшлі тры ўкраінскія фільмы.

Ілюстрацыя: northernlightsff.com

Ілюстрацыя: northernlightsff.com


Кінафестываль «Паўночнае ззянне» прэзентаваў спецыяльную праграму «UKRAINE MON AMOUR», створаную ў знак салідарнасці з Украінай. У яе ўвайшлі тры ўкраінскія фільмы, зробленыя пры ўдзеле скандынаўскіх і балтыйскіх краін. Гэта дакументальныя фільмы, кожны з якіх нясе ўнікальны погляд на ваенныя падзеі ва Украіне і адчуванне дому на іх фоне, што пераклікаецца са слоганам «Ззяння-2022»: «Feels like home». Праграма прысвячаецца смелай барацьбе Украіны за свабоду i супраць расійскай агрэсіі, а таксама з’яўляецца шчырым жэстам падтрымкі «Паўночным ззяннем» украінскіх калег і каляжанак, сяброў і сябровак у кіно.
У праграме ўдзельнічаюць:
«Гэты дождж ніколі не скончыцца», 2020 (Украіна, Латвія, Германія, Катар) — чорна-белы фільм украінскай рэжысёркі Аліны Горлавай. Ён расказвае прыватную гісторыю адной сям'і на фоне глабальнага бесперапыннага цыкла вайны і міру. Аліна Горлава здымала гэты фільм 4 гады, і ў працэсе стварэння стужкі ёй давялося здымаць больш за 30 гадзін перавозку памерлага бацькі галоўнага героя ў Сірыю. Больш інфармацыі пра фільм можна знайсці на гэтай старонцы.
«Звонку», 2022 (Украіна, Данія, Нідэрланды) — дакументальны дэбют украінскай рэжысёркі Вольгі Журбы. У аб'ектыве — кінутыя дзеці і абыякавае грамадства. Фільм расказвае гісторыю пра бязроднага маладога чалавека, якога кінулі бацькі, а потым і сістэма, пра пошук свайго месца ў свеце і свайго дома. Здымкі цягнуліся 7 гадоў, у працэсе стварэння былі задзейнічаны тэлефонныя размовы паміж хлопчыкам і рэжысёркай і відэазапісы з камер назірання. Падрабязней даведацца пра стужку можна тут.
«Дом з аскепкаў», 2022 (Данія, Швецыя, Фінляндыя, Украіна) — дакументальны фільм дацкага рэжысёра Сымона Лерэнга Вільмонта пра прытулак для дзяцей з небяспечных сем'яў у Лісічанску. Рэжысёр прапаноўвае ўнікальны погляд на тое, як доўгатэрміновыя наступствы вайны адбіваюцца на грамадстве, асабліва на самых уразлівых яго частках — на дзецях. Гэта кранальнае антываеннае выказванне пра тое, як сацыяльная несправядлівасць фарміруе вывучаную бездапаможнасць з самага ранняга ўзросту. Даведацца больш пра фільм можна тут.
Уся праграма «Ukraine mon amour» будзе даступная бясплатна анлайн па папярэдняй рэгістрацыі, якая пачне працаваць у пачатку лістапада. Глядзець фільмы «Ззяння» можна будзе з 20 па 30 лістапада, яны будуць даступныя 24 гадзіны згодна з раскладам, які зусім хутка будзе даступны на афіцыйным сайце «Паўночнага ззяння». Ужо цяпер вы можаце падтрымаць фестываль данатам.
Паводле прэс-рэліза.